У Акцябрскім раёне пахавалі 32-гадовую Вольгу, якая ўчыніла самагубства. У яе засталіся трое хлопчыкаў — трох, сямі і васьмі гадоў. Сваякі нябожчыцы кажуць: на такі крок жанчына пайшла таму, што чыноўнікі пагражалі забраць дзяцей у прытулак.
Рытуальнай службе за пахаваньне Вольгі пакуль не заплацілі. Сродкі павінна была даць мясцовая гаспадарка, дзе працавала жанчына. «У канторы сказалі — няма грошай», — паведамілі Свабодзе сваякі нябожчыцы.
Вольга наклала на сябе рукі 5 лютага. «Яе дапяклі з аддзелу адукацыі, увесь час чапляліся. То ў хаце непарадак, то на працу патрабавалі ўладкавацца. Пагражалі дзяцей забраць у прытулак. Вось яна ўзяла сабе ў галаву...» — казаў Свабодзе Ігар, муж нябожчыцы.
Сям’я жыла ў вёсцы Буда Акцябрскага раёну. Старэйшыя дзеці хадзілі ў школу ў суседнюю вёску Красная Слабада. Меншы, трохгадовы, быў дома з маці. Сям’я стаяла на ўліку тых, што знаходзяцца ў «сацыяльна-небясьпечным становішчы». У Краснаслабодзкім сельскім савеце Свабодзе сказалі, што алькаголем Вольга не злоўжывала, а на ўлік трапіла з прычыны «антысанітарыі».
З рытуальнай службай не разьлічыліся — гаспадарка не дала грошай
Грошы на пахаваньне пэнсіянэраў атрымліваюць у сацыяльнай службе. Калі памірае працаздольны чалавек — сродкі дае прадпрыемства ці арганізацыя, дзе ён працаваў.
«У канторы ААТ „Краснаслабодзкае“ сказалі, што грошай няма. Заяву напісаць на выдзяленьне грошай таксама не далі — ня ведаюць, як яе пісаць, па якой форме. Мы яшчэ з рытуальнай канторай не разьлічыліся, пахавалі напавер», — зазначаюць сваякі.
Кіраўніцтва гаспадаркі ААТ «Краснослободское» адмовілася камэнтаваць сытуацыю. Разам з тым сястры нябожчыцы Аксане тэлефанаваў старшыня раённага аб’яднаньня прафсаюзаў Сяргей Зарычны. Ён папікаў жанчыну за тое, што зьвярнулася па дапамогу да мясцовага блогера Андрэя Павука, бо праз гэта будзе «кляймо на раён».
Раней хацелі забраць дзяцей, бо печка аварыйная
Сястра нябожчыцы Аксана сказала Свабодзе, што Вольгу часта наведвалі сацыяльныя службы, аддзел адукацыі, супрацоўнікі МНС і камісіі па справах непаўналетніх.
«Езьдзілі і езьдзілі. Хоць алькаголю яна не ўжывала, але ўвесь час чапляліся. У верасьні прыехалі на мікрааўтобусе, каб забраць дзяцей у прытулак. Праз тое, што шчыліна ў печцы была замазаная глінай! Пажарнікі сказалі — аварыйная печка. Тыя ўжо прыехалі дзяцей забіраць — я ледзь адбіла іх. Вольга была ціхая, вельмі ўражлівая і крыўдлівая. Яе вымушалі ісьці на працу. А яна не магла працаваць даяркай — не давала рады! Ну такі чалавек была, са сваімі абмежаваньнямі. І дзяцей яна не магла адных кідаць. Я прасіла, хадзіла — вазьміце яе вартаўніком — ня бралі, бо ім трэба даяркі», — кажа Аксана.
Паводле яе, у панядзелак 4 лютага сацыяльныя службы ці органы апекі зноў меліся прыехаць да Вольгі — праверыць, ці ўладкавалася яна на працу. Але не прыехалі. У аўторак жанчына пайшла на фэрму, няўдала прымацавала даільны апарат, і на яе праз гэта насварылася брыгадзірка.
«Сказала — ідзі адсюль. Вольга ўспрыняла гэта літаральна, што яе выганяюць з працы. Так усё склалася адно да аднаго, так яна моцна пераймалася, баялася, што забяруць дзяцей...» — кажа сястра.
«Мяне тыя органы апекі да псыхозу даводзілі»
Знаёмая сям’і Алеся дадала, што Вольга вельмі любіла дзяцей, заўсёды была зь імі. «Яна не піла, клапацілася пра дзяцей як магла. Цяпер меншы, Дзімка, яму тры гады, начамі ня сьпіць, плача, усё пытаецца: „Дзе мама?“», — кажа жанчына.
Алеся прызналася, што празь ціск органаў апекі гадоў пяць таму «сама ледзь не дайшла да псыхозу».
«Былы муж пісаў на мяне скаргі, помсьціў так. А яны хадзілі з праверкамі, мяне выклікалі на камісіі. Прыйдзеш — там сядзіць шэсьць чалавек, і давай ім справаздачу, нібыта ты нейкая алькагалічка! Проста даводзілі мяне. Ледзь адчапіліся», — дадала Алеся.
Цяпер муж Вольгі зь дзецьмі перабраліся жыць у іншую вёску. Бабуля асірацелых Ягора, Мішы і Дзімы зьбіраецца аформіць апеку над імі.