У Ізраілі памёр апошні вядомы ўдзельнік паўстаньня 1943 году ў Варшаўскім гета Сімха Ратгайзэр-Ротэм. Яму было 94 гады.
Ротэм пад псэўданімам Казік быў чальцом Габрэйскай баявой арганізацыі, якая ў красавіку 1943 году ў акупаванай нацыстамі Варшаве ўдзельнічала ў паўстаньні ў габрэйскім гета.
Паўстаньне было жорстка задушана. Каля 10 тысяч чалавек загінулі ў гета, 50 тысяч нацысты адправілі ў лягеры сьмерці.
Сімха Ротэм, якому на час паўстаньня было 19 гадоў, вывеў дзясяткі людзей з гета праз тунэлі каналізацыі. Пазьней ён браў удзел у Варшаўскім паўстаньні ў 1944 годзе.
Пасьля вайны пераехаў у Ерусалім.