Сутычкі пачаліся на акцыі пратэсту супраць пагадненьня Грэцыі з Македоніяй 20 студзеня ў Атэнах. Як паведамляюць заходнія агенцтвы, шэраг пратэстоўцаў у масках спрабавалі прайсьці да агароджанага парлямэнту, кідаючы ў паліцэйскіх камяні.
Паліцыя ў адказ ужыла сьлезацечны газ.
На акцыю пратэсту супраць пагадненьня з Македоніяй выйшлі дзясяткі тысяч чалавек. Яны патрабуюць адмены пагадненьня аб перайменаваньні Македоніі, заяўляючы, што назва «Македонія» можа выкарыстоўвацца толькі ў дачыненьні да грэцкага рэгіёну.
Складзенае ўрадамі дзьвюх краін у чэрвені 2018 пагадненьне прадугледжвае, што паўночны сусед Грэцыі мяняе назву на «Паўночная Македонія».
Парлямэнт Македоніі пасьля працяглых дэбатаў зацьвердзіў зьмены ў Канстытуцыі краіны датычна яе новай назвы 11 студзеня. Парлямэнт Грэцыі мае разгледзець іх ратыфікацыю на гэтым тыдні, каб яны маглі ўступіць у сілу.
У абедзьвюх краінах пагадненьне мае шматлікіх праціўнікаў, якія абвінавачваюць урады сваіх краін у занадта вялікіх саступках другому боку.
Ад распаду былой Югаславіі і ўзьнікненьня незалежнай Македоніі ў 1991 годзе Грэцыя выступае супраць гэтай назвы суседняй краіны, сьцьвярджаючы, што гэтая назва заключае ў сабе тэрытарыяльную прэтэнзію. Гэтую самую назву, кажуць у Атэнах, мае традыцыйны рэгіён на поўначы Грэцыі, які ахоплівае дзьве з паловай сучасныя правінцыі, і гэтую самую назву мела старажытнае царства, якое існавала ў асноўным у межах тэрыторыі сучаснай грэцкай дзяржавы і адыграла значную ролю ў гісторыі старажытнай Грэцыі, а сусьветныя вядомая сваім царом-заваёўнікам Аляксандрам Македонскім.
Праз гэтую спрэчку і пазыцыю Грэцыі сучасная дзяржава македонцаў-славянаў прызнаная шэрагам міждзяржаўных і міжнародных арганізацый пад часовай назвай «Былая югаслаўская рэспубліка Македонія», і Атэны заяўлялі, што будуць блякаваць уступленьне Скоп’е ў NATO і Эўрапейскі зьвяз, пакуль там ня зьменяць назвы сваёй дзяржавы.