Дзяржаўная запазычанасьць Беларусі на 1 студзеня 2019 году склала 45,4 млрд рублёў — вырасла за год на 7,6%, паведаміла Міністэрства фінансаў. Зьнешняя дзяржаўная запазычанасьць — без уліку ўнутранай — вырасла на 1% за год і склала 16,9 млрд даляраў.
Цягам 2018 году Беларусь пазычыла грошай на 2,35 млрд даляраў (871 млн у Расеі, 600 млн праз эўрааблігацыі, 509 млн у Кітая, 200 млн у Эўразійскага фонду стабілізацыі, 148 млн у Міжнароднага банку разьвіцьця), сплаціла па пазыках бяз малага 2 млрд (800 млн па эўрааблігацыях, 400 млн Расеі, 375 млн Кітаю, 353 млн Эўразійскаму фонду стабілізацыі, 65 млн Міжнароднаму банку разьвіцьця).
Зьнешняя дзяржаўная запазычанасьць павялічвалася на такі нязначны адсотак (дакладней, на 1,1%) за 2014 і 2015 гады, але затым падскочыла на 9,6% і 22,6% адпаведна ў 2016 і 2017 гады. Асноўныя крыніцы новых пазыкаў — Расея і падкантрольны ёй Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця, а таксама эўрааблігацыі.
Рост сумарнай дзяржаўнай запазычанасьці таксама запаволіўся: калі за мінулы год дзяржаўная запазычанасьць вырасла на 7,6%, то за 2017 год — на 14,1%, за 2016 год — на 12,5%, за 2015 год — аж на 66,4%, за 2014 год — на 28,2%, за 2013 год — на 19,6%.
У плянах беларускага ўраду «скарачэньне пазыковай нагрузкі» і «прыцягненьне беспазыковых крыніцаў фінансаваньня». Паводле незалежных эканамістаў, дзярждоўг Беларусі ўжо перавысіў 50% валавага ўнутранага прадукту (дзяржава прызнае толькі 38,5%), сытуацыю называюць крытычнай.