Пасьля акцыі супраць самадзяржаўя актывіст АГП Аляксандар Лаўрэнцьеў мусіць сплаціць 735 рублёў, а Мікалай Салянік трапіў з хворым сэрцам у шпіталь.
Разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да Лаўрэнцьева адбыўся 8 лістапада. Суд прызнаў яго вінаватым у парушэньні парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў (частка 3 артыкула 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу) і пастанавіў, што актывіст мусіць сплаціць 30 базавых велічынь штрафу. Лаўрэнцьеў будзе абскарджваць прысуд.
Мікалай Салянік, які мае інваліднасьць з прычыны хворага сэрца, трапіў з райаддзелу міліцыі ў шпіталь, бо пасьля затрыманьня яму стала кепска.
Салянік і Лаўрэнцьеў з плякатам «Далоў самадзяржаўе» выйшлі 7 лістапада на плошчу Леніна ў Горадні, потым пайшлі па галоўнай вуліцы — Савецкай, дзе іх затрымала міліцыя.