Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар «Беларусь сегодня» на судзе Золатавай расказаў, што пароль да БелТА выдаваўся адзін на ўсю рэдакцыю


Марына Золатава на судзе, 12 лютага 2019 году
Марына Золатава на судзе, 12 лютага 2019 году

З траўня 2003-га па люты 2016 году Дзьмітры Жук узначальваў інфармацыйнае агенцтва БелТА.

Дзьмітры Жук выступіў на працэсе 13 лютага першым, з траўня 2003 па люты 2016 году Жук узначальваў інфармацыйнае агенцтва БелТА. Ён расказаў, у чым заключаліся перавагі платнай падпіскі на інфармацыйную стужку БелТА, а таксама паведаміў, што падначаленыя яму супрацоўнікі выданьняў «Рэспубліка» (уваходзіць у холдынг былой «Советской Белоруссии») і «Беларусь сегодня» мелі праблемы з доступам да платных сэрвісаў БелТА.

«Перабоі з доступам адбіваюцца на працы ўсёй рэдакцыі, — расказаў Дзьмітры Жук. — Нашы супрацоўнікі сутыкнуліся з гэтым. Не маглі зайсьці са сваім лагінам і паролем, чалавека выкідвала з сыстэмы. Мы зьвярнуліся ў БелТА з просьбай патлумачыць, што адбываецца».

Таксама Дзьмітры Жук расказаў, што яго падначаленыя не маглі перадаць свае паролі доступу да платных сэрвісаў БелТА іншым людзям, бо ў іхных кантрактах ёсьць пункт аб невыдаваньні службовай інфармацыі.

Па словах галоўнага рэдактара «Беларусь сегодня» і былога кіраўніка агенцтва БелТА, прадстаўнікі парталу TUT.BY ніколі не зьвярталіся ў БелТА, каб аформіць платную падпіску на прадукты агенцтва. Дзьмітры Жук таксама расказаў, што, быўшы кіраўніком агенцтва, атрымліваў звароты падпісчыкаў, дзе гаварылася аб праблемах з доступам да падпіскі.

«Гэтыя звароты былі хутчэй зьвязаныя з тэхнічнымі пытаньнямі, — расказаў Жук. — А ня з тым, што хтосьці заходзіў на сэрвіс з дапамогай чужога пароля».

Дзьмітры Жук пацьвердзіў, што ў дамове аб аказаньні платных паслуг агенцтвам БелТА, у тым ліку афармленьні платнай падпіскі на стужку інфармацыйных матэрыялаў, не было пункту аб забароне перадачы лагінаў і пароляў трэцім асобам. Паводле былога кіраўніка БелТА, на кожную юрыдычную асобу выдаваўся адзін лагін і адзін пароль. Імі маглі карыстацца ўсе супрацоўнікі выданьняў і СМІ, якія афармлялі платную падпіску на матэрыялы БелТА.

Адказваючы на пытаньні Марыны Золатавай, Дзьмітры Жук паведаміў, што праблемы з доступам да стужкі БелТА ў журналістаў «Рэспублікі» і «Беларусь сегодня» пачаліся толькі ў красавіку 2018 году. Жук сьцьвярджае, што дзеяньні падначаленых Марыны Золатавай перашкаджалі працаваць журналістам «Беларусь сегодня» і «Рэспублікі». Яны не маглі своечасова заходзіць на стужку БелТА і атрымліваць там інфармацыю, таму што ў гэты час іхныя паролі і лагіны выкарыстоўвалі журналісты парталу TUT.BY.

Таксама падчас допыту Дзьмітры Жук расказаў, як «справа БелТА» прычыніла шкоду «Беларусь сегодня».

«Па-першае, наш сайт стаў спазьняцца (праз праблемы з доступам да стужкі БелТА. — РС), — сказаў галоўны рэдактар СБ. — Па-другое, адбыліся іміджавыя страты. Пачаўся ціск на нашых журналістаў, напрыклад у сацыяльных сетках. Гэта, на жаль, мела месца».

Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць

  • Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
  • Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
  • 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
  • Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
  • «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
  • Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
  • Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG