У Вільні адкрылі скульптуру ў гонар інжынэра Рэчы Паспалітай і вынаходніка ракет Казімера Семяновіча. Скульптуру паставілі ў сымбалічным месцы — па дарозе ў аэрапорт, каля ўнівэрсытэту імя Казімера Семяновіча, паведамляе delfi.lt.
«Для мяне гэта было выдатнай прыгодай. Ужо даўно ў галаве круцілася думка пра Казімера Семяновіча. Я ажыцьцявіў 368-гадовы праект — ствараючы скульптуру, я выкарыстаў рысункі і вынаходкі Казімера Семяновіча», — расказаў аўтар скульптуры Ўладас Урбанавічус.
У цырымоніі ўдзельнічалі скульптар, кіраўнік унівэрсытэту імя Семяновіча, аркестар Міністэрства абароны Літвы, вайскоўцы. Прысутны на ўрачыстасьці мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус скзазаў:
«Казімер Семяновіч быў наватарам, носьбітам прагрэсу, які задаў тон і натхніў іншых людзей, удасканаліў яшчэ больш дасканалае мастацтва. Я мяркую, што гэты помнік ня толькі Казімеру Семяновічу, але і ўсім навукоўцам, якія служаць на карысьць краіны. Помнік у выглядзе ракеты сымбалізуе Літву, якая імкнецца ўвысь, як ракета», — сказаў мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус.
Ураджэнец беларускіх зямель Казімер Семяновіч лічыцца адным з заснавальнікаў сусьветнай ракетнай балістыкі і касманаўтыкі. На працягу стагодзьдзяў ягоны трактат «Вялікае мастацтва артылерыі» зьяўляўся ня толькі адной з найважнейшых у Эўропе навуковых прац, але і адным з найбольш запатрабаваных падручнікаў па артылерыі.