Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справіцца з ракам, здаволіцца Карыбамі, атабарыцца ў вёсцы. Крутыя віражы дыплямаванага кантрабасіста


Арцём Фрэнкель і ягоны сябар-кантрабас
Арцём Фрэнкель і ягоны сябар-кантрабас

Ён паспрабаваў сябе ў самых розных сфэрах: музыцы, мастацтве, тэалёгіі, дызайне, выкладаньні. Лячыўся ў анкацэнтры і вучыўся ў Нямеччыне, плаваў на акіянскім лайнэры, расчараваўся ў горадзе і знайшоў сябе ў вёсцы, экспэрымэнтуе ў хатняй студыі і марыць граць у сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага. Пра тое, як усё гэта зьмясьцілася ў адным чалавеку, — рэпартаж Свабоды.

Арцём Фрэнкель родам са Смаргоні, сёлета ў ліпені яму споўніцца 35. Ён адзін з герояў свабодаўскай кніжкі «Жыцьцё пасьля раку». Апошнія два дзясяткі гадоў жыве бяз ныркі, якую акупавала ракавая пухліна — вырасла большая, чым сам орган.

Арцём Фрэнкель у сваёй хатняй студыі:

Вясковы побыт кантрабасіста. Прафэсійны музыка зьехаў з гораду і будуе ўнівэрсальны дом
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:07 0:00

Ня стаць прафэсійным багасловам, каб граць «буржуазны джаз»

Пасьляапэрацыйнае аднаўленьне ў анкалягічным цэнтры ў Бараўлянах прадугледжвала ня толькі балючыя сэансы гіпэртэрміі, але і псыхалягічную рэабілітацыю. За няньку і сядзелку была мама, якая за 10 гадоў да таго сама аказалася пацыенткай бараўлянскіх лекараў — гісторыю змаганьня з хваробай Ірыны Фрэнкель мы расказвалі.

Для 14-гадовага сына ўзяла арттэрапію, калі фізычны стан трэба перадаваць праз вобразы на паперы. З часам маляваньне перарасло ў сур’ёзнае захапленьне, алоўкі і ватман хлопец замяніў на алей і палатно.

Арцём (першы зьлева) з мамай (стаіць першая справа) і нямецкія валянтэры ў шпіталі
Арцём (першы зьлева) з мамай (стаіць першая справа) і нямецкія валянтэры ў шпіталі

Але ў мастакоўскай прафэсіі ўяўляў сябе слаба. Назойлівыя думкі пра тое, што выпрабаваньні не даюцца проста так, нечакана прывялі на тэалягічны факультэт яшчэ легальнага Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Нягледзячы на высокі конкурс, прайшоў абавязковую гутарку зь мітрапалітам Філарэтам і быў залічаны на бясплатную форму. Але аднаго курсу хапіла, каб зразумець: рэлігіязнаўчы факультэт аказаўся «філіяй» праваслаўнай сэмінарыі, да якой ён ня быў гатовы. Асабліва ўразіла, што ў абавязковым парадку трэба наведваць царкоўныя службы.

Пайшоў на іншую крайнасьць — паступіў у менскую вучэльню імя Глінкі на аддзяленьне кантрабаса. У свой час скончыў смаргонскую музычную школу па клясе акардэона, а радыкальную зьмену інструмэнта патлумачыў проста — сон прысьніў. Гэтым разам пратрымаўся даўжэй, два гады. Як і ў выпадку з тэалёгіяй, расчаравала практычнае ўвасабленьне: клясычны кантрабас аказаўся вельмі далёкі ад джазавага аналягу, на які арыентаваўся стылёва. А выхад за рамкі стандартаў не вітаўся.

Экспэрымэнты са смыкам
Экспэрымэнты са смыкам

Тым часам даведаўся пра набор у Кёльнскую кансэрваторыю. Паўгода рыхтаваўся да іспытаў, паехаў і паступіў. Некалькі разоў браў акадэмічны адпачынак — ня маючы спонсараў, мусіў працаваць, каб аплочваць навучаньне, жыльлё, страхоўку. За гэты час кім толькі ня быў: фармоўшчыкам на «Мэрсэдэсе», штампоўшчыкам на вытворчасьці плястыкавых вокнаў, здымаў відэафільмы для школаў, наймаўся музыкам, мулярам, садоўнікам, выкладчыкам ёгі. І за сем гадоў здабыў свой першы дыплём — прафэсійнага кантрабасіста. Цяпер зь лёгкім сэрцам грае джаз.

Нягледзячы на прапановы працаўладкаваньня ў Нямеччыне, вярнуўся на радзіму. І адразу ж зьдзівіў блізкіх чарговы раз — зьмяніў сухапутны статус на марскі, уладкаваўшыся музыкам («bassman», бас-гітарыст) на акіянскі лайнэр амэрыканскай круізнай кампаніі. За наступныя некалькі гадоў у складзе аркестравых зборных абышоў усё заходняе паўшар’е — ад Канады і Ўругваю да Гавайскіх астравоў і багамскай-карыбскай экзотыкі. Запісаў у свой актыў і Міжземнамор’е, але маштабы ня ўразілі, і той вопыт застаўся адзінкавым.

Падчас карыбскай кампаніі
Падчас карыбскай кампаніі

Некалькі гадоў таму Арцём перавёў частку заробленага ганарару ў нерухомасьць — набыў старую хату ў вёсцы Зарудзічы пад Смаргонямі. На дадатак да творчых адкрыў у сабе прыкладныя здольнасьці — сваімі рукамі перарабляе жылплошчу пад шматфункцыянальную майстэрню. На мансардзе зьбіраецца маляваць, унізе будзе імправізаваная студыя запісу. Паступова афармляецца фасад: праз адну бакавіну выведзена вялікая літара «А» ў гонар самога сябе, на другой гэткім жа чынам адзначана мама Іра.

Унутранае аздабленьне таксама хэнд-мэйд — ад груба зьбітай столі і абпаленага падваконьня да парэнчаў зь бярвёнаў і часопіснай аплікацыі замест шпалераў. У прыбудовах пры нагодзе паліцца лазьня, вясёлай мазаікай выкладзена прыбіральня, без выходных працуе майстэрня.

Цэнтральная вуліца Зарудзічаў
Цэнтральная вуліца Зарудзічаў

«Я тут ужо больш за пяць гадоў, — кажа Арцём. — Сьвядома памяняў рытм жыцьця на больш адасоблены, каб адчуць кантраст з горадам. Некаторыя дзівяцца: як так, у маладым узросьце ўсё кінуў, зьехаў невядома куды, добраахвотна пагадзіўся на затворніцтва. Па-першае, гледзячы з вышыні чыйго ўзросту мераць, бо насамрэч я ўжо далёка ня юны, летам 35 стукне (сьмяецца). Па-другое, усім калі-небудзь карысна пабыць сам-насам з сабой. Нарэшце, ніякай ізаляцыі няма: ад маіх Зарудзічаў да смаргонскага „мэгаполіса“ — пару хвілін машынкай».

«Дровы» замест кантрабаса і княскі сюрпрыз у нетрах печы

Зарудзічы — усё яшчэ досыць люднае месца з дагледжанымі падворкамі і сьмела расфарбаванымі дамкамі і платамі. На рэмарку пра колеравую гаму пасярод сьнежных гурбаў Арцём рэагуе са сьмехам — нават у завіруху ёсьць нагода згадаць пра сонечную Ямайку.

Яшчэ адзін жыхар Арцёмавай хаты
Яшчэ адзін жыхар Арцёмавай хаты

З жывых істотаў, якія не даюць засумаваць самотнымі вечарамі, — дружалюбная котка Васіліса і «гуляшчы» сабака Дэн. А яшчэ незаменны сябра — кантрабас, зь якім лёгка трапіць у такт у любы час сутак. І ў тым найбольшая перавага свайго дому: ударыць па струнах Арцём дазваляе сабе нават пасярод ночы, за што ў шматпавярховіку атрымаў бы знак увагі ад суседзяў — нарад міліцыі.

«Гэта далёка ня першы мой інструмэнт, можа які 13-ты па ліку, — усьміхаецца Арцём. — Набыў у былога выкладчыка колішняй сваёй вучэльні — загнаў мне за нармальныя грошы проста дровы. Давялося капітальна рамантаваць. Самае неверагоднае, што знайшоўся чалавек, які ўзяўся за такую справу. Я вельмі доўга шукаў, ужо думаў хоць за колькі прадаць і зьбіраць на новы. Але каму цяпер патрэбны кантрабас? Новы ў сярэднім каштуе 3 тысячы даляраў. Не прафэсійны, вучнёўскі. Такі набыла смаргонская музычная школа. Мой таксама ня супэр, скажам так, напаўфанэрны. Зрэшты, для вёскі — самы раз, не баіцца перападаў тэмпэратуры, вільготнасьці».

«А» на франтоне — у гонар сябе
«А» на франтоне — у гонар сябе

Адным сваім краем вёска падпірае нядаўна адрэстаўраваны маёнтак палітыка, дыплямата, кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага — акурат з боку, дзе ў зацішным кутку стаіць камень у гонар францускага гувэрнэра сям’і Жана Ралея. Па старым ставе, які будаўнікі даводзяць да ладу сьледам за палацам, праходзіць нябачная мяжа паміж Зарудзічамі і Залесьсем. Повязь часоў спрыяе рэляксу.

«Тут нават калі не займацца нічым, і тое клёва, — запэўнівае музыка. — Сябры, знаёмцы часьцяком пакепліваюць: ну і што ты робіш у сваёй вёсцы? За вухам паскрабеш і міжволі падумаеш: а сапраўды, што было за дзень гераічнага? Затое потым прыступ актыўнасьці, бо насамрэч занятак ёсьць заўсёды: лесьвіцу наверх дагнаць, сьцяну з вэранды ацяпліць, столь падшыць, лямпачку пад патрэбным вуглом увесьці. Для мяне гэта будоўля з элемэнтамі творчасьці, шаблёнаў няма».

Кафля з палаца
Кафля з палаца

Здараецца, творчы працэс узнагароджваецца нечаканымі бонусамі. Сапраўднае адкрыцьцё здарылася, калі перакладалі старую печ. Як кажа Арцём, удалося вярнуць да жыцьця старую кафлю, якая, мяркуючы па ўсім, у свой час перакачавала сюды з княскай сядзібы: пасьля 1939 году, калі ўладу на гэтых землях узялі бальшавікі, дабро парасьцягвалі па бліжэйшых вёсках. І Зарудзічы ў шапку ня спалі.

«Плітачка па ўсіх паказьніках зь сядзібы, — не сумняецца гаспадар артэфакту. — Можа, нават з асабістага кабінэта Міхала Клеафаса. Як знайшлася? Ды ўнутры старой печы, пад пяцьцю пластамі алейнай фарбы. Страшна сказаць, была нават ня звонку, а выкарыстоўвалася ў якасьці фундамэнту. Усё сабраў, адчысьціў кіслатой, і вось што выйшла — „кафляны пояс Агінскага“. У сядзібе цэнтральнае ацяпленьне, самому кампазытару ўжо пэўна не спатрэбіцца. А мне якраз...»

Засьнежаны палац Міхала Клеафаса Агінскага
Засьнежаны палац Міхала Клеафаса Агінскага

Сьпецца са смаргонскім «песьняром» і замахнуцца на палац

Толькі нядаўна Арцём падвёў высакахуткасны інтэрнэт — перадусім каб пашырыць магчымасьці любімага кантрабаса. Забраўшы інструмэнт з капітальнага рамонту, паставіў гуказдымальнік — цяпер можна пашыраць рэпэртуар ды запісваць электрычныя партыі. Актыўна экспэрымэнтуе са смыкам — пры ўмелым падыходзе гэта яшчэ і гіганцкая «скрыпка».

«Пасьля таго як зьявіўся нармальны інтэрнэт, магу спакойна карыстацца практычна любымі праграмамі гуказапісу, — кажа музыка. — То бок на адным кампутары ідзе навучальная праграма, а на другім зводжу атрыманы матэрыял. Сёньня адзін у стане замяніць цэлы ансамбль. Так што і ў гэтым сэнсе ёсьць чым заняцца, поле для экспэрымэнтаў бязьмежнае».

Гітарыст «Беларускіх песьняроў» Аляксандар Салаўёў
Гітарыст «Беларускіх песьняроў» Аляксандар Салаўёў

А ня так даўно ўтварыўся дыстанцыйны дуэт. Далучыўся іншы смаргонскі музыка Аляксандар Салаўёў — гітарыст «Беларускіх песьняроў», у свой час удзельнік гуртоў «Крама», TouchPoint, Let’s go!. У прамежку паміж гастролямі «песьняра» запісваюць і цяжкую рокавую інструмэнталку, і фонавую музыку. Сумесь кантрабаса і электрагітары дае незвычайны эфэкт.

«Мы вельмі даўно знаёмыя, — удакладняе ён, — лічы, што зь дзяцінства. — Сашава жонка — мая школьная настаўніца францускай мовы. На жаль, праз розны тэмп жыцьця не было магчымасьці кантактаваць часта, хоць „сьпявацца“ трэба было пачаць нашмат раней. Ужо ёсьць стос аранжыровак, розных папуры, а задумак яшчэ больш. Як кажуць у такіх выпадках, у нас на раду напісана гэтым займацца: два прафэсійныя музыкі на раёне — і каб не аб’ядналіся?»

Кавярня ў колішняй аранжарэі
Кавярня ў колішняй аранжарэі

На гістарычнае суседзтва з радавым маёнткам стваральніка несьмяротнага палянэзу «Разьвітаньне з Радзімай» пляны ў Арцёма Фрэнкеля амаль такія ж, як 200 гадоў таму ў месьцічаў. Зарудзіцкі люд быў асноўнай сілай, на якой трымалася ўзорная гаспадарка Агінскіх. Але калі на пачатку ХІХ стагодзьдзя музыкаў на свае раўты гаспадар выпісваў з усёй Эўропы, то зараз зарудзіцкі жыхар гатовы вярнуцца не з рыдлёўкай, а з музычным інструмэнтам.

Выпрабавальнай пляцоўкай, на яго думку, магла б стаць кавярня ў адрэстаўраванай аранжарэі. А калі надзеі спраўдзяцца, чаму б не замахнуцца на канцэртную залю?

«Ідэя мая, Саша яе горача падтрымлівае, — тлумачыць Арцём. — Ніхто ня кажа пра бэнд — гітара і кантрабас, цалкам дастаткова. Па вялікім рахунку, нават гітары хапіла б, хоць адзін жывы інструмэнт. А калі яшчэ кантрабас — зусім клясна. У ранейшыя гады крыху граў у Галяндыі, Нямеччыне, Італіі, дык калегу — чалавека з кантрабасам — сустракаеш па некалькі разоў на дзень. У нас гэта і сёньня экзотыка».

Арцём на сваім падворку
Арцём на сваім падворку

Праўда, пакуль вялікага энтузіязму на месцах прапанова не знайшла. Адрозна ад лібэральных «галяндый», з вуліцы ў дзяржаўныя ўстановы праціснуцца ня так проста.

«Розныя пункты ўспрыняцьця, — кажа музыка, — трэба даказаць нейкаму клерку, што варты высокага даверу. А схема простая: прыйшлі — адыгралі. Людзі самі ацэняць, падабаецца ім ці не, хочуць нас бачыць ці ўжо досыць. Як робіцца ў той жа Галяндыі. Ніхто не патрабуе, умоўна кажучы, даведак пра індывідуальнае прадпрымальніцтва. Бяры і паказвай! Гэта ў нас такая дзейнасьць толькі па безнаяўным разьліку, то бок, мусіш быць „улічаны“. Хоць калі казаць пра грошы, ідэальным варыянтам быў бы „капялюш“: хто колькі захацеў, столькі і кінуў у шапку, усім клясна. А ў нас усяго баяцца, і ў гэтым праблема сыстэмы».

На фоне насьценнай аплікацыі
На фоне насьценнай аплікацыі

Карабельны гастарбайтэр і аўтамабіль для мамы

Недабудаваны дом вымагае ўкладаньняў, трэба думаць пра заробак. Некалькі сэмэстраў Арцём Фрэнкель кожныя выходныя езьдзіў у Менск і выкладаў рытміку ў Школе сучаснага вакальнага мастацтва Веранікі Яноўскай. У свой час яны разам займаліся ў адной вучэльні, ён асвойваў кантрабас, яна — харавое дырыжаваньне.

Потым хлопец зьехаў у нямецкую кансэрваторыю, дзе зразумеў простую рэч: музыкант без адчуваньня рытму — дыплямаваны невук. Пасьля вяртаньня на радзіму і ў паўзе паміж карабельным гастарбайтэрствам прапанаваў Вераніцы пазаймацца рытмікай зь яе вучнямі. Дзеці былі ў захапленьні.

Арцём Фрэнкель у часе заняткаў рытмікай
Арцём Фрэнкель у часе заняткаў рытмікай

І ўсё ж, як бывалага «акіянічнага ваўка», раз-пораз Арцёма цягне на вялікую ваду. Праўда, усё радзей кліча прага прыгодаў, а ўсё больш — мэркантыльны інтарэс. Вынікам апошняга паходу стала машына, якую даўно марыў купіць маме замест яе старэнькага «Гольфа». «Антыкварыят» забраў сабе.

«Летась ад лютага да чэрвеня зноў быў на караблі, — кажа „бывалы“. — Стартавалі з узьбярэжжа Сан-Дыега, рушылі на Мэксыку, Панаму і зваротным маршрутам да Штатаў. Потым пяць дзён у акіяне да Гавайскіх астравоў, зноў Мэксыка з праходам праз Панамскі канал і наверх да Канады. Там ужо было холадна, не пакупаесься. У Канадзе, відаць, толькі раз ступіў на зямлю, а больш і не вылазіў. Пачуцьцё навізны за столькі часу ўжо прытупілася. Дый пасьля апошніх гадоў вясковага жыцьця было неяк цяжка псыхалягічна. Першыя дні ад мяне проста шугаліся, ня ведалі, чаго чакаць...»

А на пачатак траўня ўжо заплянаваны новы круізна-канцэртны маршрут. Гэтым разам чатыры месяцы ў акваторыі вечна халоднай Аляскі.

Вясковая будзённасьць музыкі
Вясковая будзённасьць музыкі

Вёска, на перакананьне Арцёма, зрабіла яго лепшым, бо прымусіла глядзець на сьвет прасьцей і бязь лішніх чаканьняў. І такая трансфармацыя яго цалкам задавальняе.

«Людзі, якія са мной доўга не кантактуюць, адразу зьвяртаюць увагу: ты нейкі не такі, — сьмяецца новы вясковец. — Справа ня ў тым, што я зьдзічэў, проста перастаў надаваць важнасьць рэчам, якія лічацца „статуснымі“. „У цябе прыбіральня на вуліцы, які жах!“. „Калі нарэшце душык паставіш, гэта ж негігіенічна!“, „Нават вады з-пад крана няма, аёй!“. Замест адказу раю запытаць у любой зарудзіцкай бабулі, як яна без усяго гэтага вырасла і пачувае сябе ў гармоніі з навакольлем. Ну якая статуснасьць? Каб кампутар быў тоненькі ды зь „яблычкам“? Ды хай будзе як цэгла, абы працаваў чотка».

Першы хлопец «на вёсцы»
Першы хлопец «на вёсцы»

На вёсцы Арцём Фрэнкель аўтаматычна трапляе ў катэгорыю «зайздросных жаніхоў», але не перакананы, што сасьпеў да сямейнага статусу нават пад чарговы юбілей.

«Я ня супраць сям’і, у мяне ў гэтым сэнсе няма ніякіх забабонаў, абмежаваньняў, — кажа зарудзіцкі халасьцяк. — З аднаго боку, пакуль жонкі няма, я нічым не зьвязаны, магу хоць заўтра на карабель. Зь іншага, я ж не спрабаваў, можа, як яна зьявіцца, наагул стане клясна — хоць будзе на каго дом пакінуць (сьмяецца). Тэарэтычна нават можна аднекуль прывезьці. Але праблема ў тым, што я сам на гэтым не засяроджваюся. Магу ламаць галаву, як удасканаліць кантрабас ці з чаго зрабіць лесьвіцу, але дакладна не наконт таго, дзе знайсьці жонку. Відаць, пакуль не сасьпеў (сьмяецца)».

Ёсьць у чым удасканальвацца
Ёсьць у чым удасканальвацца

Вось ужо 20 гадоў Арцём жыве бяз ныркі, якую яму, яшчэ падлетку, выдалілі разам з ракавай пухлінай. Пасьпяховы рэабілітацыйны курс, клопат маці Ірыны, вясковая атмасфэра — галоўныя чыньнікі цяперашняга фізычнага і маральнага стану.

«Са здароўем добра, — кажа экс-пацыент Бараўлянаў. — Хоць і ёсьць над чым працаваць — напрыклад, меней курыць... Вёска сама па сабе мае станоўчы ўплыў. Лазьня дапамагае, ровар, лес, рэчка. За ўвесь час, што я тут, ніводнага разу не хварэў нават насмаркам. Пастаянна з хаты на вуліцу: па ваду, у прыбіральню, да майстэрні. Выскачыў у чым ёсьць і пабег. Падлога, зноў жа, без падагрэву, калі мароз, па кутах рэальна зімна, можна капусту трымаць. І пры гэтым ніякіх моцных хваляваньняў. Падабаецца, што нават калі нічога не адбываецца, усё роўна няма адчуваньня, што жыцьцё пустое. Маўляў, я тут, а ўсё важнае праходзіць побач. Не! І зь людзьмі кантактаў хапае — да мяне прыяжджаюць, сам зь бярлога вылажу. Можа, ня так часта, як у горадзе, але дастаткова».

У імправізаванай майстэрні
У імправізаванай майстэрні

Вяртацца да гарадзкога рытму Арцём Фрэнкель не зьбіраецца. Хоць прызнаецца, што, пераяжджаючы пяць гадоў таму на вёску, ня надта ўяўляў, як са сваім музычна-мастацкім «закосам» будзе весьці натуральную гаспадарку. Але павярнуцца да каранёў аказалася прасьцей, чым падавалася адпачатку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG