Па стане на 1 траўня 2018 году вонкавая дзяржаўная запазычанасьць Беларусі склала 16,4 млрд даляраў, паведамляе Міністэрства фінансаў.
На аднаго чалавека ў Беларусі (з улікам нават немаўлятаў) цяпер прыпадае каля 1728 даляраў вонкавай дзяржаўнай запазычанасьці.
Гэта на 1,9% меней, чым было на пачатку году. Але за цэлы папярэдні год зьнешнія даўгі Беларусі вырасьлі аж на 22,6% — напазычалі больш за 3 млрд даляраў у Расеі, Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця і крыху ў Кітаю, а таксама праз разьмяшчэньне эўрабондаў (але не прасілі крэдыту МВФ).
У лютым Беларусь разьмясьціла эўрабонды яшчэ на 600 млн даляраў, за студзень-красавік таксама ўзяла крэдытаў на 313,6 млн даляраў у Расеі, 42,3 млн у Міжнароднага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, 33,1 млн у Кітаю.
На выплату і абслугоўваньне дзяржаўнай запазычанасьці на 2018 год плянуецца патраціць каля 3,7 млрд даляраў (у 2017-м было 3,4 млрд), за студзень-красавік ужо сплачана 1,2 млрд.
У 2018 годзе суадносіны дзяржаўнай запазычанасьці да валавога ўнутранага прадукту не павінны перавысіць 44,5% пры «парогавым значэньні» ў 45%, казаў міністар фінансаў Уладзімер Амарын.
Эканаміст Станіслаў Багданкевіч адзначаў у камэнтары для Свабоды, што парогавае значэньне некалі называлі роўным 25%, але потым — калі дзяржаўная запазычанасьць перавысіла гэты парог — «адсунулі» яго да 45%.
Значная вонкавая запазычанасьць шкодзіць эканоміцы, бо дзяржава мусіць аднекуль браць грошы на яе сплату або неяк рэфінансаваць даўгі. Мінфін прызнаваў, што выплаты і абслугоўваньне запазычанасьцяў даюць вялікую нагрузку на бюджэт
Эканаміст Яраслаў Раманчук зьвяртаў увагу на тое, што сумарная дзяржаўная запазычанасьць (разам з крэдытамі пад урадавыя гарантыі) набліжаецца да 60% валавога ўнутранага прадукту, а гэта вышэй за крытычны ўзровень, і пра гэта Беларусі казаў у тым ліку Ўсясьветны банк.
Унутраная дзяржаўная запазычанасьць склала на 1 траўня 9,4 млрд рублёў, зьменшылася з пачатку году на 2,9%, пры тым, што за мінулы год вырасла на 10,3%.