Генэральная дырэктарка БелТА расказала, як даведалася пра несанкцыянаваны доступ і чаму зьвярнулася ў міліцыю.
12 лютага ў судзе па справе Марыны Золатавай працягваецца допыт сьведкаў, выступаюць супрацоўнікі інфармацыйнага агенцтва БелТА. Трэцяй па ліку апыталі генэральную дырэктарку агенцтва Ірыну Акуловіч. Яна расказала, як у БелТА даведаліся пра несанкцыянаваны доступ і чаму зьвярнуліся ў праваахоўныя органы.
«Мы даведаліся, што ў „Рэспублікі“ адбываюцца збоі з доступам да нашай стужкі (платны сэрвіс інфармагенцтва, дзе ў першую чаргу зьяўляюцца інфармацыйныя паведамленьні. — РС), — расказала Ірына Акуловіч. — Мы ўбачылі, што доступ ажыцьцяўляецца з адраса, прывязанага да тэлефона апэратара МТС. Зьвязаліся з калегамі з „Рэспублікі“, там паведамілі, што ў іх няма такіх нумароў. Далей праводзіць расьсьледаваньне самі мы не маглі, таму зьвярнуліся ў праваахоўныя органы».
Таксама Ірына Акуловіч сказала ў судзе, што, на яе думку, шкода, нанесеная несанкцыянаваным доступам да платнай падпіскі, — гэта перш за ўсё недаатрыманыя плацяжы. Акрамя гэтага, карыстаньне чужымі паролямі, паводле спадарыні Акуловіч, «падрывае аўтарытэт і дзелавую рэпутацыю найбуйнейшага інфармацыйнага агенцтва Рэспублікі Беларусь».
Ірына Акуловіч на судзе паведаміла, што атрыманая супрацоўнікамі парталу TUT.BY інфармацыя БелТА выкарыстоўвалася ў карысьлівых мэтах. Яна таксама прызнала, што нанесеная агенцтву шкода кампэнсаваная ў поўным аб’ёме. І падтрымала сваё патрабаваньне прыцягнуць абвінавачаную да адказнасьці.
Гендырэктарка БелТА прызнала, што да нядаўняга часу дамова аб карыстаньні платнай падпіскай агенцтва не прадугледжвала абмежаваньняў на перадачу логінаў і пароляў трэцім асобам. Зьмены ў дамову былі ўнесеныя ў другой палове 2018 году. На дадзены момант, па словах Ірыны Акуловіч, падпісчык, каб мець доступ да платнай інфармацыйнай стужкі, атрымлівае абмежаваную колькасьць пэрсанальных пароляў.
«Былі выпадкі, калі партал TUT.BY разьмяшчаў інфармацыю БелТА тады, калі яе яшчэ не было на сайце БелТА, — сказала Ірына Акуловіч (у матэрыялах справы зафіксаваныя два такія выпадкі. — РС). Лічу, што гэткім чынам агенцтву была нанесеная шкода».
Абвінавачаная Марына Золатава запытала ў Ірыны Акуловіч, ці не парушае дзейнасьць БелТА па арганізацыі платнай падпіскі 34 артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (гэты артыкул гарантуе своечасовы доступ да інфармацыі пра дзейнасьць дзяржаўных органаў. — РС). Судзьдзя зьняў пытаньне.
«TUT.BY, канечне, не хацелася падпісвацца на наша агенцтва, — сказала Ірына Акуловіч. — Але яго супрацоўнікі хацелі атрымліваць інфармацыю першымі. Яны не хацелі, каб такая інфармацыя першай зьяўлялася на іншых сайтах, у тым ліку сайтах дзяржаўных тэлеканалаў».
Скончыўшы даваць паказаньні, Ірына Акуловіч папрасіла суд вызваліць яе ад далейшага ўдзелу ў паседжаньні і сышла.
Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць
- Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
- Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
- 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
- Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
- «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
- Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
- Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
- Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.