Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі затрымалі кіраўніка інфэкцыйнай бальніцы, — крыніца


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Гомлі затрыманы галоўны ўрач абласной інфэкцыйнай бальніцы Віктар Кармазін. Праваахоўныя органы пакуль не камэнтуюць інцыдэнт.

Крыніца ў сыстэме аховы здароўя паведаміла Свабодзе, што кіраўніка нібыта ўзялі за хабар, зьвязаны з закупкамі мэдыцынскага абсталяваньня.

«Віктар Васільевіч адсутнічае на працоўным месцы, сувязі зь ім няма. Будзе адсутнічаць няпэўны тэрмін. Нам нічога не вядома», — кажуць у адміністрацыі Гомельскай абласной інфэкцыйнай бальніцы.

Абавязкі галоўнага ўрача цяпер выконвае яго намесьнік па лячэбнай працы Сяргей Бірыч.

Кіраўнік прэсавай службы Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч пра магчымае затрыманьне Кармазіна адказаў Свабодзе:

«Я пра гэта ня ведаю, трэба высьвятляць. Перазваніце пазьней і сачыце за афіцыйнымі крыніцамі».

«Цяпер, пасьля „справы мэдыкаў“ лекараў так запалохалі, што ўсе кіраўнікі ўстаноў сыстэмы аховы здароўя баяцца закупляць рэагенты, рэактывы ці мэдычнае абсталяваньне, каб не трапіць пад крымінальны перасьлед. У выніку церпяць хворыя», — зазначыла ў размове са Свабодай інфармаваная крыніца.

У верасьні 2018 году Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з нагоды праблемных пытаньняў у сыстэме аховы здароўя паведаміў пра карупцыю сярод чыноўнікаў-мэдыкаў. Паводле яго, праваахоўныя органы вядуць 95 крымінальных спраў, 100 чалавек — прадстаўнікі сыстэмы мэдыцыны, знаходзяцца пад сьледзтвам. Па дадзеных кіраўніка КДБ Валерыя Вакульчыка, праз карупцыю кошт лекаў і абсталяваньня завышаўся на 10-60%, у асобных выпадках — на 100%.

Пад перасьлед за хабары трапілі:

  • намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі;
  • дырэктар прадпрыемства «Белмэдтэхніка» Аляксандар Шарак;
  • дырэктар РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі Аляксандар Бялецкі;
  • галоўны ўрач 1-й гарадзкой клінічнай бальніцы Менску Алег Фамін;
  • галоўны патолягаанатам краіны Аркадзь Пучкоў;
  • дырэктар цэнтру экспертыз і выпрабаваньняў у ахове здароўя Аляксандар Сталяроў;
  • начальнік галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG