Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Горадняй зьбілі насьмерць другога зубра з пачатку году


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Каля вёскі Стрыеўка, што на выезьдзе з Горадні, увечары 10 лютага аўтамабіль сутыкнуўся з зубрам. Відавочца расказала сайту Autogrodno.by, што бачыла жывёліну жывым яшчэ а 9-й раніцы на наступны дзень.

Зубар усю ноч праляжаў на ўзбочыне, у спробах падняцца раскапаў вакол сябе зямлю. Каля 10 раніцы на месца здарэньня прыехалі егеры, якія «спынілі пакуты» зубра, пагрузілі тушу на машыну.

Як сьцьвярджае відавочца, мясцовыя зьніжаюць хуткасьць ля Стрыеўкі да 20 км/г, калі цямнее, бо апошнім часам на дарогу сталі выбягаць ня толькі зубры, але таксама ласі і козы.

На амаль тым жа месцы ўвечары 1 студзеня 2019 году зьбілі іншага зубра: адна машына не пасьпела затармазіць і ўрэзалася ў жывёлу на дарозе, але зубар падняўся, працягваючы ісьці, трапіў пад колы іншай машыны і памёр на месцы.

Яшчэ адзін зубар быў зьбіты на дарозе ля Стрыеўкі ў студзені 2018 году — тады на дарогу выбеглі тры зубры, два ўцяклі ад машын, трэці проста стаў на месцы і трапіў пад машыну, атрымаў несумяшчальныя з жыцьцём траўмы. Тое здарэньне называлі першым у сучаснай Беларусі ДТЗ з зубром.

Каля Стрыеўкі знаходзіцца СВК «Азёрны», які ад 1996 году разводзіць зуброў — дзьве сотні іх у СВК на вольным выпасе, не абмежаваныя вальерамі. Гэта адна з найбольшых папуляцый зуброў у Беларусі. Сьцьвярджаецца, што прыблізна ў 2013 годзе зубры пачалі пераходзіць на тэрыторыі іншага СВК і ў суседні Воранаўскі раён, выходзіць на аўтадарогі.

Да лета 2018 году на дарозе не было знакаў, якія б папярэджвалі аб магчымай прысутнасьці дзікіх жывёл. Нягледзячы на знак і на тое, што зубры ў беларускай Чырвонай кнізе, у мінулых здарэньнях ля Стрыеўкі кіроўцаў не штрафавалі за зьбітых зуброў. Але ў выпадках, калі кіроўцу прызнаюць вінаватым у парушэньні правілаў дарожнага руху, могуць спагнаць штраф і кампэнсацыю за забітую жывёлу, а за зубра ці мядзьведзя кампэнсацыя можа дасягаць 400 базавых велічыняў (10200 рублёў на момант публікацыі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG