На ўліку з анкалягічнымі захворваньнямі стаіць кожны 34-ы беларус (зьвесткі на 2017 год). Летась ад злаякасных новаўтварэньняў, паводле статыстыкі, памерлі больш за 18 тысяч беларусаў.
Адзін зь «лідэраў» у структуры анкалягічных захворваньняў — рак кішэчніку. Гэтай хваробе анколягі часта даюць рады. Пухліну выразаюць, кішку выводзяць на паверхню цела. Для новага «органа» хвораму патрэбна абсталяваньне. Здабыць жа яго — праблема.
Для чаго патрэбна стома і абсталяваньне для яе?
Стому — новы «орган» на брушной сьценцы — утвараюць хірургі пасьля апэрацый, калі пацыенту выдаляецца частка кішэчніку. Па сутнасьці, гэта кішка, выведзеная на паверхню, замена задняму праходу.
Стомы бываюць часовыя — пасьля загойваньня ран можна кішку вярнуць назад — і пажыцьцёвыя.
Такі новы «орган» атрымліваюць хворыя пасьля хірургічных апэрацый з прычыны:
- раку кішэчніку;
- язвавага каліту;
- сындрому Крона;
- цяжкіх траўмаў.
Для стомы неабходна дадатковае абсталяваньне — прыёмнікі калу. Гэта адмысловыя мяшэчкі, якія прымацоўваюцца да цела як ліпкай асновай, так і клеем, пастамі, фіксуюцца пасамі. Дадаткова і абавязкова патрэбны сродкі для ачышчэньня і аховы скуры, лячэньня ўскладненьняў, загойваньня ран.
Сусьветныя вытворцы прыёмнікаў калу даўно распрацавалі ўсю лінейку сродкаў для падтрымкі стомы. Гэта пасты, гелі, пасы, плястыры, шмат іншага. Сродкі дапамагаюць залячыць скуру, загермэтызаваць прыёмнікі ды ўвогуле — мінімалізаваць шкоду здароўю. Але цяпер у Беларусі іх не знайсьці. Імпартных і найбольш папулярных прыёмнікаў калу ў аптэках не прадаюць — не прайшлі рэгістрацыю ў Міністэрстве здароўя. Тое ж тычыцца і сродкаў па доглядзе стомы і скуры. Ёсьць беларускія прыёмнікі калу, але анкалягічныя хворыя наракаюць на іх якасьць.
Чаму хворыя скардзяцца на беларускае абсталяваньне?
Святлане 60 гадоў. Яна жыве ў райцэнтры Гомельскай вобласьці. У жніўні раптам даведалася, што мае рак кішэчніку. Трапіла пад нож хірурга-анколяга. «Урачам я вельмі ўдзячная. Яны выратавалі мне жыцьцё. Але тое, што пачалося пасьля апэрацыі — ціхі жах», — кажа жанчына.
Ёй у бальніцы, як і іншым хворым, далі карыстацца айчынным прыёмнікам калу. «Ён не замацоўваецца на скуры. Адваліўся празь некалькі гадзін. Я спрабавала хадзіць па калідоры, але тут „яно“ адклеілася. Запэцкала вопратку, жывот, ногі. Было крыўдна і сорамна. Такое прыніжэньне», — амаль плача жанчына.
З новым мяшэчкам — зноў тая ж гісторыя.
«Ніяк яго немагчыма замацаваць... Адклейваецца, і ўсё! Ніякіх дадатковых сродкаў няма — ні пасты, ні клею, ні пасаў, ні лекаў, каб загаіць раны. Нічога. Урачы і такія ж хворыя, як я, параілі набываць імпартныя, Colaplast ці ConvaTec. Кінулася — няма нідзе ў аптэках. Бо яны не прайшлі рэгістрацыі ў Міністэрстве здароўя. Чыноўнікі не рэгіструюць нармальныя прыёмнікі калу, нас прымушаюць карыстацца беларускімі, у выніку мы з ракам пакутуем, у дадатак ня можам нармальна жыць, выходзіць у людзі, забясьпечыць мінімальны догляд сябе», — распавядае Святлана.
На форумах — спрэс скаргі хворых на якасьць айчынных прыёмнікаў калу. Іх выпускаюць толькі ў Гомлі, з 2011 году. «Яны вельмі дрэнныя, іх трэба зьняць з вытворчасьці», — пішуць карыстальнікі. «Як можна такое выпускаць? Людзі і бяз вас пакрыўджаныя лёсам. Вашы прыёмнікі адпадаюць цягам адной гадзіны», — абураюцца хворыя.
«Прыёмнік адклеіўся, выпацкаў усё адзеньне. Было да сьлёз крыўдна, што ў нашай краіне такое стаўленьне да інвалідаў», — зазначае жанчына з анкалёгіяй.
Хворым варта аб’яднацца і змагацца за сваё права на здароўе?
Аб праблеме ведаюць у Беларускім грамадзкім аб’яднаньні стамаваных. Там адзначаюць: змагацца зь Міністэрствам здароўя і заканадаўствам вельмі цяжка.
«Мы сабралі сотні скаргаў хворых на гомельскія прыёмнікі калу. Сотні! Бралі ўдзел у судах, калі Гомельскі завод хімічных вырабаў прызнавалі банкрутам. Але плёну няма. Дадаткова да заводу хімічных вырабаў ці замест яго ў Гомлі зьявіліся тры фірмы, якія выраблояюць прыёмнікі калу. Але якасьць не палепшылася. Гэта ж праграма імпартазамяшчэньня. Можна гадамі гнаць брак, быць банкрутам — але выйграваць усе тэндэры на пастаўку такога абсталяваньня ў бальніцы, аптэкі. Для тэндэраў патрэбны тры ўдзельнікі — вось яны ёсьць, усе мясцовыя, гомельскія», — пракамэнтаваў старшыня аб’яднаньня Віктар Алефірэнка.
Паводле яго, прычына такой сытуацыі — Міністэрства здароўя, якое падтрымлівае айчыннага вытворцу, не зважаючы на якасьць прадукцыі, заканадаўства (калі ў тэндэрах аддаюць перавагу мясцоваму прадпрыемству), няроўныя ўмовы для пастаўшчыкоў сыстэм, адсутнасьць зьяднанасьці сярод хворых. Людзі пасьля цяжкіх хвароб, і пры наяўнасьці стомы яны пакутуюць фізычна і псыхалягічна. Яшчэ і маюць праблемы з набыцьцём як імпартных прыёмнікаў калу, так і дадатковых сродкаў для іх.
Віктар Алефірэнка дадае, што людзі, як звычайна, «выкручваюцца» — прывозяць прыёмнікі калу з-за мяжы, з Украіны, Расеі. Аналіз сайтаў украінскіх аптэк паказаў — там ёсьць усё неабходнае для людзей са стомай.
Што кажа Міністэрства аховы здароўя?
Рэгістрацыяй імпартных прыёмнікаў калу і сродкаў для догляду стомы займаецца ўпраўленьне мэдыцынскай тэхнікі Цэнтру экспэртыз і выпрабаваньняў у ахове здароўя. На беларускім рынку яшчэ на пачатку 2018 году прысутнічалі найбольш папулярныя сярод хворых прыёмнікі калу і сродкі для догляду стомы і скуры фірмаў Coloplast і ConvaTec.
Ва ўпраўленьні мэдыцынскай тэхнікі адказалі, што ConvaTec мае рэгістрацыю. Але чаму яго няма ў продажы, яны ня ведаюць. Прадстаўнікі Coloplast падалі дакумэнты на рэгістрацыю ў чэрвені. Але атрымаюць яе «можа, да Новага году, можа — пасьля». Так пракамэнтавалі ў Цэнтры экспэртыз і выпрабаваньняў.
Такая сытуацыя тычыцца ня толькі прыёмнікаў калу, але і сродкаў догляду, якія распрацавала і прадае па ўсім сьвеце кампанія Colaplast. Іх таксама пакуль немагчыма набыць — няма рэгістрацыі.
«Прыёмнікі калу ёсьць у продажы — беларускія. Такога ня можа быць, каб іх не было. Мы займаемся рэгістрацыяй. Пакуль прыёмнікі Colaplast на гігіенічных выпрабаваньнях. Тое тычыцца і іншых іхных сродкаў», — патлумачыла начальніца аддзелу Марына Сафонава. На пытаньне «Чаму ад такой цяганіны пакутуюць хворыя на рак?» яна адказала: «Мне вельмі шкада хворых на рак. Але я не магу паўплываць на правядзеньне выпрабаваньняў».
Як гомельскі вытворца заваяваў рынак?
Вытворчасьць прыёмнікаў калу пачаў у 2011 годзе паводле праграмы імпартазамяшчэньня Гомельскі завод хімічных вырабаў. Раней ён займаўся вытворчасьцю галёшаў. Дзяржава выдаткавала 120 тысяч даляраў на імпартазамяшчальны праект. Плянавалі, што новыя вырабы заваююць ня толькі беларускі, але і расейскі, і ўкраінскі рынак. Але цяпер завод — банкрут.
У пачатку вытворчасьці прыёмнікаў калу, у 2011 годзе, у змаганьні за рынак заводам былі кінутыя ўсе сілы. Так, кіраўніцтва прадпрыемства прасіла аб дапамозе Міністэрства ўнутраных спраў. У інтэрнэце мы знайшлі ліст, які пісаў у 2011 годзе дырэктар заводу хімічных вырабаў намесьніку міністра ўнутраных спраў (ёсьць дакумэнт). Дырэктар прасіў «у мэтах рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы імпартазамяшчэньня аказаць садзейнічаньне ў арганізацыі закупак мэдыцынскімі ўстановамі».
Кіраўнік заводу ў сваім лісьце тлумачыў: «Прысутнасьць на рынку буйных замежных вытворцаў ускладняе ўваход нашага заводу ў сфэру рэалізацыі, тым больш што завод раней не працаваў на рынку мэдыцынскіх вырабаў». Той ліст зь Міністэрства ўнутраных спраў быў накіраваны ў Савет Міністраў, адтуль — у Міністэрства здароўя, адтуль — у абласныя ўпраўленьні аховы здароўя з прыпіскай «Унесьці прапановы па закупцы».
У 2012 годзе сытуацыяй з прыёмнікамі калу заняўся Камітэт дзяржаўнага кантролю. Ён потым абураўся праз СМІ: гомельскі завод выпускае танныя прыёмнікі калу, а арганізацыі Міністэрства здароўя набываюць дарагія імпартныя! А маглі б падтрымаць айчыннага вытворцу і зэканоміць больш за 1 мільярд (да дэнамінацыі) рублёў. Пра якасьць Камітэт дзяржаўнага кантролю далікатна прамаўчаў. І прапанаваў Міністэрству здароўя «неадкладна зрабіць адпаведныя захады».
Рэакцыя беларускіх вытворцаў на прэтэнзіі спажыўцоў
Закрытае акцыянэрнае таварыства «Завод хімічных вырабаў» — банкрут, з 2016 году знаходзіцца ў стане санацыі. Гэта не перашкаджае заводу выйграваць тэндэры і пастаўляць за бюджэтныя сродкі прыёмнікі калу ў раённыя бальніцы і абласныя анкалёгіі.
Адкрытае акцыянэрнае таварыства «ЧыстаМэд» больш за год займаецца ў Гомелі вытворчасьцю калапрыёмнікаў, таксама выйграе тэндэры і за бюджэтныя сродкі пастаўляе ў бальніцы стамійнае абсталяваньне.
На ААТ «ЧыстаМэд» сьцьвярджаюць, што самі займаюцца вытворчасьцю прыёмнікаў калу і ня маюць да заводу хімічных вырабаў ніякага дачыненьня.
«Нам прыходзяць скаргі на прадукцыю, але калі мы пачынаем разьбірацца, высьвятляецца, што гэта ня нашы прыёмнікі калу. Бо ў Гомлі тры вытворцы такога абсталяваньня, і нас блытаюць. У аптэкі мы прыёмнікі калу не пастаўляем, мы працуем на дзяржаўны заказ. Тэндэры выйграем. Пастаўляем у бальніцы — у Менску, Горадні, Гомлі, Магілёве і Віцебску. Некаторыя нам пішуць лісты і дзякуюць за калапрыёмнікі», — адказалі на ААТ «ЧыстаМэд».
У Гомлі вытворчасьцю прыёмнікаў калу займаецца і ААТ «БелПлясГруп». Дырэктар прадпрыемства Алена Бурундукова пракамэнтавала, што першы раз чуе пра скаргі і нараканьні на якасьць іхнай прадукцыі. Яна кажа, што ніколі на прадпрыемства не паступала скаргаў. Таксама выказвае здагадкі, што, можа, людзі пераблыталі прадпрыемствы-вытворцы.
Сваю прадукцыю «БелПлясГруп» пастаўляе ў асноўным у аптэкі, праз сыстэму «Мэдтэхнікі».
«Імпартныя прыёмнікі калу ідуць ад пяці рублёў, нашы — ад рубля, ёсьць жа розьніца? Пытаньне якасьці... Гэтыя мяшкі настолькі індывідуальныя, як і людзі. Можа, імі няправільна карыстаюцца. Можа, людзі карыстаюцца тлустымі крэмамі, і потым мяшкі ў іх не мацуюцца. Шмат нюансаў. Праблема можа быць у тым, што людзей не навучылі правільна карыстацца мяшкамі. Мы праходзілі клінічныя выпрабаваньні, у нас ёсьць усе неабходныя дакумэнты, дазволы», — патлумачыла Алена Бурундукова.