Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Раство адзначаецца 25 сьнежня і 7 студзеня


Адкуль узялася розьніца ў юліянскім і грыгарыянскім календарах і чаму беларускія праваслаўныя і некаторыя пратэстанты сьвяткуюць Раство па старым календары? Гісторыя пытаньня, а таксама меркаваньні астранома і праваслаўнага сьвятара.

У юліянскім календары кожныя 128 гадоў набіраліся «лішнія» суткі

У 46 годзе да нараджэньня Хрыстовага эдыктам Гая Юлія Цэзара ў Рымскай імпэрыі быў уведзены каляндар, які традыцыйна завецца юліянскім.

У ім пасьлядоўна чаргаваліся тры простыя гады (працягласьцю ў 365 дзён) і адзін высакосны (працягласьцю ў 366 дзён).

Аднак сярэдняя працягласьць году ў юліянскім календары была на 0,0078 сутак (на 11 хвілін 14 сэкунд) большая за працягласьць трапічнага (экватарыяльнага) году. У выніку за кожныя 128 гадоў набіраліся «лішнія» суткі. Так, пад канец XVІ стагодзьдзя веснавое раўнадзенства адсунулася ўжо на 10 сутак назад і прыпадала на 11 сакавіка.

Таму папа Рымскі Грыгоры XIII правёў новую рэформу эўрапейскага календара, праект якой падрыхтаваў італьянскі матэматык Люіджы Ліліё.

Астраном: «У 2100 годзе Раство будзе сьвяткавацца 8 студзеня»

У 1582 годзе паводле рэформы папы Грыгорыя XIII з календара «забралі» 10 лішніх дзён, і веснавое раўнадзенства зноў апынулася на сваім месцы — 21 сакавіка.

Беларускі астраном Віктар Малышчыц кажа, што тады адзін менш дакладны каляндар замянілі больш дакладным, бо на момант увядзеньня грыгарыянскага календара адставаньне было 10 сутак, а цяпер ужо 13.

Віктар Малышчыц
Віктар Малышчыц

«У юліянскага календара не хапала высокай дакладнасьці назіраньняў, у выніку набліжэньне больш грубае. А ў грыгарыянскім календары больш складаная сыстэма, там ужо не 4 гады, а 400, ня 100 высакосных гадоў, а 97. І таму сярэдняя працягласьць году бліжэйшая да правільнага значэньня (365,2425 сутак).

Юліянскі каляндар — проста маральна састарэлы, розьніца гэтая будзе набягаць і набягаць. Бліжэйшы год, калі павялічыцца розьніца яшчэ на адны суткі, — 2100», — кажа Віктар Малышчыц.

Навуковец прыводзіць прыклад: калі праваслаўная царква будзе далей жыць па юліянскім календары, то Раство Хрыстова ў 2100 годзе будзе сьвяткавацца 8 студзеня.

Праваслаўныя патрыярхі забаранілі карыстацца грыгарыянскім календаром

Гістарычныя рэформы прывялі да таго, што сёньня людзі карыстаюцца і юліянскім, і грыгарыянскім календарамі. Грамадзтва і дзяржаўныя органы працуюць у адпаведнасьці з эўрапейскім грыгарыянскім календаром, а вось сьвяты праваслаўнай царквы адзначаюцца па старым стылі, паводле юліянскага календара.

Намесьнік старшыні Сынадальнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы па ўзаемаадносінах царквы і грамадзтва, протаярэй Аляксандар Шымбалёў патлумачыў: праваслаўная царква грыгарыянскі каляндар не прыняла таму, што зь ёй ніхто ня раіўся, каляндар быў уведзены каталіцкай царквой аднабакова ў 1582 годзе. Таму ў 1583 годзе праваслаўныя патрыярхі на саборы забаранілі карыстацца гэтым календаром.

Чаму некаторыя праваслаўныя сьвяткуюць Раство 25 сьнежня?

У 1918 годзе сэрбскі навуковец, астраном Мілуцін Міланкавіч разьлічыў і стварыў новаюліянскі каляндар, больш дакладны за грыгарыянскі. І на гэты новаюліянскі каляндар перайшлі некалькі праваслаўных цэркваў — Канстантынопальская, Грэцкая, Румынская, Сэрбская, Баўгарская.

А вось Расейская, Грузінская, Ерузалімская цэрквы і манахі гары Афон працягвалі карыстацца юліянскім календаром. Такім парадкам Божае Нараджэньне і іншыя нерухомыя сьвяты ў праваслаўнай царкве пачалі адзначацца ў розныя даты.

«Да прыкладу, Грэцкая царква адзначае Раство 25 сьнежня разам з каталіцкай царквой. А ў Расейскай праваслаўнай царкве — я хачу гэта падкрэсьліць — Раство адзначаецца менавіта 25 сьнежня (а ня 7 студзеня) — паводле юліянскага календара. Бо тыя людзі, якія называюць дату Божага нараджэньня 7 студзеня, карыстаюцца не юліянскім календаром, а грыгарыянскім, які быў уведзены ў нашай краіне бальшавікамі ў 1918 годзе.

Вось у чым розьніца: праваслаўныя цэрквы — Грэцкая, Баўгарская, Румынская і іншыя — перайшлі на новаюліянскі каляндар, а ў нашай краіне ў грамадзкім жыцьці быў уведзены грыгарыянскі каляндар. Такім чынам, праваслаўныя цэрквы не парушылі забароны, якую патрыярхі прынялі ў 1583 годзе», — тлумачыць протаярэй Аляксандар Шымбалёў.

«Увядзеньне новага стылю» было адкладзена «часова»

Протаярэй Аляксандар Шымбалёў таксама распавёў, што Расейская праваслаўная царква спрабавала перайсьці на новаюліянскі каляндар. 15 кастрычніка 1923 году патрыярх Ціхан увёў яго сваім указам. Аднак народ зьвязваў новаюліянскі каляндар з бальшавікамі, пачаліся пратэсты.

«І патрыярх Ціхан быў вымушаны 8 лістапада 1923 году выдаць новы ўказ, у якім было напісана: „Повсеместное обязательное введение нового стиля временно отложить“.

Такім чынам, Расейская праваслаўная царква пражыла па новаюліянскім календары толькі 24 дні і зноў вярнулася да юліянскага календара. Але, як напісана ва ўказе, «часова», — кажа протаярэй Шымбалёў.

Праваслаўны сьвятар не выключае, што Расейская праваслаўная царква ў любы момант можа перайсьці на новаюліянскі каляндар.

«Усё можа быць: якое будзе прынята рашэньне — заставацца на юліянскім ці перайсьці на новаюліянскі каляндар — гэта будзе прымаць кіраўніцтва царквы. Аднак пасхалія ва ўсіх праваслаўных адна, то бок Вялікдзень мы ўсім праваслаўным сьветам адзначаем разам. Магчыма, так некалі будзе і з Раством», — кажа протаярэй Аляксандар Шымбалёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG