9 тэзісаў «беларускай часткі» перадвыбарчай праграмы вылучэнца блёку ўкраінскіх нацыяналістаў Руслана Кашулінскага.
Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны зарэгістравала 13 кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта на выбарах 31 сакавіка. Дакумэнты яшчэ 17 прэтэндэнтаў на ўдзел у выбарчай кампаніі вывучаюцца. Але вылучэньне ў кандыдаты пакуль не завершанае — паводле закону, усе ахвочыя рэалізаваць свае прэзыдэнцкія амбіцыі мусяць вызначыцца да 3 лютага, а ЦВК завершыць працэс рэгістрацыі 9 лютага.
Напярэдадні свае дакумэнты ў ЦВК здаў Руслан Кашулінскі — яго ў якасьці адзінага кандыдата падтрымалі ўсе нацыяналістычныя сілы Ўкраіны — уласна партыя «Свабода», намесьнікам старшыні якой ён зьяўляецца, праварадыкальная грамадзкая арганізацыя «С14» (Січ), «Правы сэктар», Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Кангрэс украінскіх нацыяналістаў.
Хто такі Кашулінскі?
Упершыню за ўсю гісторыю партыі «Свабода» на прэзыдэнцкую пасаду балятуецца не кіраўнік Алег Цягнібок, а ягоны намесьнік.
Па выніках парлямэнцкіх выбараў у 2012 годзе, калі гэтая партыя змагла сфармаваць сваю фракцыю ў Вярхоўнай Радзе, Руслан Кашулінскі быў выбраны намесьнікам старшыні парлямэнту.
У часе драматычных падзей на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве, у лютым 2014 году, калі ўсе кіраўніцтва Ўкраіны самаўхілілася ад сытуацыі, ён апынуўся, па сутнасьці, адзіным легітымным прадстаўніком улады — 20 лютага з уласнай ініцыятывы Руслан Кашулінскі сабраў дэпутатаў на пасяджэньне Вярхоўнай Рады, каб спыніць кровапраліцьце. У той жа дзень парлямэнтары прагаласавалі за адхіленьне Віктара Януковіча ад улады і за вывад падразьдзяленьняў «Бэркута» з Майдану на месцы дысьлякацыі.
Руслан Кашулінскі быў актыўным удзельнікам Рэвалюцыі годнасьці, а ў дні масавых расстрэлаў пратэстоўцаў дапамагаў выносіць параненых. Аднак пасьля зьмены ўлады на выбарах 2014 году партыі «Свабода» не пашанцавала захаваць парлямэнцкі статус. І Руслан Кашулінскі разам са сваімі паплечнікамі накіраваўся на ўсход — ён ваяваў артылерыстам і праз год перарваў службу, каб узяць удзел у выбарах мэра Львова — «свабодавец» прайшоў у другі тур галасаваньня, але ў выніку прайграў дзейнаму мэру Андрэю Садавому.
Руслан Кашулінскі адказаў Свабодзе на пытаньні, зьвязаныя зь ягонай палітыкай у дачыненьні Беларусі ў выпадку абраньня прэзыдэнтам Украіны. Асноўныя тэзісы.
1. Палітыка Кіева ў дачыненьні Менску памылковая
Руслан Кашулінскі выказаў незадаволенасьць палітыкай, якую афіцыйны Кіеў праводзіць у стасунках зь беларускімі ўладамі, ён лічыць яе памылковаю:
«У любой замежнай палітыцы мусяць быць прыбытак і дасягненьні — геапалітычныя, дыпляматычныя, эканамічныя. Ніводнага рашэньня з боку Беларусі ў падтрымку Ўкраіны, пачынаючы з 2014 году, на пасяджэньнях у ААН не было. Базавае галасаваньне за тэрытарыяльную цэласнасьць пасьля акупацыі Крыму Беларусь не падтрымала. Усе іншыя, а ў 2018 годзе было пяць галасаваньняў у ААН, беларуская дэлегацыя галасавала на карысьць Расейскай Фэдэрацыі».
2. Беларусь дапамагае Расеі абыходзіць эўрапейскія санкцыі
Паводле Кашулінскага, украінская ўлада «пачала заляцацца да рэжыму Лукашэнкі ў эканамічнай галіне, хоць і ведае, што Масква абыходзіць эўрапейскія санкцыі празь Беларусь і беларускія кампаніі»:
«Пачынаючы з 2014 году, таваразварот зь Беларусьсю праз украінскую чыгунку, у тым ліку праз Львоўскую, павялічыўся кардынальна, што азначае — расейскія фірмы, якія трапілі пад санкцыі, проста перарэгістраваліся або пачалі свой бізнэс празь Беларусь. І свае тавары ў Эўропу пачалі праводзіць празь Беларусь, таму і такога якаснага эфэкту санкцый на Расею практычна ня маем. Расея амаль не адчула праблем, таму што яна змагла абысьці санкцыі. Эўропа гэта разумее і ціхенька на гэта заплюшчвае вочы.
Ведае пра гэта і ўкраінская ўлада, але яна паддобрываецца. У прыватнасьці, у 2018 годзе яна дала магчымасьць беларускай кампаніі выйграць каля 14 тэндэраў на агульную суму 1,5 мільярда грыўняў у пабудове і рамонце дарог. Гэта прамая пратэкцыя. Чаму ўкраінская ўлада сёньня паддобрываецца да кіраўніцтва Беларусі, якое на міжнародным узроўні не падтрымлівае Ўкраіну, я не разумею».
3. Мірная пляцоўка ў Менску не працуе
Руслан Кашулінскі перакананы, што адсутнасьць адкрытай падтрымкі Ўкраіны з боку Беларусі стварае падставы для сумневаў у мэтазгоднасьці правядзеньня ў Менску перамоўнага працэсу для ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе:
«Менская пляцоўка пустапарожняя. Юрыдычнай асновы гэтыя перамовы ня маюць, і парлямэнт не зацьвярджаў менскіх дамоўленасьцяў. Гэта ўсяго толькі магчымасьць дыскутаваць і абмяркоўваць. Дзеля чаго? Каб туды пасылаць кума Пуціна Медведчука, які там будзе пра нешта дамаўляцца? Мы лічым менскі працэс недарэчным.
Ёсьць і яшчэ адна праблема — Нямеччына і Францыя, то бок дадатковы нармандзкі працэс. Але гэтыя краіны — бізнэс-партнэры Пуціна, якія будуюць „Паўночны паток-2“, і бюджэт Украіны фактычна страчвае на будаўніцтве гэтага газаправоду звыш 3 мільярдаў даляраў, а гэта практычна 10 адсоткаў ад агульнага аб’ёму бюджэту».
Прадстаўнік «Свабоды» перакананы, што ўкраінская ўлада за апошнія чатыры гады прайграла шмат стратэгічных крокаў, замест таго каб прыцягваць да вырашэньня ўсходняй праблемы падпісантаў Будапэшцкага мэмарандуму, разумеючы ўсе слабасьці гэтага дакумэнту.
«Наша задача — гэта ня столькі зьмена менскага фармату. Вяртаць палонных можна ў зусім іншых умовах — пачынаючы ад Чырвонага Крыжа і заканчваючы нэўтральнымі краінамі, такімі як Швэйцарыя, напрыклад, а не рабіць гэта зь Менску, улічваючы яго залежнасьць ад уплыву Расеі. Бо я нагадваю, што два нашы ўкраінскія журналісты былі затрыманыя ў Беларусі. Наколькі сёньня бясьпечна ў Менску і наколькі геапалітычна менскія дамоўленасьці зьяўляюцца пэрспэктыўнымі? Мы лічым, што гэтага няма».
4. Трэба ўлічваць патэнцыйныя пагрозы з тэрыторыі Беларусі
Руслан Кашулінскі прагназуе, што найбліжэйшым часам узаемаадносіны Беларусі і Расеі яшчэ больш ускладняцца.
«Расея геапалітычна хоча аднавіць ранейшы Савецкі Саюз. І Беларусь падпадае пад гэтую тактыку. Трэба разумець, што больш за тысячу агульнай мяжы зь Беларусьсю можа быць пагрозай, бо звышмагутныя, звышвялікія вайсковыя вучэньні ў 2017 годзе праходзілі на тэрыторыі Беларусі — яна ад іх не адмовілася. Такіх маштабных вучэньняў каля нашых межаў раней не было. У якім ваенным альянсе Беларусь? З Расеяй, вядома. Таму Беларусь — не нэўтральная краіна, і гэта велізарная праблема».
5. Сьцяна на мяжы зь Беларусьсю не патрэбна
У той жа час Кашулінскі не падтрымлівае ініцыятыў узводзіць сьцяну на беларуска-ўкраінскай мяжы. Узьвядзеньне фартыфікацыйных збудаваньняў на мяжы зь Беларусьсю прапанаваў дэпутат кааліцыйнай фракцыі «Народны Фронт» Ігар Гузь.
«Трэба ўзмацняць мяжу, але гэта не азначае, што павінна быць матэрыяльная сьцяна, як у Амэрыцы. Гэта павінны быць узброеныя сілы, якія могуць у вельмі кароткія тэрміны эфэктыўным спосабам адбіць наступ, бо Беларусь ёсьць хаўрусьніцай Масквы і магчымасьць таго, што Масква ў любы спосаб можа паглынуць Беларусь, велізарная. Колькі часу вытрымае Лукашэнка манэўраваць, і колькі Пуцін дазволіць яму манэўраваць?»
6. Украіне патрэбна незалежная Беларусь
Камэнтуючы заяву Правага сэктару аб гатоўнасьці дапамагчы беларускім уладам у выпадку агрэсіўных дзеяньняў Расеі, Руслан Кашулінскі адзначыў:
«Калі мы страцім Беларусь, практычна апынёмся ў атачэньні — Беларусь, Расея, Прыднястроўе, Азоўскае мора. Таму барацьба за Беларусь нам вельмі неабходная. Ці мы і ўкраінская ўлада гатовыя сёньня садзейнічаць і адстойваць Беларусь — у мяне велізарны сумнеў, улічваючы эканамічны, ідэалягічны і палітычны рычагі, якія Расея ўжо ўкараніла ў Беларусі.
Ці зможам мы адцягнуць Беларусь ад залежнасьці Масквы, ці ў нас ёсьць такі рэсурсны патэнцыял? Толькі ва Ўкраіне — няма. Але ці захоча Эўропа ўкладвацца ў тое, каб адцягнуць Беларусь ад Расеі — яна і ўва Ўкраіну нешта ня вельмі хоча ўкладацца. А Амэрыка перакладае ўсё на Эўрапейскі Зьвяз.
Сёньня трэба быць максымальным рэалістам, а не будаваць сабе нейкія паветраныя замкі. Але трэба змагацца, спрабаваць. Чым больш мы адцягнем момант паглынаньня Расеяй Беларусь, тым будзе лепш для Ўкраіны, і ўключацца неабходна».
7. Найбольш эфэктыўная мадэль супрацоўніцтва — Балта-Чарнаморская вось
Руслан Кашулінскі падкрэсьліў, што нацыяналістычныя сілы Ўкраіны ў разьвіцьці дачыненьняў зь Беларусьсю абапіраюцца на ідэю Балта-Чарнаморскага зьвязу:
«Наша базавае стратэгічнае бачаньне ў тым, што для Ўкраіны сёньня найбольш эфэктыўная мадэль супрацоўніцтва — гэта Балта-Чарнаморская вось. Гэта значыць, не па гарызанталі, як цяпер: Парыж — Бэрлін —Масква, а па вэртыкалі — краіны Балтыі, Беларусь, Украіна, Турэччына».
8. Ня хочам, каб Беларусь канчаткова стала васалам Расеі
Свае дачыненьні зь беларускімі ўладамі ў выпадку перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах Руслан Кашулінскі абяцае будаваць выключна на адстойваньні нацыянальных інтарэсаў:
«У міждзяржаўнай палітыцы няма вечных ворагаў і сяброў. Ёсьць заўсёды толькі нацыянальныя інтарэсы. Калі ты іх абараняеш і ведаеш праблемы, моцныя і слабыя бакі свайго суседа, мы будзем выступаць, каб максымальна не даць паглынуць Маскве Беларусь. Ці зможам самі і ці ўдасца іншых прыцягнуць? Будзем старацца. Але наколькі глыбока залезла Расея ў Беларусь і наколькі глыбока яна кантралюе грамадзка-эканамічнае жыцьцё ў Беларусі — вось у чым праблема. Трэба дзейнічаць і працаваць (дыпляматычна і эканамічна), каб Беларусь падтрымлівала Ўкраіну на міжнародным узроўні. Мы зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь канчаткова не стала васалам Расеі. І можам дапамагчы, але на пэўных умовах, каб нам гэта было выгадна».
9. Папулярнасьць Лукашэнкі ва Ўкраіне — міт зь мінулага
Руслан Кашулінскі скептычна ставіцца да вынікаў сацыялягічных апытаньняў, якія сьведчаць аб тым, што ўкраінцы аддаюць найбольш сымпатый Аляксандру Лукашэнку сярод іншых замежных палітыкаў:
«Як кажуць ва Ўкраіне, сацыялёгія — навука недакладная, грошы назад не вяртаюцца. Можа, гэта нейкае жаданьне вярнуцца да савецкай рэчаіснасьці і вялікая колькасьць людзей мае пэўную настальгію па так званай моцнай руцэ, якая адначасова навядзе парадак.
Ва Ўкраіне ёсьць такі стары анэкдот пра сабаку, які ня мае ежы і хоча перайсьці беларуска-ўкраінскую мяжу. Памежнікі пытаюцца: чаго ты прыйшоў? Той адказвае: „У Беларусі танныя прадукты харчаваньня, хоць паем“. Празь некаторы час ён ужо такі тоўсты і прыгожы вяртаецца назад і ў яго пытаюць: „Чаму вяртаесься?“, а той адказвае: „Там нават гаўкнуць нельга“.
Мяркую, што гэты анэкдот вельмі дакладна характарызуе гэтае пытаньне — людзі, якія ацэньваюць, не былі там, і яны ня могуць параўноўваць. Ёсьць нейкія міты, якія надзейна і паліттэхналягічна пабудаваныя, што там цуд, шчасьце і ёсьць усё неабходнае забесьпячэньне».