Рыбу з-пад Чарнобыльскай зоны можна лавіць у прамысловых маштабах.
Ад 21 лістапада набудзе сілу ўказ Аляксандра Лукашэнкі (PDF) аб зьменах у ранейшы ўказ «Аб Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалягічным запаведніку».
Указ карэктуе межы запаведніка і правілы паводзінаў чалавека ў ім. Сам запаведнік быў створаны ў 1988 годзе на тэрыторыі Хойніцкага, Нараўлянскага і Брагінскага раёнаў Беларусі — на гэтых землях засталося 97% плютонію, 70% стронцыю і 30% цэзію, што трапілі ў краіну пасьля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі ў 1986 годзе. Насельніцтва адтуль было эвакуяванае і адселенае, доступ людзей туды абмежавалі.
Па-ранейшаму ўсе віды дзейнасьці на тэрыторыі запаведніку мусяць выконвацца з улікам правілаў радыяцыйнай бясьпекі. Як і раней, разам з запаведнай зонай існуе экспэрымэнтальна-гаспадарчая.
Але цяпер раку Прыпяць аднесьлі да фонду рыбалоўных угодзьдзяў для вядзеньня рыбалоўнай гаспадаркі. Гэта тычыцца ня толькі гаспадарчай, але і запаведнай зоны.
На тэрыторыі ўсяго запаведніка нельга:
- наведваць бе дазволу зоны, у якіх усталяваны кантрольна-прапускны рэжым;
- зьбіраць дзікія расьліны, у тым ліку ягады, грыбы, шышкі і нават кветкі (акрамя навукова-дасьледчых мэтаў);
- праводзіць мэліярацыю, зьмяняць натуральны ляндшафт і гідралягічны рэжым (калі толькі не дзеля пажарнай бясьпекі);
- езьдзіць на машынах па-за дарогамі (акрамя як на машынах установы і шэрагу экалягічных ведамстваў) і плаваць на лодках па рэках (акрамя транспарту тых жа ўстановаў);
- праводзіць любую дзейнасьць, акрамя асобна дазволенай.
Але ў запаведнай зоне можна праводзіць мерапрыемствы, зьвязаныя з:
- радыяцыйнай бясьпекай і кантролем, аховай бясьпекі;
- навуковымі работамі і маніторынгам;
- барацьбе з інвазійнымі і чужароднымі жывёламі і расьлінамі;
- захаваньнем зуброў;
- правядзеньнем экскурсіяў, у тым ліку навучальных і навукова-пазнавальных, і абсталяваньні «інфармацыйна-экалягічных маршрутаў»;
- даглядам могілак
- і іншым, зьвязаным з абслугоўваньнем, абаронай і захаваньнем запаведніку.
У экспэрымэнтальна-гаспадарчай зоне можна:
- высякаць дрэвы для «прамежкавага карыстаньня і іншага» пры ўмове дапушчальнага ўтрыманьня радыенуклідаў у драўніне, разводзіць і аднаўляць лес;
- будаваць капітальныя пабудовы, у тым ліку для гаспадарчай дзейнасьці;
- разводзіць пчолаў;
- разводзіць каней;
- разводзіць пладовыя і ягадныя расьліны;
- прывозіць турыстаў, займацца турыстычнай дзейнасьцю;
- ладзіць паляваньні і адстрэл жывёлаў дзеля рэгуляваньня іх колькасьці.