Надзею Саўчанку, былую ваенную лётчыцу і дэпутатку Вярхоўнай Рады Ўкраіны, якая зараз знаходзіцца пад арыштам паводле абвінавачваньня ў падрыхтоўцы тэракту і дзяржаўнага перавароту, вылучылі ў прэзыдэнткі Ўкраіны.
Вылучэньне адбылося на зьезьдзе яе партыі «Грамадзянска-палітычная плятформа Надзеі Саўчанкі». Ліст Саўчанкі з СІЗА зачытала на зьезьдзе яе сястра Вера. Як паведамляецца, дэлегаты зьезду трымалі ў руках гранаты (садавіну). Гэта адсылка да аднаго з абвінавачваньняў на адрас Саўчанкі, што яна рыхтавала абстрэл Вярхоўнай Рады з гранатамёту. «У праграме кандыдаткі — зьмена палітычнай сыстэмы канстытуцыйным шляхам», — гаворыцца ў паведамленьні пра зьезд.
Надзея Саўчанка стала вядомая ў 2014 годзе, калі была ўзятая ў палон падтрыманымі Расеяй сэпаратыстамі на Данбасе і перапраўлена ў Расею. Расейскі суд прызнаў Саўчанку вінаватай у гібелі расейскіх журналістаў у Данбасе. Пасьля яе абмянялі на расейцаў. Яшчэ будучы ў расейскім СІЗА, Саўчанка была абраная ў Вярхоўную Раду. У сакавіку летась Рада дала згоду на яе прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці і арышт. Саўчанку абвінавачваюць у падрыхтоўцы перавароту.
Саўчанка сьцьвярджае, што да яе ў СІЗА не дапускаюць натарыюса, каб яна магла падпісаць дакумэнты для ўдзелу ў выбарах. У СБУ адмаўляюць, што яна зьвярталася з такой просьбай.
Перадвыбарчыя рэйтынгі Саўчанка ў апытаньнях не перавышалі 2 адсоткаў, у апошнія апытаньні яна наогул не ўключалася.
Выбары прэзыдэнта Ўкраіны пройдуць 31 сакавіка. Цэнтральная выбарчая камісія ўжо зарэгістравала 20 кандыдатаў, у тым ліку Юлію Цімашэнку, якая на дадзены момант лідзіруе ў апытаньнях. Прэзыдэнт Пятро Парашэнка пакуль не вылучаў сваю кандыдатуру, чакаецца, што ён зробіць гэта на наступным тыдні.