Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка зьнішчае Беларусь як дзяржаву», — прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны Бясьсьмертны


Раман Бясьсьмертны
Раман Бясьсьмертны

Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны заявіў пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі перад выбарамі, прызначанымі на 31 сакавіка. Бясьсьмертны адказаў на пытаньні Свабоды.

Раман Бясьсьмертны са сваімі паплечнікамі і прыхільнікамі ў мінулыя выходныя правёў устаноўчы сход новай палітычнай партыі «Рух +380». Там жа ён заявіў пра свой намер удзельнічаць у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Але паколькі партыя яшчэ не зарэгістраваная ў Міністэрстве юстыцыі Ўкраіны, то дыплямат будзе балятавацца як самавылучэнец.

Свабода распытала Рамана Бясьсьмертнага, якой будзе палітыка Ўкраіны ў дачыненьні да Беларусі ў выпадку, калі ён стане прэзыдэнтам.

— Як вы ацэньваеце палітыку цяперашняй украінскай улады ў дачыненьні да Беларусі — яна памылковая ці эфэктыўная? І як вы будзеце выбудоўваць стасункі зь Беларусьсю ў выпадку сваёй перамогі на выбарах?

— Відавочна, выбудоўваць адносіны трэба такім чынам, як дыктуюць нацыянальныя інтарэсы Ўкраіны. І гэта звышважна. Усё, што робіць Украіна ў пытаньнях зьнешняй палітыкі, павінна зыходзіць з нашых нацыянальных прыярытэтаў. І гэтая палітыка павінна быць выключна ўкраінацэнтрычнай у цяперашніх умовах. Датычна таго, што робіцца цяпер, — мне здаецца, што гэта не прыносіць карысьці нацыянальным інтарэсам Украіны, я ўжо не кажу пра зьвязаныя з пытаньнямі бясьпекі фактары. Цяперашняя сыстэма адносін далёкая ад дасканаласьці.

— Напрыканцы году паміж Менскам і Масквой адбывалася вострая «інтэграцыйная» спрэчка. У сувязі з гэтым ці павінна Ўкраіна ажыцьцяўляць нейкую асаблівую палітыку ў дачыненьні да Беларусі?

— У сытуацыі паміж Масквой і Менскам, якая складаецца цяпер, а яна будзе ў такім напружаным стане трываць, на мой погляд, да канца красавіка, бо такая пэрыядычнасьць назіраецца апошнія дзесьці 17–18 гадоў, я нічога іншага не магу сказаць, як тое, што зьнешняя палітыка Ўкраіны павінна быць арыентаваная на нацыянальныя інтарэсы. Калі Ўкраіне спатрэбіцца нейкі кантакт — ён павінен быць забясьпечаны. Калі Ўкраіне спатрэбіцца мець хаўрусьніка і гэта будзе прыносіць Украіне карысьць, тады менавіта з гэтага трэба зыходзіць і гэта трэба рабіць.

— Вы пасьлядоўна крытыкуеце Лукашэнку, але ў выпадку абраньня на пасадзе прэзыдэнта вам давядзецца зь ім мець і асабістыя зносіны. З чаго вы пачняце такую першую размову?

— Дзяржава — гэта ня толькі прэзыдэнт, у тым ліку і ў пытаньнях зьнешняй палітыкі. Калі неабходна будзе рэалізоўваць дзяржаўныя інтарэсы, значыць, я іх буду рэалізоўваць, незалежна ад майго стаўленьня да гэтай асобы. Што тычыцца наўпроставага або ўскоснага, інстытуцыйнага дыялёгу — гэта іншыя гаворкі. Я не адмаўляюся ад ніводнага слова, якое я выказваў на адрас Лукашэнкі. Гэта чалавек, які пасьлядоўна зьнішчае Беларусь як дзяржаву і беларусаў як адну з унікальных нацый у эўрапейскай супольнасьці.

Вылучэньне кандыдатаў на выбары прэзыдэнта Ўкраіны завяршаецца 3 лютага. Да 8 лютага будзе працягвацца іх рэгістрацыя ў Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Ад пачатку студзеня пасьведчаньне кандыдата на прэзыдэнта атрымалі 22 з 40 палітыкаў, яшчэ дзевяці прэтэндэнтам Цэнтральная выбарчая камісія ў рэгістрацыі адмовіла з прычыны няпоўнага пакету дакумэнтаў або адсутнасьці грашовага закладу ў памеры 2,5 мільёна грыўняў (каля 100 тысяч даляраў у эквіваленце) — адной з галоўных умоў рэгістрацыі.

Чакаецца, што 29 студзеня пра свой удзел у прэзыдэнцкай кампаніі абвесьціць дзейны кіраўнік Украіны Пятро Парашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG