Горадзенскіх актывістаў АГП Аляксандра Лаўрэньцьева і Мікалая Саляніка затрымалі падчас акцыі 7 лістапада. Мужчыны выйшлі ў цэнтар гораду з плякатам «Прэч самаўладзтва».
Салянік і Лаўрэньцьеў з разгорнутым плякатам «Прэч самаўладзтва» выйшлі на плошчу Леніна.
«Мы нічога супрацьзаконнага не робім. Мы асноўны лёзунг дублюем. У нас сёньня сьвята — дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. А гэта быў асноўны лёзунг у рэвалюцыі... Мы цяпер усталявалі новае самаўладзтва», — пракамэнтаваў надпіс на плякаце Мікалай Салянік.
Потым актывісты рушылі ад помніка Леніну па галоўнай гарадзкой вуліцы Савецкай. Там іх і затрымала міліцыя.
«Вельмі жорстка іх скруцілі. Жорстка Саляніка затрымлівалі: ня толькі на калені, а мордай у асфальт. Потым закінулі на сядзеньне з закручанымі нагамі і рукамі», — паведаміў Свабодзе гарадзенец Ежы Грыгенча, які стаў сьведкам затрыманьня.
Мужчын павезлі ў РАУС Ленінскага раёну Горадні. У Саляніка хворае сэрца, яму стала там кепска. Пэнсіянэру выклікалі «хуткую». Пакуль абодва актывісты знаходзяцца ў райаддзеле міліцыі.
Ранкам міліцыянты пільнавалі актывістаў пад хатай, меркавана, каб тыя не далучыліся да шэсьця камуністаў. Саляніка затрымалі пры выхадзе з дому, завезьлі ў РАУС Кастрычніцкага раёна Горадні, склалі пратакол за ўшанаваньне паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы і адпусьцілі. Лаўрэньева таксама зранку затрымалі міліцыянты пры выхадзе з дому, папярэдзілі, каб ён не выходзіў да 12:00 і адпусьцілі.