Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя БНФ прапануе міравое пагадненьне ўладальнікам сядзібы, заўтра суд аб высяленьні


Рарытэтныя шыльды Сойму БНФ
Рарытэтныя шыльды Сойму БНФ

16 студзеня ў эканамічным судзе Менску пачнецца паседжаньне з нагоды пазову дзяржаўнага прадпрыемства «Домэнэргасэрвіс» да Партыі БНФ.

Прычына — у запазычанасьцях па аплаце арэнды памяшканьня, у якім ад 2011 году месьціцца штаб-кватэра партыі. Пазоўнік патрабуе скасаваць дамову арэнды сядзібы ў Менску ў будынку на вуліцы Чарнышэўскага, 3.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у інтэрвію Свабодзе заявіў, што пагроза пазбаўленьня сядзібы найстарэйшай апазыцыйнай арганізацыі мае палітычны падтэкст. Хоць партыі няма ў сьпісе нядобрасумленных арандатараў з больш чым 7 соцень суб’ектаў гаспадараньня, які публікуе Менгарвыканкам, атрымана каманда на высяленьне, кажа Кастусёў.

Партыя прапануе домаўласьніку міравое пагадненьне.

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

«Тут у нас зарэгістраваныя шэсьць структураў — цэнтральныя офісы Партыі БНФ, менскія абласная і гарадзкая арганізацыя, грамадзкае аб’яднаньне БНФ „Адраджэньне“, — тлумачыць Рыгор Кастусёў. — Летась у сьнежні адбылося папярэдняе слуханьне аб цэнтральным офісе Партыі БНФ, а 14 студзеня — адразу тры слуханьні па абласным, гарадзкім і грамадзкім аб’яднаньні БНФ „Адраджэньне“. Нашы прапановы пайсьці на міравое пагадненьне камунальнікі адхілілі і настойваюць на высяленьні. Таму заўтрашні суд будзе паказьнікам таго, эканамічная гэта справа ці ўсё ж палітычная».

Партыі БНФ яшчэ прад’явіла доказы аплаты паводле графіку ліквідацыі запазычанасьцяў. За два месяцы партыі ўдалося сабраць праз ахвяраваньні больш як 23 тысячы рублёў. Каб цалкам пагасіць запазычанасьць, патрэбна яшчэ 10 тысяч.

Дынаміка паступеньня сродкаў дае спадзеў на ліквідацыю ўсіх запазычанасьцяў, кажа Рыгор Кастусёў. Ён спадзяецца, што іх удасца пагасіць да 1 лютага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG