Літаратурныя прэміі, як добра ведаем зь беларускіх рэалій, хутчэй раздражняюць і расчароўваюць, чым выклікаюць сьветлую зацікаўленасьць прэміяваным творам або аўтарам. Але што рабіць чалавеку, які паставіў сабе задачу напісаць пра вартыя ўвагі кнігі мінулага году? Які крытэр прыняць? Напісаць зусім суб’ектыўна — гэта мне падабаецца, а вы сабе думайце што хочаце? Ці ўсё ж паспрабаваць абаперціся на нешта не зусім суб’ектыўнае? Напрыклад, на падказкі, якія даюць літаратурныя прэміі?
Паколькі ў Беларусі прэміі за мінулагоднія літаратурныя зьдзяйсьненьні яшчэ толькі зьбіраюцца прысуджаць, дык сёньня я напішу пра некаторыя замежныя выданьні 2018 году, якія ўжо летась пасьпелі атрымаць свае прэміі. У замежжы чамусьці не выдаюць найважнейшых кніг году пад канец сьнежня ці нават у пачатку студзеня наступнага году, а спраўляюцца яшчэ перад летнімі вакацыямі;)
Ну дык вось, калі ласка — некалькі прэміяваных загалоўкаў, і некалькі тых, якіх абмінулі…
Анна Бёрнс, «Малочнік» (Anna Burns, «Milkman»), Man Booker Prize 2018
Чалавеку з па-за брытанскага сьвету цяжка сарыентавацца, дзе і калі адбываецца дзеяньне гэтага раману. І наагул, у ім шмат недагаворанасьці і няяснасьці, якія, трэба думаць, былі адмыслова запраграмаваныя аўтаркай. Апавядальніца — маладая дзяўчына, якая ў рамане абазначаецца ўсяго як «сярэдняя сястра». Яна распавядае, у манеры блізкай да плыні сьвядомасьці, пра сваю сувязь (не зусім зразумела, ці рэальную) зь нейкім значна старэйшым за яе Малочнікам, пэрсанажам ня надта прыемным. Гэтая сувязь нараджае ў асяродзьдзі розныя чуткі, плёткі і дапушчэньні, якія на палітычна-геаграфічным фоне (дзеяньне, як лічаць людзі з брытанскага сьвету, адбываецца ў Паўночнай Ірляндыі, у Бэлфасьце, у часы The Troubles, то бок вострага канфлікту паміж IRA і Вялікабрытаніяй) становяцца для гераіні вельмі небясьпечнымі. «Хоць дзеяньне раману адбываецца ў Паўночнай Ірляндыі ў 1970-х, ён прыводзіць на думку іншыя рэжымы і іх уплыў: сталінскую Расею, Талібан. Сярэднявечныя паляваньні на вядзьмарак, атручэньне Скрыпалёў і рух #MeToo таксама прыходзяць на згадку падчас чытаньня. Нягледзячы на сюррэалізм, усё ў гэтым рамане гучыць праўдападобна», — напісала адна аглядальніца.
Man Booker Prize, заснаваная ў 1969 годзе, лічыцца адной з самых прэстыжных прэмій у англамоўнай літаратуры. Грашовы эквівалент прэміі — 50 тысяч фунтаў стэрлінгаў.
Інгер-Марыя Мальке, «Архіпэляг» (Inger-Maria Mahlke «Archipel»), Deutscher Buchpreis 2018
Эпічны раман, у якім «сканцэнтраваная каляніяльная гісторыя і гісторыя дыктатураў ХХ стагодзьдзя» (з фармулёўкі журы прэміі). Раман, дзеяньне якога адбываецца на гішпанскім востраве Тэнэрыфэ, апісвае жыцьцё трох сем’яў з розных пластоў грамадзтва ад 1919 году да сёньняшняга дня. У сваёй кнізе, паводле рэклямы выдавецтва Rowohlt, Мальке «дае сьвежую і захапляльную пэрспэктыву сутаргавага стагодзьдзя ўзрушэньняў і рэвалюцый, вялікіх спадзяваньняў і малых перамог».
Deutscher Buchpreis, заснаваная ў 2005 годзе, лічыцца самай прэстыжнай літаратурнай прэміяй у нямецкамоўных краінах (Нямеччына, Аўстрыя, Швайцарыя). Грашовы эквівалент прэміі — 25 тысяч эўраў. Пяць іншых прэтэндэнтаў, якія патрапляюць у шорт-ліст, атрымліваюць па 2,5 тысяч эўраў.
Сігрыд Нуньес, «Сябар» (Sigrid Nunez, «The Friend»), National Book Award 2018
Пісьменьніца жыве ў вялізнай кватэры на Мангэтане, смуткуе па сваім сябры і мэнтары, які скончыў жыцьцё самагубствам. Кампанію складае ёй вялізны нямецкі дог па мянушцы Apollo, які любіць, калі яму чытаюць. У нейкі момант сабака прыносіць галоўнай гераіні зь яе століка раман Карла Увэ Кнаўсгара, каб яна яму пачытала:) Кніга поўніцца цытатамі з розных аўтараў і разважаньнямі пра сэнс літаратурнай творчасьці наагул. Пад канец кнігі чытачу нават прапануецца роздум над творчасьцю Сьвятланы Алексіевіч і яе галоўным пастулятам, што літаратура павінна быць «сьведчаньнем». Хутчэй за ўсё, кніга не для масавага чытача, а для літаратурных гурманаў. Чытаецца вельмі гладка і прыемна.
National Book Award, заснаваная ў 1936 годзе, лічыцца адной з самых прэстыжных прэмій у амэрыканскай літаратуры. Грашовы эквівалент прэміі — 10 тысяч даляраў. За другое месца даюць 1 тысячу даляраў.
Нора К. Джэмісін, «Каменнае неба» (Nora K. Jemisin, «The Stone Sky»), Nebula 2018, Hugo 2018
Я не аматар навуковай фантастыкі і літаратуры фэнтэзі, але з журналісцкага абавязку адзначу, што летась дзьве самыя прэстыжныя амэрыканскія прэміі за літаратуру ў гэтых жанрах — «Х’юга» і «Нэбюла» — атрымала адна і тая самая пісьменьніца, якраз згаданая Нора К. Джэмісін за раман «The Stone Sky». Праўду кажучы, прэміяваны раман быў апублікаваны ў 2017 годзе, але паколькі я ў сваіх ранейшых тэкстах ніколі ня згадваў гэтых прэмій, дык пастанавіў зрабіць гэта тут.
Нікаля Мат’е, «Іхныя дзеці пасьля іх» (Nicolas Mathieu, «Leurs enfants après eux»), Prix Goncourt 2018
Раман пра чатыры леты чатырох падлеткавых герояў у францускай глыбінцы ў першай палове 1990-х. Аповед, як кажа нам выдавец, пра «край здалёк ад кантораў глябалізацыі, захраслы паміж настальгіяй і заняпадам, прыстойнасьцю і ятрай».
Prix Goncourt, заснаваная ў 1903 годзе, лічыцца самай прэстыжнай літаратурнай прэміяй у Францыі. Грашовы эквівалент прэміі — 10 эўраў.
Дадатак для самых заўзятых аматараў літаратуры. Фіналістамі сёлетняй Ганкураўскай прэміі таксама былі:
David DIOP, «Frère d’âme» — Першая сусьветная вайна на француска-нямецкім фронце, францускі капітан падымае сваіх салдатаў, сярод якіх двух неразлучных сяброў-сэнэгальцаў, у атаку. Адзін з сэнэгальцаў гіне адразу, а другога агартае шал, і ён паказвае немцам такое баявое майстэрства, што ажно французы жахаюцца і адсылаюць яго ў тыл. Там ён успамінае свой страчаны рай, Афрыку, як процівагу бэссэнсоўнай эўрапейскай разьні. 52-гадовы аўтар, народжаны ў Парыжы, дарастаў у Сэнэгале.
Paul GREVEILLAC, «Maîtres et esclaves» — Раман пра час «культурнай рэвалюцыі» ў Кітаі, сузіраны вачыма выхадца зь сялянскай сям’і, які пакідае ў галоднай вёсцы ў падножжа Гімалаяў маці і жонку з малым дзіцём і ідзе вучыцца на рэжымнага мастака ў Пэкіне. Партыя штурхае яго ўверх, пакуль яму не даводзіцца расплачвацца.
Thomas B. REVERDY, «L’Hiver du mécontentement» — Загалоўная «зіма незадаволенасьці» адносіцца да зімы 1978–1979 у паралізаванай забастоўкамі Вялікай Брытаніі. Ну і, як усе мы помнім са школы, «Now is the winter of our discontent» — словы, якімі пачынаецца п’еса Шэксьпіра «King Richard III». Гэтую п’есу ставіць даволі фэміністычная трупа ў Лёндане, і галоўная гераіня падчас рэпэтыцыі сустракае Маргарэт Тэтчэр, якая пастанавіла, што стане на чале краіны і выведзе яе з балота на цьвёрды гасьцінец, але раней ёй трэба папрактыкавацца ў акторскім маўленьні.
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.