Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юлія Цімашэнка абяцала Беларусі падтрымку на шляху ў Эўразьвяз, калі яе выберуць прэзыдэнтам Украіны


Лідэр партыі «Бацькаўшчына» («Батьківщина») Юлія Цімашэнка
Лідэр партыі «Бацькаўшчына» («Батьківщина») Юлія Цімашэнка

Адна з фаварытак перадвыбарчай гонкі ва Ўкраіне Юлія Цімашэнка адказала на пытаньне Свабоды пра яе палітыку ў дачыненьні Беларусі ў выпадку абраньня прэзыдэнткай.

Лідэр партыі «Бацькаўшчына» («Батьківщина») Юлія Цімашэнка перакананая, што Беларусь, як і Ўкраіна, мае арыентавацца на эўрапейскія каштоўнасьці і вызначыць Эўрапейскі Зьвяз як прыярытэтны вэктар сваёй замежнай палітыкі.

Адказваючы на пытаньне Свабоды, ці будзе яна ўлічваць інтэграцыйны канфлікт між Беларусьсю і Расеяй пры стасунках зь беларускім бокам, Юлія Цімашэнка заявіла:

«Я перакананая ў тым, што крок за крокам усе краіны, якія выйшлі з Савецкага Саюзу, будуць набліжацца да эўрапейскіх каштоўнасьцяў, у тым ліку да вельмі цеснай супрацы з тымі краінамі, якія ўваходзяць у Эўразьвяз. Украіна будзе ня толькі сама праходзіць гэты шлях — набліжэньне і сяброўства ў Эўразьвязе, а мы будзем рабіць так, каб усе краіны эўрапейскага кантынэнту рана ці позна мелі магчымасьць стаць часткай адной (эўрапейскай) сям’і».

У той жа час, кажучы пра свае крокі для ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе, яна не згадала, ці павінна ў Менску заставацца перамоўная пляцоўка:

«Мы сёньня гатовыя распачаць новы перамоўны працэс з далучэньнем краінаў, якія давалі нам абсалютна легітымныя гарантыі міру і бясьпекі нашай краіны, калі мы аддавалі ядзерную зброю. Мы мусім вярнуцца да Будапэшцкага мэмарандуму, і трэба весьці сапраўдныя міжнародныя перамовы, базуючыся на міжнародным праве.

Вяртаньне Крыму і Данбасу мае пачацца ўжо сёньня паралельна са стратэгіяй усталяваньня міру. І ў нас прадугледжаны ўсе першачарговыя крокі. Трэба толькі цьвёрда сказаць: і Крым, і Данбас — гэта Ўкраіна, і мы вернем нашы тэрыторыі ў склад нашай дзяржавы».

Сёньня лідэрка «Бацькаўшчыны» падала ў Цэнтральную выбарчую камісію дакумэнты, неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам на прэзыдэнта.

Па стане на раніцу 23 студзеня, ЦВК Украіны зарэгістравала 13 кандыдатаў. Дакумэнты яшчэ 15 кандыдатаў камісія вывучае на адпаведнасьць патрабаваньням выбарчага заканадаўства, згодна зь якім Цэнтральная выбарчая камісія мае на працягу 5 дзён ухваліць рашэньне аб рэгістрацыі прэтэндэнта кандыдатам або аб адмове ў рэгістрацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG