Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другога гарадзенца аштрафавалі за «незаконнае пікетаваньне, арганізаванае праз інтэрнэт»


Актывісты АГП Мікалай Салянік і Аляксандар Лаўрэнцьеў, 3 ліпеня
Актывісты АГП Мікалай Салянік і Аляксандар Лаўрэнцьеў, 3 ліпеня

Старшыню горадзенскай арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Саляніка суд Кастрычніцкага раёну Горадні пакараў штрафам у 612,5 беларускага рубля (25 базавых велічыняў)​. Разгляд адміністрацыйнай справы адбыўся 17 жніўня.

63-гадовага Мікалая Саляніка абвінавацілі ў тым, што ён парушыў парадак арганізацыі масавых мерапрыемстваў і не падпарадкоўваўся супрацоўнікам міліцыі і АМАПу (частка 1 артыкула 23.34 і 23.4 КаАП Беларусі). Справу разглядала судзьдзя Тацяна Гергель.

Паводле суду, сярод правапарушэньняў Саляніка — разьмяшчэньне ў Facebook фатаздымка зь ім і калегам па Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандрам Лаўрэнцьевым у «паласатым адзеньні» («у парушэньне парадку аб арганізацыі масавага мерапрыемства … удзельнічаў у пікетаваньні, арганізаваным праз інтэрнэт»), непадпарадкаваньне міліцыі, калі да яго прыйшлі з праверкай па справе зьніклага Максіма Мархалюка, а таксама пры затрыманьні 3 ліпеня.

Сьведкамі па справе выступілі горадзенскія міліцыянты Андрэй Ганчароў, Аляксандар Піцко, Андрэй Пацуй, Аляксандар Мацкевіч, а таксама знаёмыя Саляніка, якія прысутнічалі падчас затрыманьня 3 ліпеня.

Мікалай Салянік і Аляксандар Лаўрэнцьеў плянавалі выйсьці на вуліцу на Дзень Незалежнасьці ў турэмных робах. Салянік сымбалічна накінуў Лаўрэнцьеву пятлю на шыю і заклеіў яму рот скотчам. Аднак як толькі яны выйшлі з пад’езда, іх затрымалі невядомыя ў цывільным. Як пазьней высьветлілася, гэта былі супрацоўнікі АМАП.

У Саляніка хворае сэрца. Зь міліцыі ён трапіў у шпіталь, суд над ім адбыўся пазьней, чым над калегам.

7 жніўня суд пакараў Лаўрэнцьева за непадпарадкаваньне міліцыі і парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў штрафам у 490 рублёў (20 базавых велічынь). Ён ня здолеў абскардзіць рашэньне суду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG