«Я далеко отстал от Владимира Ильича
и Иосифа Виссарионовича.
Мне до них еще топать и топать».
А. Лукашэнка
Андрэй Клімаў выказаў у фэйсбуку думку, што да Лукашэнкі на 25-м годзе прэзыдэнцтва пры ўсёй ягонай прагнасьці ўлады дайшло, што цягнуць вось гэта ўсё ён, па вялікім рахунку, ня можа і ня ведае як. Пруха сканчаецца, як сказалі б украінцы.
То бок, улада ў Беларусі, якая 25 гадоў таму «валялася пад нагамі» ©, пасьля ўсе гэтыя чвэрць стагодзьдзя рабіла выгляд, што яе нехта «падняў» ©, насамрэч заставалася і застаецца тамсама, пад нагамі. Розьніца толькі ў тым, што за ўвесь гэты час былі разбураныя інстытуты гэтай самай улады, сьцёртыя ў нішто асобы рэальных палітыкаў, а замест іх (інстытутаў і палітыкаў) ускормленыя арміі безаблічнага і бязвольнага чынавенства і такіх самых сілавікоў з тым, каб на месцы інстытутаў улады і палітыкаў утрымліваць толькі адно імя — Лукашэнкі.
Праверыць думку апальнага бізнэсоўца даволі проста. Доўгія пошукі «дзяржаўнае ідэалёгіі», якога-небудзь «новага камунізму», так ні да чаго і не прывялі. Дакладней, прывялі да суцэльнага аксюмарану, таго самага «праваслаўнага атэізму», гарачага сьнегу. Апошні прыклад — «Кастрычніцкая рэвалюцыя — гэта сьвята міру і правоў чалавека», — заяўляе прэзыдэнт, а ў гэты самы момант мянты скручваюць у Горадні чалавека, які выйшаў з галоўным лёзунгам той рэвалюцыі: «Долой самодержавие!»
Для ідэалёгіі аксюмаран ня больш чым кур’ёз. Калі ў народа каша ў галаве, такім народам кіраваць проста, але каша — не пасланьне, не пастулят, не кіраўніцтва да думаньня і дзеяньня.
Калісьці мой калега ў «Гомельскай праўдзе», які ў сельгасаддзеле гнаў радкі пра надоі і прывагі, падлічыў, што за гады працы напісаў больш, чым Ленін у сваіх 55 тамах. У тыя часы Ленін быў вяршыняй усяго і ўся. Хадзіў такі анэкдот. «Васіль Іванавіч, а ты бутэльку гарэлкі вып’еш?» — пытаецца Пецька ў Чапаева. «Вып’ю», — адказвае камандзір. «Васіль Іванавіч, а дзьве бутэлькі вып’еш?» — «Вып’ю». — «Васіль Іванавіч, а вядро вып’еш?» — «Не, Пецька, вядро толькі Ўладзімір Ільіч можа».
Калі сабраць у адно ўсе выступы Лукашэнкі на Ўсебеларускіх сходах, «откровенные разговоры», інтэрвію і гадавыя справаздачы — то бок, нібыта рэальнае адлюстраваньне палітыкі ў Беларусі за гэтыя 25 гадоў — думаю, атрымалася б ня менш, чым у Леніна. Гэта значыць, прынамсі фармальна, ёсьць што вывучаць, цытаваць і чым кіравацца — як у савецкі час усе і ва ўсіх справах вывучалі, цытавалі і кіраваліся Леніным. Фармальна Лукашэнка — як адзіны палітык і інстытут улады — і мусіць быць увасабленьнем дзяржаўнай ідэалёгіі, такім, як у СССР быў Ленін.
Але нічога гэтага няма. Ні дзяржаўныя выдавецтвы, ні Акадэмія навук, ні дзяржаўны Саюз пісьменьнікаў пры ўсім іх падхалімажы ня здолелі сабраць у кніжку якія-небудзь «Статьи и речи» першага і адзінага прэзыдэнта, якія сталі б пуцяводнай зоркай для сыстэмы ідэалёгіі і адукацыі. Чаму? Бо немагчыма. Бо аксюмаран у такой справе — як шызафрэнія, расколатая сьвядомасьць, якая нічога адназначна не сьцьвярджае, «мастацтва дзеля мастацтва».
Усё, што можна знайсьці ў кнігарнях, гэта «Народны тэлевізар» Уладзімера Падгола — зборнік кур’ёзных цытат Лукашэнкі — і кнігу «Великие шутят. Собрались Путин, Медведев и Лукашенко. Перлы политиков».
Трэба думаць, што якраз разбурэньне любых праяваў якой-кольвек ідэалёгіі шляхам стварэньня суцэльнай эклектыкі пры адзінай выразнай лініі — ляяльнасьці да прэзыдэнта — стварыла тую фантомную дзяржаўную сыстэму, якая ня можа ні разьвівацца, ні, напрыклад, слабнуць, бо яе як такой няма. Адзінае, на чым гэта ўсё, як ні дзіўна, стаіць ужо дваццаць пяць гадоў — тое, што Лукашэнка называе «яйцамі» палітыка. Трэба разумець, гэта тое самае, што ленінскае вядро гарэлкі ў разуменьні Васіля Іванавіча. Але для палітычнага доўгажыхарства адных «яец» недастаткова, і рана ці позна гэта пачынае разумець сам іх уладальнік. Вядро гарэлкі ўжо не падняць, а ўмоўных 55 тамоў няма і ня будзе ніколі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.