У ноч з 9 на 10 лістапада 1938 году ў Бэрліне і іншых гарадах Нямеччыны, а таксама ў акупаваных Судэтах і анэксаванай Аўстрыі прайшлі габрэйскія пагромы. Пазьней гэтыя падзеі назвалі «Крыштальнай ноччу» — з прычыны аскепкаў шкла тысячаў вітрынаў, выбітых у ятках і крамах, якія належалі габрэям.
Афіцыйна пагромы тлумачыліся адказам на забойства ў Парыжы нямецкага дыплямата Эрнста фом Рата. Ён памёр ад куль, выпушчаных габрэйскім уцекачом Гершэлем Грыншпанам. Але гісторыкі даказалі, што пагром рыхтаваўся задоўга да сьмерці дыплямата і нацысты толькі чакалі нагоды, каб упершыню масава ўжыць гвалт супраць габрэяў. Гёбэльс хацеў зладзіць падобны пагром яшчэ ў 1936 годзе, але рэалізацыю пляну адклалі з прычыны Алімпійскіх гульняў у Бэрліне.
Да таго часу правы габрэяў на тэрыторыі Нямеччыны ўжо былі сур’ёзна абмежаваныя — напрыклад, ім забаранялася ўступаць у шлюбы зь немцамі і валодаць зброяй. За парушэньні новых законаў іх адпраўлялі ў лягеры.
Чальцы СА і СС, а таксама «спантанныя мсьціўцы» грамілі крамы, рэстараны, сынагогі, кватэры і могілкі. Яны зьбівалі жанчын, а мужчын арыштоўвалі. У тую ноч загінулі як найменей 400 чалавек: у лік ахвяраў уключаюць тых, хто забіў сябе, і памерлых ад траўмаў.
З 30 тысяч арыштаваных падчас «Крыштальнай ночы» дзьве траціны разьмеркавалі па лягерах Дахаў, Заксэнгаўзэн і Бухэнвальд. Дзясяткі былі расстраляныя, сотні загінулі пры спробах уцёкаў, але большую частку выпусьцілі на свабоду — габрэі падпісвалі абавязаньне пакінуць Нямеччыну і перадаць дзяржаве ўсю сваю маёмасьць.
Падзеі «Крыштальнай ночы» падштурхнулі многіх габрэяў, якія засталіся на волі, эміграваць. Да пачатку Другой усясьветнай вайны Нямеччыну пакінулі 300 тысяч габрэяў. Эміграваць у тыя гады было ня так проста: многія дзяржавы проста адмаўляліся прымаць уцекачоў.
На наступны дзень пасьля пагрому Гітлер загадаў цалкам выключыць габрэяў з эканомікі Нямеччыны. Удзельнікаў «Крыштальнай ночы» абвінавачвалі ў зьнішчэньні маёмасьці — напрыклад, Герман Гэрынг казаў, што «хацеў бы, каб забілі 200 габрэяў, але не зьнішчалі каштоўнасьці». Зрэшты, шкоду ад пагрому кампэнсавалі самі габрэі: іх абклалі штрафам больш чым мільярд райхсмарак.