Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз на менскім форуме выказаўся наконт адмены сьмяротнай кары ў Беларусі.
Пра сьмяротнае пакараньне
«Наконт сьмяротнай кары, я не адкрыю тут Амэрыку, мы не вядзём торгу. Гэта сур’ёзнае пытаньне для нас як для краіны, для нашых людзей. У нас быў рэфэрэндум па гэтым пытаньні, і мы гэта пастаянна паўтараем. Не лічыцца з гэтым меркаваньнем сёньня даволі складана», — сказаў Анатоль Глаз.
Паводле прэс-сакратара МЗС, у парлямэнце Беларусі створана адмысловая група па гэтым пытаньні, ідзе праца з грамадзкай думкай і з Радай Эўропы.
«Але пакуль сьпеласьці такой не адчуваецца. Нічога ня выключана. Але калі гэты крок будзе зроблены, ён ня будзе зроблены ў абмен на нешта. Гэта ня будзе гандаль, не ў абмен за нешта ці ў спадзеве атрымаць нешта. Мы яго зробім для сябе тады, калі будзем адчуваць сябе гатовымі. Альбо на палітычным узроўні, альбо на ўзроўні насельніцтва нашай краіны. Таму нічога ня выключана», — заявіў Глаз.
Чаму Беларусь не нэўтральная ва ўкраінскім канфлікце?
Таксама Глаз заявіў пра намаганьні Беларусі вырашыць расейска-ўкраінскі канфлікт, піша БелаПАН.
«Наконт нэўтралітэту ва ўкраінскім канфлікце. Гэта занадта гучна. Украінскі канфлікт для нас вельмі балючы, таму што краіна для нас блізкая, памежная. Мы нясем выдаткі ў эканамічным пляне, і даволі істотныя. Таму сказаць, што мы нэўтральныя? Я б не сказаў», — заявіў Глаз.