Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У СК патрабавалі паказаньняў супраць Золатавай». На працэсе ў «справе БелТА» дапытваюць рэдактараў Tut.by


Галіна Ўласік падчас суду над Марынай Золатавай, 12 лютага 2019 году
Галіна Ўласік падчас суду над Марынай Золатавай, 12 лютага 2019 году

Падначаленыя галоўнай рэдактаркі парталу прызнаюць, што карысталіся чужымі паролямі да платнай стужкі агенцтва БелТА.

У пятніцу 15 лютага на працэсе супраць Марыны Золатавай дапытваюць рэдактараў парталу Tut.by, падначаленых галоўнай рэдактарцы.

Першымі дапыталі Ганну Рудэнку і Галіну Ўласік. Абедзьве рэдактаркі прызналі, што карысталіся чужымі паролямі доступу да стужкі БелТА, аднак рабілі гэта з уласнай ініцыятывы, а не па ўказаньні галоўнага рэдактара парталу Марыны Золатавай.

«Я не магу дакладна сказаць, калі і ад каго я даведалася пароль да стужкі БелТА, — паведаміла Ганна Рудэнка суду. — Гэта быў 2016 год, логін газэты „Рэспубліка“. Памятаю, што мы абмяркоўвалі доступ да БелТА па чужых паролях з рэдактарам Ганнай Калтыгінай. Калі пра гэта даведалася Марына Золатава, яна была зьдзіўленая і абураная».

Па словах Ганны Рудэнка, яна ніколі не выкарыстоўвала інфармацыю менавіта платнай вэрсіі БелТА. Карысталася доступам да стужкі таму, што гэта было зручней. Адказваючы на пытаньне суду пра тое, чаму яна гэта рабіла, Рудэнка патлумачыла выкарыстаньне чужога пароля да БелТА ўласным глупствам.

«Чалавечае глупства, — паведаміла рэдактарка парталу Tut.by. — Гэта маё асабістае глупства. Я аб ім вельмі шкадую. Падпала пад крымінальны перасьлед праз гэта, выплаціла кампэнсацыю. Але гэта маё асабістае глупства. Марына Золатава да яго дачыненьня ня мае».

Рэдактарка Галіна Ўласік таксама прызнала, што карысталася чужым паролем для доступу да стужкі навінаў агенцтва БелТА.

«Я ня памятаю, пры якіх абставінах мне стаў вядомы пароль, — заявіла Галіна Ўласік. — Логін быў ад газэты „Рэспубліка“, але я ня памятаю, калі яго атрымала. Мне было зручна карыстацца платнай стужкай, таму што там усё структуравана. Бяз шлаку ў выглядзе навінаў шоу-бізнэсу. Тое, што ў платнай стужцы навінаў БелТА інфармацыя зьяўлялася раней, чым у агульным доступе, не было вырашальным фактарам».

Як і Рудэнка, Уласік адмаўляе, што карысталася чужымі паролямі доступу да стужкі БелТА зь ведама Золатавай. Рэдактарка Tut.by таксама расказала, што падчас папярэдняга сьледзтва сьледчыя былі зацікаўленыя ў атрыманьні паказаньняў супраць Марыны Золатавай, пра што адкрыта паведамлялі Ўласік падчас допыту.

«Да мяне прыехалі рана 7 жніўня, правялі ператрус, затым адвезьлі на допыт у Сьледчы камітэт у якасьці сьведкі, — расказала Галіна Ўласік. — Падчас допыту ў СК мне сказалі, што я павінна паведаміць, што я заходзіла на платную стужку агенцтва БелТА па ўказаньні Марыны Золатавай. Калі я адмовілася гэта рабіць, мне заявілі, што я ўжо ня сьведка, а абвінавачаная. Пасьля гэтага мяне адвезьлі ў ізалятар, там я прабыла да 9 жніўня».

Допыт сьведак зь ліку супрацоўнікаў і рэдактараў парталу Tut.by працягваецца.

Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць

  • Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
  • Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
  • 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
  • Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
  • «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
  • Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
  • Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG