Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўніца БелТА: Паролі да платнага доступу выдаваліся і без дамовы, на просьбу кіраўніцтва


Марына Золатава на судзе, 12 лютага 2019 году
Марына Золатава на судзе, 12 лютага 2019 году

У судзе ў справе Марыны Золатавай дапыталі Алену Кузьняцову, кіраўніцу сэктара адміністраваньня сетак агенцтва БелТА.

На другі дзень працэсу ў справе Марыны Золатавай працягваецца допыт сьведак — супрацоўнікаў агенцтва БелТА і выданьня «Беларусь сегодня».

Каля 12-й гадзіны адбыўся допыт Алены Кузьняцовай, якая кіруе сэктарам адміністраваньня сетак інфармацыйнага агенцтва. Кузьняцова расказала суду, што ў яе абавязкі ўваходзіць стварэньне пароляў і лагінаў да стужкі платнай падпіскі.

За гады працы ў агенцтве яна некалькі разоў мяняла пасады, аднак працягвала займацца стварэньнем пароляў на працягу апошніх пяці гадоў. Кузьняцова паведаміла, што агенцтва не правярала, якім чынам выкарыстоўваюцца выдадзеныя ім паролі.

«Мы прывыклі давяраць сваім кліентам, — заявіла супрацоўніца БелТА. — Праверка праводзілася толькі ў другой палове красавіка, калі прыйшоў ліст з газэты «Рэспубліка».

Алена Кузьняцова падчас допыту таксама прызналася, што ў агенцтве здагадваліся аб выкарыстаньні пароляў да платнага доступу непадпісчыкамі. «Хадзілі такія чуткі», — сказала яна. Таксама, па словах супрацоўніцы агенцтва БелТА, былі выпадкі, калі паролі да платнага доступу выдаваліся без заключэньня дамовы.

«Я выдавала паролі да падпіскі БелТА і без дамовы, — паведаміла суду Кузьняцова. — на просьбу кіраўніцтва».

Допыт сьведак працягнецца пасьля перапынку, у другой палове дня.

Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць

  • Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
  • Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
  • 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
  • Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
  • «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
  • Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
  • Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG