Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я і цяпер сьню вайну». Вусьцішная гісторыя Клары Альтшулер, якая перажыла Галакост


Клара Захараўна Альтшулер
Клара Захараўна Альтшулер

85-гадовая Клара Захараўна Альтшулер — сьведка зьнішчэньня нацыстамі шклоўскага гета. Уратаваўшыся ад расстрэлу разам з маці, шасьцігадовая дзяўчынка неўзабаве засталася сіратой. Доўгі час баялася прызнацца, што яна габрэйка. Цяпер жыве з думкай, каб перажытае ёю не паўтарылася.

У Шклове, які лічыўся буйным габрэйскім асяродкам, нацысты расстралялі больш як 5 тысяч чалавек. У памяць пра загінулых на мясцовых могілках зрабілі мэмарыял. Да нашых дзён дажылі толькі двое сьведак тутэйшага Галакосту. Клара Захараўна — адна зь іх.

Каротка пра Галакост

  • У Другую Ўсясьветную вайну нацысты зьнішчылі шэсьць мільёнаў габрэяў.
  • У Беларусі, паводле дасьледнікаў, было забіта ад 75 да 80 працэнтаў габрэйскага насельніцтва. Ацэнкі колькасьці зьнішчаных габрэяў вагаюцца ад 600 ды 800 тысяч.
  • У Савецкім Саюзе падзеі Галакосту замоўчваліся з ідэалягічных прычын.
  • Сыстэматычная праца дзеля ўвекавечаньня памяці пра ахвяраў катастрофы пачалася, калі Беларусь стала незалежнай.

27 студзеня, у Міжнародны дзень ахвяраў Галакосту, Свабода публікуе аповед Клары Альтшулер пра яе жыцьцё, сьмерць блізкіх і выратаваньне.

Фота з шчасьлівага дзяцінства, якое магло быць такім

Клара Захараўна нарадзілася ў Шклове і ўсё сваё жыцьцё пражыла ў ім. Калі пачалася вайна, ёй было шэсьць гадоў. Незадоўга да трагедыі бацькі сфатаграфавалі дачку.

Фота Клары Альтшулер, зробленае напярэдадні вайны
Фота Клары Альтшулер, зробленае напярэдадні вайны

Дачка Клара ў сям’і Альтшулераў была адна. Яе тата Залман Навумавіч быў дырэктарам райспажыўсаюзу. Маці, Малка Захараўна, — швачкай. Утрох яны жылі на вуліцы Інтэрнацыянальнай у сваім доме. Цяпер яго няма.

Як пачалася вайна, бацьку Клары Захараўны прызвалі на фронт. Ён пасьпеў адшукаць каня для жонкі і дачкі і выправіць іх з гораду. Па словах суразмоўніцы, у дарозе яны прабылі блізу тыдня. Калі пачулі страляніну, то зразумелі, што далей ехаць нельга, і вырашылі вярнуцца ў Шклоў.

«Наш дом ужо быў разрабаваны, выламаныя дзьверы. Пераначавалі ў суседзяў. Праз два дні, як вярнуліся, нацысты з паліцаямі арганізавалі аблаву на габрэяў. Яны абыходзілі кожны дом, вышукваючы іх і зганяючы ў адзін з будынкаў ільнозаводу», — нясьпешна апавядае Клара Захараўна.

«Я чула стрэлы, крыкі людзей...»

На льнозаводзе нацысты арганізавалі гета — адно з двух у Шклове. Сёньня на тэрыторыі заводу ёсьць помнік работнікам, якія загінулі ў вайну, але асобнага знаку ахвярам гета няма.

«У будынку, дзе раней месьціўся заводзкі клюб, нас трымалі некалькі дзён. Ён быў поўны людзей. Зь яго нікуды не выпускалі. Не кармілі. Усе сядзелі на падлозе. Лямантавалі дзеці. Вартаўнікамі былі мясцовыя жыхары», — кажа далей Клара Захараўна.

Клара Альтшулер у сваёй кватэры ў Шклове
Клара Альтшулер у сваёй кватэры ў Шклове

Па яе словах, зьняволеныя ня ведалі, што іх чакае. Тым часам акупацыйная ўлада запалохвала негабрэйскае насельніцтва Шклова: калі тыя будуць хаваць габрэяў — іх расстраляюць.

Аднаго дня вязьняў гета пашыхтавалі калёнамі і пад аховай салдат з сабакамі павялі на бераг Дняпра. Клара Захараўна кажа, што яе бацьку добра ведалі ў Шклове і нехта пасьпеў параіць маці, каб тая з дачкой адстала ад калёны. Абедзьвюх схаваў натоўп зь мясцовых жыхароў, якіх сагналі паглядзець на расстрэл. На месцы забойства загадзя выкапалі яміны.

«Я чула стрэлы, крыкі людзей. Усе навокал лямантавалі. Казалі, што яшчэ тры дні зямля дыхала на месцы забойства. Шмат людзей паміралі ў ямінах параненымі. Уратаваўшыся, маці і я перабылі дзень у сваёй хаце. Ноччу сышлі з гораду і пайшлі па вёсках», — працягвае Клара Захараўна.

«Маці забілі паліцаі. Яе цела зьелі сабакі»

Пагалоска пра расстрэл шклоўскіх габрэяў хутка разьляцелася па ваколіцах. Вяскоўцы баяліся даваць прытулак Клары і яе маці. Пасьля доўгага блуканьня іх узяла да сябе жыхарка вёскі Ганцавічы, што за 15 кілямэтраў ад Шклова. Хавала ў пограбе. Начамі маці шыла на машынцы для гаспадыні. Ежу мусілі знаходзіць самі.

Кларына маці выбіралася з хованкі і хадзіла па вёсках, выпрошваючы харчы. Каб у ёй ня ўгледзелі габрэйкі, павязвала хустку. Часам брала з сабою дачку. Так яны пражылі ў Ганцавічах да глыбокай восені.

Пасьляваеннае фота Клары Альтшулер
Пасьляваеннае фота Клары Альтшулер

«Аднойчы маці ў дарозе засьпелі п’яныя паліцаі. Нехта зь іх пазнаў яе. Яе забілі, а перад гэтым пазьдзекаваліся. Цела так і засталося ляжаць пры дарозе. Потым яго зьелі сабакі. Пра матчыну сьмерць сказаў гаспадыні нейкі мужчына. Мяне яна адразу выгнала, бо я не магла шыць. Я засталася зусім адна», — стрымліваючы сьлёзы, згадвае Клара Захараўна.

«Начамі хадзіла па хатах. Прасіла пагрэцца. Не пускалі»

Дзяўчынцы не было куды ісьці, і яна засталася ў Ганцавічах. Надышла зіма. Малая абмарозіла рукі і ногі. Ад голаду апухла. Начамі яна грукала ў вокны, каб яе пусьцілі ў хату пагрэцца, але адусюль яе гналі. Не цураліся біць і зьневажаць. Казалі, каб не паказвалася на вочы, бо заб’юць. Адна зь вясковак параіла начаваць у гумне за паселішчам. Ратунку не знайшла і там.

З бацькам Залманам Навумавічам
З бацькам Залманам Навумавічам

Па словах Клары Захараўны, калі вясковая дзятва даведалася, што яна там начуе, то прыходзіла да яе. Гэтак жа, як і дарослыя, абражалі. Нацкоўвалі сабак. Спрабавалі спаліць гумно разам зь ёю. Дзяўчынка стала хавацца каля адной з хат пры дарозе.

«Людзі ведалі, што я там сяджу, і прыносілі нешта зь ежы. Тады па мне ўжо поўзалі вошы. Я стала кепска бачыць», — пасьля невялікай паўзы дадае суразмоўніца.

Хата, у якой не хацелі жыць з «жыдоўкай»

Увесну 1942 году Клару забрала да сябе пажылая жанчына зь вёскі Барыскавічы. Яна наведалася ў Ганцавічы, каб запрасіць сваю радню на памінальны стол па сыну. Кабета ўбачыла мурзатую дзяўчынку. Ёй расказалі, што «малая жыдоўка, яе матку забілі, і яна нікому не дае спакою ў вёсцы».

Звалі гэтую жанчыну Марыя Іванаўна Дубоўская. У яе Клара пад імем Клавы Дубоўскай пражыла два гады. У сваім аповедзе суразмоўніца называе жанчыну «бабуляй». У яе быў муж і двое сыноў. Адзін пайшоў у паліцаі, а другі заставаўся дома. Трое мужчынаў не хацелі жыць разам з «жыдоўкай».

«Яны абыходзіліся са мною кепска. Зьневажалі і білі. Калі не было ў хаце Марыі Іванаўны, мяне выганялі. Тады я чакала яе ў двары. Яна сварылася на іх, але гэта ня дзейнічала», — кажа Клара Іванаўна.

«Гнала самагонку»

Пра тое, што ў доме Дубоўскіх жыве «жыдоўка», нехта данёс паліцыі. Пачалі праводзіць аблавы, але ўпільнаваць сірату не змаглі. Як кажа суразмоўніца, сын гаспадыні, які стаў паліцаем, пазьней казаў, што пра аблавы паведамляў маці. Настойваў, што на службу да нацыстаў пайшоў, каб уратаваць Клару. Калі Шклоў вызвалілі, хлопца судзілі, але дзяўчынка сваімі сьведчаньнямі абараніла яго. Былога паліцая забралі ў савецкае войска. Паваяваўшы, ён вярнуўся ў родную вёску.

У Дубоўскіх Клара гнала самагонку. У хлеўчыку быў асобны пакой з самагонным апаратам. Падкідала дровы ў печку, разьлівала ў чыгункі брагу. Як бутэлька нальецца даверху — мяняла. Гаспадары ладзілі папойкі, а ўпіўшыся, зьдзекаваліся з прыёмнай дзяўчынкі. Ад самагонкі, прыгадала Клара Захараўна, памёр муж гаспадыні.

«Гаспадыня пра мяне клапацілася. Прыглядала. Я называю яе сваёй ратавальніцай. Ужо дарослай я запыталася ў яе неяк, чаму яна мяне падабрала. Бабуля адказала, што хацела, каб у яе была дачка, а пра пагрозу расстрэлу ня думала», — сказала суразмоўніца.

Марыя Іванаўна не аддала Клару і партызанам. Тыя аднойчы заявіліся ўначы і хацелі забраць сірату, але гаспадыня выгнала іх з хаты.

«Бабуля, ратуйся, нас прыедуць страляць»

Калі раён вызвалілі ад нацыстаў, Клара насіла ежу зьняволенаму сыну Марыі Іванаўны — паліцаю. Празь дзень праходзіла па два дзясяткі кілямэтраў. Аднойчы на шклоўскай вуліцы яе пазнала нейкая жанчына. Яна назвала дзяўчынцы яе сапраўднае прозьвішча. Клара спалохалася і кінулася ў Барыскавічы, каб папярэдзіць сваю бабулю, што неўзабаве прыедуць іх страляць.

Вуліца, на якой было гета ў Шклове (архіўнае фота)
Вуліца, на якой было гета ў Шклове (архіўнае фота)

Напярэдадні Духавага дня, кажа Клара Захараўна, калі яны прыбіралі хату, прыехала на кані тая жанчына і нейкі мужчына ў вайсковай форме.

«Я спалохалася, бо думала, што прыехаў немец мяне забіваць. Кінулася хавацца. А гэты мужчына за мною. Мая бабулька заступіла яму дарогу і пачала выштурхоўваць з хаты. Гэты мужчына быў маім татам. Яго адпусьцілі з фронту, каб адшукаў родных. Ён пазнаў мяне адразу, але я яго не падпускала да сябе. Тады ён апавёў пра маю маму, пра хату, якую я памятала», — крыху павесялеўшы, кажа суразмоўніца.

Жыцьцё ў прытулку: «Адно што не ўміралі»

Пакідаць хату Дубоўскіх дзяўчынка не хацела, але бацька надумаўся аддаць яе ў дзіцячы дом, пакуль сам будзе на фронце. Клара паехала зь ім у Шклоў толькі разам з Марыяй Іванаўнай. Клара Захараўна кажа, што не магла прызвычаіцца да купленай у горадзе сподняй бялізны, бо за вайну адвыкла і ад яе, і ад добрай адзежы. «Мне ўсё муляла», — згадвае яна.

Прытулак Клары знайшлі ў мястэчку Круглае (цяпер райцэнтар на паўночным захадзе Магілёўшчыны. — РС). Прабыла там два гады. Жылі ў бараку, які пабудавалі немцы. Ён быў халодны. Спалі на трох’ярусных палацях.

Клара Альтшулер
Клара Альтшулер

«Хлопчыкі зьбівалі дзяўчынак. У сталоўку вадзілі шыхтам. Кармілі кепска. Адно што не ўміралі», — прыпомніла суразмоўніца.

Потым Клару прытуліла бацькава сястра, якая адшукалася ў Ленінградзе. У яе было двое сваіх дзяцей, і «яна больш клапацілася пра іх, чым пра дачку брата». На вайсковай службе Кларын бацька прабыў да 1946 году. Пасьля забраў яе да сябе.

«Мяне ўсю калоціць, як згадваю перажытае»

Клара Захараўна прызналася, што доўга пасьля вайны баялася называць сябе габрэйкай.

«Я і цяпер вайну сьню. Мяне ўсю калоціць, як даводзіцца згадваць перажытае. Я баюся голаду. Не пераношу холад наагул. Так выйшла, што я ўсім перашкаджала. Няхай перажытае мною ніколі не паўторыцца», — кажа яна.

Мэмарыял ахвярам Галакосту на габрэйскіх могілках у Шклове
Мэмарыял ахвярам Галакосту на габрэйскіх могілках у Шклове

Клара Захараўна скончыла дзесяць клясаў і дашкольны тэхнікум. Вывучылася на пэдагога дашкольных устаноў. 38 гадоў адпрацавала выхавацелем у дзіцячым садку. Кажа, што працавала чэсна і былыя гадаванцы яе любяць. Часта тэлефануюць, каб параіцца зь ёю.

«Спачатку я паступіла ў мэдыцынскі тэхнікум, але ад вучобы на мэдыка мяне адгаварылі. Пераканалі ў тым, што я баюся і крыві, і памерлых. Я вырашыла пайсьці ў пэдагагічны», — патлумачыла яна.

У Клары Захараўны двое сыноў. Адзін зь іх жыве ў Ізраілі. Яна ж засталася ў Шклове разам з другім сынам. Муж жыве ў Ізраілі. Сёлета адзначыць 90-гадовы юбілей. Клара Захараўна застаецца пад сваім дзявочым прозьвішчам у памяць пра забітую маці.

Пахаваньне бацькі Клары Альтшулер
Пахаваньне бацькі Клары Альтшулер

Пра перажытае ў вайну згадвае рэдка. Прызнаецца, што многае прызабылася, але і таго, што памятае, даволі, каб жахнуцца.

«Ёсьць людзі дрэнныя, а ёсьць добрыя, — адказвае яна на пытаньне, чаму з малой дзяўчынкай-сіратой так жорстка абыходзіліся вяскоўцы. — Нельга ўсіх пад адну мерку ставіць. Усе тады былі напалоханыя, пакутавалі. Я адна зь іх. Мяне ж бараніў Усявышні».


Упершыню апублікавана на нашым сайце 27.01.2019

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG