Ня варта лічыць мэмарыялізацыю Галакосту справай толькі саміх яўрэяў, гісторыя беларускіх яўрэяў — неад’емная частка гісторыі Беларусі, лічыць кіраўнік праекту «Гісторыя яўрэяў у Беларусі» ў Цэнтры дыяспары пры Тэль-Авіўскім унівэрсытэце прафэсар Леанід Сьмілавіцкі. Пра праблему захаваньня яўрэйскай памяці ў Беларусі — у інтэрвію Свабоды Premium з дасьледчыкам.
Сёлета была адзначаная 75-ая гадавіна зьнішчэньне менскага гета — самага вялікага на тэрыторыі Савецкага Саюзу ў межах 1939 году.
Адбыўся жалобны мітынг у каля мэмарыялу «Яма», на які сабраліся некалькі сотняў чалавек, сярод іх нашчадкі вязьняў гета, замежныя госьці, дыпляматы, прадстаўнікі розных канфэсій. У музэях прайшлі тэматычныя выставы, у прыватнасьці ў Музэі Вялікай айчыннай вайны адкрылася часовая экспазыцыя «Памяці Менскага гета». Круглы стол «Трагедыя менскага гета: памяць і ўрокі» адбыўся ў МЗС Беларусі.
Кіраўнік праекту «Гісторыя яўрэяў у Беларусі» ў Цэнтры дыяспары пры Тэль-Авіўскім унівэрсытэце прафэсар Леанід Сьмілавіцкі напярэдадні гадавіны падводзіў вынікі апошніх 75 гадоў у справе захаваньня памяці пра Галакост у Беларусі. Тады ён выказаў папрок дзяржаўным структурам Беларусі, што яны застаюцца ўбаку ад мэмарыялізацыі Галакосту, пакідаючы гэтую справу прыватным ініцыятывам з падтрымкай замежных спонсараў. «Маўляў, гэта трэба адным яўрэям, дык хай яўрэі і клапоцяцца».
У дзень гадавіны, 21 кастрычніка, у інтэрвію ізраільскаму інфармацыйна-аналітычнаму сайту «Детали» Леанід Сьмілавіцкі зноў гаварыў пра няўвагу ўладаў да гэтай тэмы. На ягоную думку, гэтая няўвага мае прычынай памылковы пасыл: «ня варта дзяліць ахвяры нацыстаў на яўрэяў і беларусаў».
На пачатку лістапада прафэсар Сьмілавіцкі ўзяў удзел у міжнародным круглым стале «Менскае гета: праз 75 гадоў», які прайшоў у Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Ламаносава. Мы пагаварылі зь ім пра стан справы па выніках адзначэньня гадавіны.
— Сёлета вы прысьвяцілі нямала часу аналізу і асэнсаваньню сытуацыі вакол захаваньня памяці ахвяраў Катастрофы беларускага яўрэйства ў гады Другой сусьветнай вайны. Якія асноўныя моманты трэба мець на ўвазе ў падыходзе да гэтай тэмы?
— Я хацеў бы пачаць з таго, што сьвет ніколі б не даведаўся ўсяе праўды пра Катастрофу, калі б не было дзяржавы Ізраіль. Гэта першае. Другое — гэта тое, што трэба заўсёды памятаць: ніводзін яўрэй ня выжыў быў на акупаванай тэрыторыі, калі б не дапамога беларусаў. Трэцяе: Галакост ніколі б не прыняў такіх маштабаў, калі б не саўдзел мясцовага насельніцтва. І чацьвёртае: беларусы ніколі не выступалі ініцыятарамі пагромаў і расстрэлаў, у адрозьненьне ад таго, што адбывалася на іншых тэрыторыях Савецкага Саюзу — у краінах Балтыі, ва Ўкраіне, у Расеі. Гэтыя чатыры моманты — асноўныя, і пра іх заўсёды трэба памятаць, калі гаворыцца пра Катастрофу.
Галакост і «Халодная вайна»
— У сваім тэксьце на нашым сайце летам вы зазначылі, што да распаду СССР першы і апошні раз праўда пра Менскае гета і Галакост на старонках афіцыйнай навуковай літаратуры ў БССР прагучала... у кнізе «Ўсенародная партызанская вайна ў Беларусі супраць фашысцкіх захопнікаў», якая ўбачыла сьвет пад аўтарствам Лаўрэнція Цанавы ў Менску ў 1949 годзе. Як па-вашаму, чаму гэтая тэма там наагул была закранутая?
— Выпадкова сталася так, што я быў сьведкам размовы майго бацькі і Міхаіла Яфімавіча Шкляра — доктара гістарычных навук, прафэсара, старэйшага навуковага супрацоўніка Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КПБ, навуковага кіраўніка майго бацькі. У адной з размоваў за сталом ён прыгадваў, як была напісаная тая кніга Цанавы.
Цанава ў 1949 годзе сабраў беларускіх гісторыкаў і сказаў: «Пакуль не напішаце, вы з гэтага пакоя ня выйдзеце!» Фігуральна кажучы. У іх быў месяц тэрміну, каб у пажарным парадку хуценька гэта зрабіць. І большая частка гэтых гісторыкаў былі яўрэі. Шкляр быў адным з удзельнікаў гэтай каманды. Згаданая мною размова адбывалася недзе ў 1970-75 годзе — за сталом, за чаркай, са сьмяшком... А цяпер я разумею значнасьць той інфармацыі, якую я тады пачуў.
Зразумела, што калі яўрэйскія гісторыі пісалі гісторыю партызанскага руху, яны не маглі абысьці маўчаньнем гета. Яны атрымалі карт-блянш. Цанава быў чалавекам нумар два пасьля Панамарэнкі, а можа і нумар адзін у Беларусі. Ён даў ім у распараджэньне ўсе неабходныя статыстычныя справаздачы, картатэку Цэнтральнага штабу партызанскага руху, усё што было патрэбна, таму гэта наагул кніга ўнікальная, калі паглядзець. І там было сказана пра тое, што было гета, што быў супраціў, што было страшнае няшчасьце, злачынства. Усё гэта пасьля зьнікла.
— Аднак, як зноў жа казалі раней вы, неўзабаве гэтую тэму пачалі абыходзіць стараной і яна ўжо ніколі больш ня згадвалася. Чаму?
— Рэч у тым, што яўрэйская тэма — а ня толькі Галакост — стала ключавой тэмай у супрацьстаяньні з Захадам ва ўмовах «Халоднай вайны». Таму калі гаварыць пра ўдзел яўрэяў у супраціве, трэба было адысьці ад тых стэрэатыпаў, якія ўзьніклі з пачаткам «Халоднай вайны». Увага да яўрэйскай тэмы парушала гарманічную мадэль савецкага інтэрнацыяналізму, якая адмаўляла — на справе, а не на словах — увагу да нацыянальнага жыцьця. Калі гаварыць пра яўрэяў, то чаму не гаварыць пра нацыянальнае жыцьцё беларусаў, палякаў, татараў у рэспубліцы?
Тэма Галакосту задавала новыя і новыя пытаньні, мяшала карты і парушала «единомыслие». А савецкае грамадзтва, як мы з вамі добра ведаем, заставалася безальтэрнатыўным і закрытым.
Урэшце, адказваючы на пытаньне аб трагедыі яўрэяў, непазьбежна трэба было адказаць на пытаньне пра цану перамогі, пра тое, чаму яўрэяў не ратавалі. Не было такога загаду Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандаваньня, не было загаду Цэнтральнага штабу партызанскага руху — ратаваць вязьняў гета. Не было!
Былі выпадкі, калі партызаны ратавалі яўрэяў, але гэта было з асабістай ініцыятывы партызанскіх камандзіраў — або самі яўрэі былі ў кіраўніцтве атрадаў, або ў некага была жонка яўрэйка. Было пяць-шэсьць прыкладаў, калі партызаны нападалі на мястэчкі, разьбівалі гарнізон, і яўрэі сыходзілі ў лес. Так што гэтая тэма была непажаданая.
Ну і апошняе, пра гэта няёмка гаварыць, але трэба шчыра сказаць — разьвіваць тэму Галакосту азначала сапсаваць дачыненьні зь мясцовым насельніцтвам, якое апынулася на акупаванай тэрыторыі. Занадта шмат было людзей, якія прысвойвалі маёмасьць расстраляных яўрэяў, трэба было б назваць тых, хто выдаваў, хто дапамагаў нацыстам, і ня ўсе яны былі паліцаямі. Лепш было ўсё гэта не чапаць.
Нежаданыя партызаны
— Якія былі падводныя плыні ў спробах зьбіраньня і публікацыі матэрыялаў пра гета ў савецкія часы?
— Перш за ўсё трэба сказаць, што савецкія гісторыкі не маглі пагадзіцца з тым, што партызанскі рух у Беларусі да лета 1942 году быў пераважна яўрэйскі. Умоўна, вядома, можна яго так назваць. Ён складаўся з ваеннапалонных, партыйных і савецкіх работнікаў, зь якіх шмат былі яўрэямі, і зьбеглых вязьняў гета. І ўжо пасьля яно было ўзятае ў арганізацыйныя рамкі. А партызанскі рух беларускі ў інтэрпрэтацыі савецкіх гісторыкаў мог быць толькі пад кіраўніцтвам кампартыі — толькі заплянаваным у Маскве, толькі ўсенародна падтрыманым.
Разам з тым мы ведаем, што ў краіне было шмат людзей, якія не любілі савецкую ўладу, пацярпелі ад яе. Было шмат сем’яў рэпрэсаваных, было шмат людзей пакрыўджаных. Некаторыя нават чакалі немцаў як збаўцаў і ненавідзелі яўрэяў як носьбітаў савецкай улады. І гэта ўсё напластоўвалася.
Ну а яшчэ пра гета не пісалі таму, што гэта была ганьба савецкай улады, якая практычна кінула на волю лёсу цэлы народ. Нельга было згадваць і пра асаблівыя ўмовы прыёму яўрэяў у партызанскія атрады (прымалі толькі тых, хто прыходзіў са зброяй), і пра антысэмітызм сярод партызанаў. Апрача таго, калі яўрэйскую сям’ю сустракалі ў лесе, то ў атрад бралі толькі маладых, здаровых, дзеяздольных, а ўсіх астатніх пакідалі. А куды ім было ісьці? Выйдзеш зь лесу — там немцы...
Таму часта было так, што моладзь адмаўлялася ўступаць у партызанскія атрады, бо не хацелі пакідаць бацькоў. І таму ідэя сямейных яўрэйскіх атрадаў Шолэма Зорына і братоў Бельскіх была свайго роду выйсьцем са становішча. А пра праявы антысэмітызму ў партызанскім руху... усе пра гэта ведалі, але пра гэта не пісалі. Гэта было адной з тэмаў маёй навуковай працы. Я прысьвяціў гэтаму асобны навуковы артыкул, які быў апублікаваны ў Holocaust and Genocide Studies (2003), пасьля ён стаў асобным разьдзелам у маёй кнізе «Катастрофа евреев Беларуси 1941-44 гг.».
Я тут нічога новага не кажу, гэта ўсё вядома. Але навуковыя работнікі ў Беларусі пра гэта дагэтуль маўчаць, хоць на Захадзе і ў Ізраілі пра гэта напісаныя цэлыя кнігі. А я гэта напісаў на матэрыялах архіву Цэнтральнага штабу партызанскага руху, якія паступілі ў «Яд вашэм» па зусім афіцыйных каналах на пачатку 1990-х гадоў, у маім артыкуле ёсьць усе спасылкі на гэтыя дакумэнты. І я знайшоў людзей, якія тады партызанілі — гэта было яшчэ 20 гадоў таму, яны яшчэ былі жывыя — і ўзяў у іх інтэрвію. Яны яшчэ і дапоўнілі мне тое, што я прачытаў у архіўных дакумэнтах.
Як узьнік і ацалеў помнік на Яме
— Помнік на Яме ў Менску — дзе ўпершыню ў СССР было дазволена напісаць, што ахвярамі былі яўрэі, а ня проста «мірныя савецкія грамадзяне», быў пастаўлены ўвосень 1947-га, а ўжо празь некалькі месяцаў у краіне пачынаецца хваля дзяржаўнага антысэмітызму — барацьба зь «бязроднымі касмапалітамі», «справа лекараў», разгром Яўрэйскага антыфашысцкага камітэту. Былі асуджаныя і сасланыя ў ГУЛАГ аўтары помніка. А сам помнік — застаўся. Чаму?
— Менск вызвалілі ў 1944 годзе, яўрэі пачалі вяртацца з партызанскіх атрадаў і з эвакуацыі. Яны ўсё яшчэ мелі такую сілу і такую вагу, што фактычна гэты помнік быў пастаўлены з ініцыятывы зьнізу, якую ня здолелі забараніць. Наагул падобных, амаль аднатыпных помнікаў з надпісамі на ідышы тады было пастаўлена яшчэ як мінімум тры — у Узьдзе, Дзяржынску і Ўзьлянах. Яны былі пастаўленыя ў 1946 годзе, зарэгістраваныя ў 1947-м.
Калі я працаваў у Цэнтральным архіве КДБ Рэспублікі Беларусь дзесяць гадоў таму з дакумэнтамі пра яўрэйскіх нацыяналістаў, арыштаваных на пачатку 1950-х гадоў, у адным з пратаколаў я прачытаў, што быў дазвол Галоўліту (цэнзуры), дзякуючы чаму помнік наагул мог зьявіцца. Аднак калі ў 1951 годзе арыштавалі стваральнікаў гэтых помнікаў (дарэчы, іх арыштавалі зусім не за помнікі, а як яўрэйскіх нацыяналістаў), гэты дазвол быццам бы не знайшлі, а можа і сапраўды згубілі.
А помнік на Яме не кранулі, бо баяліся розгаласу — гэта было б занадта відавочна. Нагадаю, што ў кіраўніцтве БССР, усіх міністэрстваў, усіх савецкіх установаў рэспублікі стаялі яўрэі, якія прыехалі з эвакуацыі, прайшлі загартоўку ў горне партызанскага руху — мог бы выйсьці вялікі скандал. Карацей кажучы, забарону помніка было б немагчыма растлумачыць, таму вырашылі проста не зьвяртаць на яго ўвагі, і ён так і застаўся стаяць, пазначаючы месца трагедыі. Гэта наагул унікальная зьява — гэта быў адзіны помнік у сталіцах саюзных рэспублік, пастаўлены такім чынам.
Дарэчы, ідэя захаваньня памяці пра Катастрофу была цэнтральнай для пабудовы ўсяго жыцьця яўрэйскай супольнасьці ў Менску пасьля вайны. Сынагога ў Менску на чале з рабінам Якавам Бэргерам стала цэнтрам прыцягненьня ўсяго яўрэйскага жыцьця. Нават лісты з Амэрыкі прыходзілі на адрас сынагогі: Менск, сынагога. Сынагога мясьцілася ў невялікім драўляным будынку на Нямізе.
— Усе савецкія часы неафіцыйныя мітынгі памяці на Яме былі пад пільным наглядам спэцслужбаў, сам удзел у іх быў зьвязаны з пэўнай рызыкай. Але савецкая сыстэма аджыла свой век, і сытуацыя зьмянілася...
— Так. Пасьля 1991 году склалася пэўная цырымонія памінаньня на Яме з удзелам ня толькі яўрэйскай грамадзкасьці, але і афіцыйных асобаў. А цяпер гэта ўжо дзяржаўная цырымонія, як у Бабіным Яры ў Кіеве. І гэта правільна. Дрэнна толькі тое, што першыя асобы дзяржавы зьяўляюцца там рэдка, у адрозьненьне ад іншых постсавецкіх краінаў. Вось, напрыклад, прэзыдэнт сёлета паслаў замест сябе міністра замежных справаў Макея і даслаў сваё прывітаньне. А ў краінах Балтыі, у Расеі, Украіне прэзыдэнты наведваюць такія мясьціны кожны год.
Але што цікава. Вырасла новае пакаленьне, і людзі ўжо забыліся, як усе паваенныя гады, у 50-я, 60-я, 70-я і ў пачатку 80-х на 9 траўня туды падганялі аўтафургоны з гукаўзмацняльнай апаратурай і на поўную магутнасьць уключалі савецкія патрыятычныя песьні накшталт «Хотят ли русские войны» — каб заглушыць голас спантанных выступаў патэнцыйных яўрэйскіх нацыяналістаў. Так што калі чалавек прыходзіў туды памянуць сваіх родных і нешта сказаць, яго голасу не было чуваць, бо аж некалькі машын стаялі побач і раўлі ўсе тыя песьні. Гэта быў зьдзек.
І вось сёлета на круглым стале ў Маскве я раптам зь вялікім зьдзіўленьнем пачуў адваротную інтэрпрэтацыю той зьявы, якую дасьледнікі ўзялі з успамінаў менчукоў-неяўрэяў. Пра тое, што «ў адзіным парыве», «каб выказаць сваю горыч» яны з дапамогай тых машын разам сьпявалі тыя песьні. Не глушылі, а праяўлялі ўвагу, спачуваньне! Усё з ног на галаву... Хоць усё было зусім інакш, і гісторыкі гэта ведаюць, і яшчэ людзі памятаюць. Так у народнай сьвядомасьці перапісваецца гісторыя, калі прафэсійныя гісторыкі пра гэта маўчаць. Ніхто з выступоўцаў на Яме — ні сёлета, ні летась — ужо пра гэта ня ўзгадваў.
Успаміны вязьняў гета сабралі і схавалі
— Вы пісалі, што яшчэ ў 1970-х гадах у АН БССР пачалі зьбіраць дакумэнты і ўспаміны вязьняў гета. Пасьля гэтую працу згарнулі, а вынікі засакрэцілі...
— Ну, яе ня тое што засакрэцілі, а проста згарнулі і паклалі пад сукно.
— А адкуль гэтая «нязручная» тэма ўсплыла пасьля столькіх гадоў замоўчваньня? Чаму і як? З чыёй ініцыятывы?
— Вельмі проста. У 1975 годзе адзначалася 30-годзьдзе Перамогі. Таму на пачатку 1970-х гадоў рабочая група Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КПБ і Інстытуту гісторыі АН БССР пачалі збор сьведчаньняў вязьняў гета. Тады гэтыя людзі яшчэ жылі, ім было па 40-45 гадоў, яны ўсё добра памяталі з усімі падрабязнасьцямі. Матэрыял сабралі вельмі цікавы, а пасьля пачалі думаць — што зь ім рабіць і якія высновы зь яго выцякалі.
Рэч у тым, што ў Менску ў часы акупацыі дзейнічаў падпольны гаркам, які ўзначальваў Іван Кавалёў, але ў выніку правакацыяў і сам Кавалёў, і менскія падпольшчыкі, былі абвешчаныя здраднікамі, і аж да канца 1970-х гэтае абвінавачаньне зь іх не было зьнятае. Дык вось, Кавалёў разам з Гебелевым і Смолярам падтрымлівалі кантакты зь яўрэямі-камуністамі ў менскім гета. Фактычна ўвесь супраціў у менскім гета быў аўтаномным, незалежным ад маскоўскага партыйнага начальства. І ўвесь паваенны час савецкія гісторыкі ніяк не маглі гэтага прызнаць — як гэта так, нейкая барацьба і бязь іх удзелу і кіраўніцтва.
Я прысьвяціў гэтаму асобны артыкул ‘The Minsk Ghetto and the Issue of Jewish resistance’ - гэта быў мой першы артыкул на ангельскай мове, апублікаваны ў 1995 годзе, ён таксама стаў асобным разьдзелам у маёй кнізе пра Катастрофу яўрэяў Беларусі.
Ну і, вядома, паўплывалі і падзеі на міжнароднай арэне, вайна Суднага дня 1973 году. Ну і, напэўна, самае галоўнае — тое, што прызнаньне ўдзелу яўрэяў у партызанскім руху выклікала асьцярогі, што гэта ўзьніме нацыянальную самасьвядомасьць, пачнуцца патрабаваньні ўвекавечыць памяць ахвяраў генацыду, прызнаць ролю яўрэяў у гісторыі Беларусі, пачнуць патрабаваць дазволу выехаць у Ізраіль і так далей. Лепш было ўсё гэта не пачынаць.
Таму ўсё, што тады сабралі, ляжыць цяпер у архіве Інстытуту гісторыі АН. Частка гэтых матэрыялаў на пачатку 1990-х гадоў трапіла ў «Яд вашэм», але асноўная частка дагэтуль застаецца ў Менску — думаю, што гэта не сакрэтныя матэрыялы, калі хто зацікавіцца, то зможа гэта ўсё ўбачыць.
Галакост і незалежная Беларусь
— Якія зьмены адбыліся ў асьвятленьні Галакосту ў незалежнай Беларусі ў параўнаньні з СССР?
— Адбыліся глябальныя перамены. Хацелася б болей, але зьмянілася шмат чаго. Калі канкрэтна і ляканічна — скажу вось што. Самае галоўнае — быў прызнаны генацыд яўрэяў у Беларусі ў гады Другой сусьветнай вайны. Не абстрактных «савецкіх грамадзянаў» і «мірных жыхароў», як пісалі пра гэта ў савецкія часы, а менавіта яўрэяў. Мірныя грамадзяне, тысячы якіх былі расстраляныя ў жніўні — кастрычніку 1941 году — гэта былі яўрэі, я ня нехта іншы. Гэта першае. Далей. Прызнаны актыўны ўдзел яўрэяў у супраціве нацыстам. Сёньня ўжо ніхто не спрачаецца. Так, такі ўдзел быў. Зьнятыя забароны на навуковыя публікацыі пра Галакост. Адкрытыя архівы. Дазволеныя канфэрэнцыі, сымпозіюмы, абароны дысэртацыяў — калі ёсьць спонсары. Без удзелу дзяржавы.
З другога боку, няма канцэптуальных навуковых дасьледаваньняў гісторыі Галакосту. На сёньняшні дзень у Беларусі няма ніводнай навуковай кнігі па гісторыі Галакосту або Менскага гета. Ніводнай! Ёсьць зборнікі дакумэнтаў, успамінаў, артыкулаў, а навуковых кніг няма. Тыражы навуковай літаратуры мінімальныя — ня тысячы, а сотні экзэмпляраў. А калі пішуць пра Катастрофу, то амаль усе кнігі носяць апісальны характар — без аналізу прычын, заканамернасьцяў, тлумачэньня сутнасьці зьяваў. Проста расказваюць, як немцы забівалі яўрэяў і як гэта дрэнна.
— А як выглядае справа ў сыстэме адукацыі? Што пра Галакост ведаюць школьнікі?
— У школьных падручніках тэме Галакосту прысьвечана паўстаронкі. Нават не старонка, а паўстаронкі! Я сёлета глядзеў самыя новыя падручнікі — усё тое самае.
Няма спэцкурсу «Гісторыя Галакосту ў Беларусі». Не праводзяцца дзяржаўныя навуковыя канфэрэнцыі. Адна мая знаёмая, гісторык у адной зь вядучых навучальных установаў, прыйшла да свайго навуковага кіраўніка і запрапанавала чытаць курс па гісторыі Галакосту. Ён сказаў: ня трэба. Давайце вадзіць студэнтаў па тэрыторыі Менскага гета і расказваць? Ня трэба! Давайце каапэраваць нашы намаганьні зь нямецкімі ўнівэрсытэтамі, ствараць міжнародныя навучальныя праграмы? Ня трэба!.. Як гэта растлумачыць?
Самае галоўнае, ад чаго гэта ўсё адбываецца — таму, што трагедыя яўрэяў у гады вайны ня лічыцца складовай часткай трагедыі беларускага народу. Яўрэі самі па сабе, беларусы самі па сабе. І калі нехта будзе гэта адмаўляць — хай тады мне растлумачыць, чаму няма курсаў ва ўнівэрсытэтах, няма падручнікаў, няма музэю Галакосту, няма яўрэйскага музэю, няма музэю Менскага гета, няма энцыкляпэдыі яўрэяў Беларусі, няма энцыкляпэдыі праведнікаў народаў міру. Усяго гэтага няма!
Пасьля гэтага ўсяго казаць, што трагедыя яўрэяў ёсьць часткай нацыянальнай трагедыі Беларусі, будзе галаслоўным сьцьверджаньнем. На Яме сёлета выступаў міністар замежных справаў Макей і сказаў літаральна наступнае: Беларусь робіць усё ад яе залежнае, каб захаваць памяць пра Галакост. Я так разумею: ён прачытаў тое, што яму напісалі, бо ён ня ў тэме, а той, хто яму напісаў, добра і доўга думаў — што яму напісаць і што міністар замежных справаў, выступаючы ад імя афіцыйных уладаў, мусіў прамовіць. А гэта значыць — сьцьвярджаць тое, чаго не існуе.
Генацыд ці тэрор
І апошняе, што вельмі важна. Беларуская гістарычная навука настойвае на тэзе аб генацыдзе беларускага народу. Значыць гэта тое, што калі быў генацыд беларусаў, чаму мы павінны акцэнтаваць увагу на генацыдзе яўрэяў? Але тая тэза няправільная.
У «пляне Ост», на які спасылаюцца афіцыйныя гісторыкі, было прапісана, што зрабіць зь беларусамі: частку анямечыць, частку выслаць за Ўрал, частку ператварыць у рабоў. Што нібыта значыць генацыд. Але беларусаў ніколі не забівалі за тое, што яны беларусы. Ніколі. Гэта была палітыка адплаты, палітыка тэрору, палітыка выпаленай зямлі, скіраваная на здушэньне супраціву беларускага народу нацыстам. Але гэта ня быў генацыд. Гэта розныя рэчы.
А беларускія акадэмічныя колы гэта адмаўляюць і настойваюць — адзіныя ў сьвеце, больш нідзе такога няма, ні ў Эўропе, ні на постсавецкай прасторы.
Чаму я кажу гэта з такой упэўненасьцю? Можа, я ў нечым памыляюся? Можа, гэта я ня маю рацыі? А давайце паглядзім, як з гэтай справай у суседзяў. Як Расея, Украіна, Малдова, краіны Балтыі, ня кажучы ўжо пра Ўсходнюю Эўропу, дасьледуюць Галакост. Яны атрымліваюць грошы зь дзяржаўнага бюджэту. Дзяржава ўдзельнічае ва ўсім, нават калі і не бярэ на сябе ўсё.
І калі б беларуская дзяржава таксама ўдзельнічала ў дасьледаваньні Галакосту — знайшліся б і спонсары і на музэі, і на кнігі, і на дысэртацыі, і на канфэрэнцыі. Бюджэты на такое заўсёды складаюцца з розных крыніцаў, але галоўная ўмова — удзел дзяржавы.
— Чым адрозьніваецца пазыцыя беларускіх уладаў у гэтым пытаньні ад уладаў суседніх краінаў?
— Самае галоўнае, што трэба — гэта прызнаць, што Галакост уяўляе сабою складовую частку трагедыі Беларусі ў гады вайны. Калі гэта будзе прызнана — усё астатняе стане на свае месцы. Праблематыку Галакосту трэба ўключыць у агульны комплекс вывучэньня гісторыі Вялікай айчыннай вайны, і гэтая праца мусіць мець ня толькі навуковы, але і адукацыйны характар. Павінна быць фінансавае забесьпячэньне з боку дзяржавы. Ну вось што гэта — катэдра гісторыі Старажытнай Грэцыі ёсьць, а катэдры гісторыі яўрэяў Беларусі няма. А хто зрабіў болей для Беларусі?
Няма экспазыцыяў пра Галакост у раённых і абласных музэях краіны. Няма! Быў я, напрыклад, летась у Крупках, дзе да вайны 70% насельніцтва складалі яўрэі. Музэй ёсьць, а пра яўрэяў нічога няма.
Ведаеце, як адлюстраваная яўрэйская тэма ў Беларускім дзяржаўным гістарычным музэі на вуліцы Карла Маркса? У дзяржаўным музэі, прысьвечаным усёй гісторыі Беларусі ад цара Гароха да сёньняшняга дня? Калі яўрэі складалі 40% гарадзкога насельніцтва і 80% інтэлігенцыі, калі яны ў 1941 годзе складалі 10% ад агульнага насельніцтва, цэлы мільён, дык трэба ці не, каб гэта было адлюстравана ў дзяржаўным музэі? Трэба. А што пра іх там ёсьць? Нічога! Наагул нічога. Калі ў Дзяржаўным музэі Вялікай айчыннай вайны ёсьць нейкі прахадны пакой з трыма стэндамі, то ў гістарычным музэі наагул нічога няма.
Бульдозэрамі па касьцях
— Гэтым летам вы наведалі Беларусь, былі ў Менску ў мэмарыяле ў Малым Трасьцянцы, у Музэі Вялікай айчыннай вайны. Падзяліцеся вашымі ўражаньнямі. Вы сказалі ў інтэрвію ізраільскаму сайту «Детали», што прэзыдэнт Ізраілю Рэўвэн Рыўлін не прыехаў сёлета ў чэрвені на адкрыцьцё мэмарыялу ў Благаўшчыне, бо яму паведамілі, што у мэмарыяле няма згадкі пра яўрэяў. Але ж на апублікаваных здымках з адкрыцьця відаць, што згадка ёсьць?
— Там напісана: вязьні Менскага гета. А словаў «яўрэі Беларусі» там няма. І няма ніводнага магендавіда...
Ну наагул у мяне вельмі складаныя пачуцьці, калі я ўспамінаю пра гэтую паездку. Мяне там вадзілі два гісторыкі, якія ўсім гэтым займаліся і на чыіх вачах гэта ўсё адбывалася.
Можаце сабе ўявіць, што адбылося? На гэтым месцы пасьля вайны было поле, а пасьля вырас лес, сасновы бор. І там вырашылі пабудаваць мэмарыял. Прыгналі бульдозэры, экскаватары, лесапілку, сьпілавалі ўсе дрэвы і затапталі ўсе гэтыя масавыя магілы. Было няясна — дзе магіла пачынаецца, дзе заканчваецца. Усяго там 34 магілы, адна магіла 20 мэтраў даўжынёю, другая 40 мэтраў і так далей — археолягі павінны былі правесьці экспэртызу, закласьці шурфы і выявіць дзе канец адной магілы і пачатак другой, у адной магіле попел, у другой — косьці, у трэцяй — рэчы.
Нічога гэтага зроблена не было. Сьпілавалі ўсе дрэвы, пасьля зьнялі дзірван, прыблізна пазначылі, дзе гэтыя магілы, ускрылі іх, і тое, што там знайшлі — тыя косьці — перазахавалі ў асобнай магіле. Калі здымалі той дзірван — пасыпаліся рэчы. Тысячы. Нацысты там расстрэльвалі замежных яўрэяў, іх перад расстрэлам не разьдзявалі. І калі ў 1943 годзе тыя магілы на загад Гімлера пачалі ўскрываць, складваць целы на вогнішчы, каб застаўся адзін попел — замяталі сьляды — тады тыя рэчы пасыпаліся з вопраткі і з кішэняў. Сотні сьцізорыкаў, манэты, мэдалі, брытвы, акуляры, скрыначкі з-пад лекаў, ключы...
Выйшаў артыкул на гэтую тэму ў акадэмічным зборніку НАН, дзе падрабязна апісана, як гэта ўсё было. Быў зьнішчаны археалягічны помнік, увесь культурны слой. Усё рабілася тэрмінова, ад кастрычніка да сьнежня, у самую непагодную пару — дождж, вецер, гразь. Археолягі проста хадзілі паміж тымі бульдозэрамі і выцягвалі ўсё, што бачылі. І тое былі тысячы знаходак, нават залатыя зубныя пратэзы, залатыя і срэбныя манэты — тое, што людзі схавалі на сабе, тое, што ў іх не забралі, не знайшлі.
Гэта сур’ёзнае злачынства супраць памяці ахвяраў Галакосту, ня кажучы ўжо пра тое, што яўрэйская традыцыя забараняе любыя аўтаматычныя працы ў месцах пахаваньня — толькі ўручную. А там проста па касьцях езьдзілі бульдозэры. Дарэчы, многія рэчы былі дэфармаваныя — сплюшчаныя вёдры, кацялкі. гэта гаворыць пра тое, што магілы ўтрамбоўвалі яшчэ нацысты — танкамі, трактарамі. Разумееце, якія аналёгіі...
Апрача таго, толькі ў 2000 годзе закончылася эксплюатацыя гарадзкога сьметніку, які разьмяшчаўся побач, у Трасьцянцы. Але дагэтуль непадалёк працягвае працаваць завод глыбіннай перапрацоўкі сьмецьця, і часам адтуль як падзьме пахам...
Вось таму ізраільскі пасол прыехаў, паглядзеў, што адбываецца, паведаміў у МЗС — і Рыўлін не прыехаў.
І пабудаваны гэты мэмарыял быў на нямецкія грошы. Дзяржава ўзяла грошы зь эўрапейскіх дзяржаваў, таксама трошкі паўдзельнічала. Але — усё гэта было зроблена без археалягічнай, гістарычнай экспэртызы, аўралам. Гэта жахліва. Лепш бы не чапалі. А з другога боку — як не чапаць. Туды прыходзілі «чорныя капальнікі», залазілі ў тыя магілы з мэталашукальнікамі, нешта шукалі, нешта знаходзілі.
Але больш за ўсё мяне забіла тое, што там знайшлі рэйкі. Глядзіце, 34 магілы — значыць, там было каля 40 вогнішчаў, можа і болей, на якіх спальвалі целы. Спачатку клалі рэйкі, на рэйкі клалі дровы, пасьля целы, пасьля дровы, зноў целы — для таго, каб была цяга. І ведаеце, што зрабілі з гэтымі рэйкамі? Іх здалі на мэталалом! Можаце сабе ўявіць? У мяне і цяпер валасы варушацца на галаве, калі я вам гэта расказваю. І гэта адбываецца ў 2017 годзе, і дзяржава б’е сябе ў грудзі — як добра ўвекавечаная памяць ахвяраў Галакосту!
Немцы пра ўсё гэта ведалі, але пайшлі на гэта. Бо беларускія ўлады паставілі ўмову: ня хочаце рабіць так — тады наагул ніяк ня будзе. А немцы хацелі, каб гэты мэмарыял быў — яны робяць «прышчэпку» ад нацызму свайму насельніцтву. А ў Беларусі такога няма.
На Галакост у новым музэі месца не хапіла
— А што вы пабачылі ў Музэі Вялікай айчыннай вайны?
— Гэты музэй — яшчэ ў старым будынку — быў некалі першым месцам маёй працы пасьля арміі. У мяне да яго сваё асабістае стаўленьне. Новы музэй адкрыўся ў 2014 годзе, у стары я хадзіў кожны раз, калі прыяжджаў у Беларусь, мяне яшчэ там шмат хто з супрацоўнікаў памятае.
Дык вось, калі вы прыйдзеце ў Музэй Вялікай айчыннай вайны на праспэкце Пераможцаў і спытаеце, чаму там няма залі Галакосту, вам раскажуць казку пра тое, што экспазыцыю новага музэю мантавалі за тры месяцы, і трэба было пасьпець да 3 ліпеня 2014 году, да юбілею вызваленьня Менску, бо меўся прыехаць Пуцін і ўрачыста адкрыць музэй. А што, маўляў, можна пасьпець за тры месяцы, якая там заля Галакосту... Хуценька перавезьлі старое, паставілі ў новае, у пажарным парадку, усе сьпяшаліся.
А насамрэч гэта ня так, бо заля Галакосту плянавалася задоўга да таго, як быў збудаваны музэй. І кіраваў гэтым архітэктар Леанід Левін. Я зь ім гаварыў у 2012 годзе, ён мне сам гэта ўсё расказваў. Быў конкурс, дарэчы, выйгралі яго палякі, а не беларускія архітэктары і гісторыкі — тыя, што рабілі музэй Галакосту ў Варшаве, тая самая група. Тое самае мне пацьвердзіла Галіна Левіна на сёлетнім круглым стале ў Маскве. Левін памёр, і ўсё спусьцілі на тармазах.
Разьмеркавалі новы музэй так. У старым музэі першы паверх быў прысьвечаны акупацыйнаму пэрыяду, другі — партызанскай барацьбе, трэці — ваенна-франтавая, чацьвёрты быў прысьвечаны Перамозе, там сталі сьцягі, выстава Савіцкага. Цяпер усё перарабілі. У новым музэі зьявілася новая заля — перадваенная, узьяднаньне беларускага народу. (Дарэчы, на савецка-нямецкай дамове аб ненападзе 23 жніўня 1939 году, здаецца, увага не акцэнтуецца.) Пасьля ідуць паўтары залі акупацыйнага пэрыяду, пасьля тры залі партызанскай барацьбы, дзьве залі — на Чырвоную Армію, і ўрэшце заля Перамогі, дзе прымаюць прысягу афіцэры, дзе выступаюць першыя асобы дзяржавы, міністар абароны, беларускія воіны-інтэрнацыяналісты (Лібан, Сырыя, Ірак, Эгіпэт, Афганістан).
І калі я сустракаўся з дырэктарам музэю, я задаў пытаньне: а дзе ж заля Галакосту? А ён мне кажа: «А ў нас няма месца». «Чаму няма месца?» А я ведаю, што 5,5 тысяч квадратных мэтраў увесь музэй, а зь іх 1,5 тысяч квадратных мэтраў — экспазыцыя ваеннай тэхнікі: тры танкі, самаходка, два грузавікі, тры самалёты, мінамёты, дыярамы студыі Грэкава... Адкуль жа там узяцца месцу. Усё, што ў старым музэі стаяла ў двары пад голым небам, у новым паставілі пад дах — вось і ўсё, на Галакост месца няма!
Ведаеце, колькі наведнікаў за год прыходзіць у музэй? 500 тысяч чалавек. Гэта лічыцца самая высокая наведвальнасьць у музэях Беларусі. А ведаеце, колькі было ў 1980 годзе, калі працаваў я? 2 мільёны. Ёсьць розьніца. Чаму такое зьмяншэньне? З розных прычын. Але возьмем толькі адзін момант. Музэй працуе на камэрцыйнай аснове, білет каштуе 9 рублёў. Для беларуса гэта занадта дорага, таму музэй стаіць паўпусты.
А пасьля мне навуковы супрацоўнік, які вадзіў мяне па музэі, проста сказаў: «Ну што вы ўсё пра яўрэяў! У нас што тут — „Яд вашэм?“ Паглядзіце, затое ў нас усяго астатняга шмат...» Пасьля гэтага мне ўжо і мову заняло.
Стаўленьне да яўрэяў — камэртон для грамадзтва
— Што пазытыўнага вы бачыце ва ўсёй гэтай сытуацыі? Што дае падставы спадзявацца на тое, што ў гэтай тэмы ёсьць будучыня? На што можна ўскладаць спадзяваньні?
— Я ўвогуле па натуры аптыміст. Можна падвесьці вынікі. Тэма Галакосту выйшла з зоны маўчаньня. Слова «яўрэй» перастала быць ганебным. Інфармацыйную прастору сёньня нельга «запячатаць» — яна адкрытая. Людзі робяць свае высновы ўжо не па падручніках, не па газэтах і не па паведамленьнях радыё і тэлевізіі.
Апрача таго, пачаўся пэўны рух зьнізу — і гэтую зьяву трэба ўсяляк вітаць. Людзі, якія пачынаюць займацца гісторыяй малой радзімы, абавязкова натыкаюцца на яўрэйскую тэму. Яны гэтай тэмы не цураюцца і пачынаюць з сваёй ініцыятывы ствараць прыватныя яўрэйскія музэі або экспазыцыі ў раённых музэях — такіх выпадкаў я ўжо налічыў каля дваццаці, пры гэтым я далёка не пра ўсе ведаю.
Людзі аднаўляюць могілкі, даглядаюць за яўрэйскімі магіламі, не пытаючыся дазволу зьверху. Ясна, што калі такі запыт робіцца, то ніхто гэтаму ня робіць перашкодаў. Архівы адкрытыя. Адзінае, на чым настойвае дзяржава — гэта тое, што няма сродкаў на фінансавую падтрымку такіх дасьледаваньняў і няма таго, з чаго мы пачыналі — няма прызнаньня таго, што Галакост ёсьць неад’емнай часткаю трагедыі Беларусі. Але ў любым выпадку гэты рух ёсьць, яго ўжо нельга забараніць, нельга затармазіць.
Апрача таго, паколькі Беларусь — удзельніца міжнароднага супрацоўніцтва, ня толькі эканамічнага, але і навуковага, яна вымушаная рабіць папраўку на тое, як да гэтай тэмы ставяцца ў Эўропе, у сьвеце. Самае важнае: звычайныя чытачы, гледачы, «людзі з вуліцы» разумеюць, што гэта датычыць ня толькі яўрэяў, гэта датычыць усіх.
А з гледзішча Эўропы тэма гісторыі яўрэяў, гісторыі Галакосту — як я разумею — гэта яшчэ і элемэнт, неабходны для стварэньня грамадзянскай супольнасьці, для гарантыі правоў нацыянальных мяншыняў. Калі правы нацыянальных мяншыняў будуць гарантаваныя на ўзроўні правоў тытульнай нацыі — гэта будзе неабходным крокам для пабудовы прававой дзяржавы, для дэмакратычнага разьвіцьця. Стаўленьне да яўрэяў у гэтым сэнсе — своеасаблівы камэртон.
Калі лекар прапісвае лек хвораму — ён улічвае супрацьпаказаньні, бо лек можа і нашкодзіць. Як кажуць: перад ужываньнем таблеткі парайцеся зь лекарам. Дык вось, яўрэйская тэма і Галакост — гэта такая таблетка, наконт якой трэба параіцца. Трэба раіцца з гісторыкамі.