Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Лукашэнку Кастрычніцкая рэвалюцыя


Калі праводзіць чыста лінгвістычныя назіраньні за лексыкай першага прэзыдэнта Беларусі, то такая лексэма, як «рэвалюцыя» ўзьнікае ў ягонай простай мове даволі часта. Як правіла, яна выкарыстоўваецца падчас чарговага «ператрахіваньня», у межах якога навесьці парадак можна выключна імем гэтай лёсавызначальнай гістарычнай падзеі.

Такім чынам, у звычайнай сытуацыі пад «рэвалюцыяй» маецца на ўвеце стыхійнае, гвалтоўнае дзеяньне, якое павінна перайначыць наяўны стан рэчаў. Мусіць адбыцца мікрапаўстаньне, мэтай якога зьяўляецца сьветлая будучыня асобна ўзятага «масласырзаводу», «фанернага цэху» — памагай вам гугл, калі шукаеце дакладную прывязку.

Пры ўсім гэтым, шукаючы выказваньні зь лексэмай «рэформы» (якія ў прынцыпе таксама «рэвалюцыі», адно што без хвараблівага працяканьня), скрозь натыркаесься на нэгатыўныя канатацыі. Рэформаў быць не павінна, мы іх праводзіць ня будзем, для рэформаў час не прыйшоў, мы ня можам так рызыкаваць і г.д.

Каб зразумець, чаму рэвалюцыя значна мілейшая сэрцу ППРБ, чым рэформы, доўга чухаць патыліцу ня трэба. Гэта наўпроставая адсылка да Кастрычніцкай рэвалюцыі, пра якую нядаўна зноў зайшла гаворка. Цытаваць праслаўленае тэлеграфнае агенцтва зь нядаўніх часоў ня надта хочацца, але ўсё гэта можна прачытаць на «Нашай Ніве».

Выходны кастрычніцкі дзень па-ранейшаму застаецца для пяціразова абранага сапраўдным сьвятам. Недатыкальным. Амаль рэлігійным у сваёй сьвятасьці.

Пры ўсім тым краінай ці, канец канцоў, парлямэнтамі чамусьці не кіруе камуністычная партыя, што ў дадзеных умовах было б лягічным.

Не ўзьнікаюць у лукашэнкаўскіх прамовах імёны Сталіна, Рузвэльта, цьху, Хрушчова, Брэжнева і іншых верных ленінцаў, выбітных дзеячоў КПСС і міжнароднага камуністычнага руху, нястомных барацьбітоў за справу міру ва ўсім сьвеце.

Відавочна, разгадка прыхільнасьці Лукашэнкі да перавароту 1917 году хаваецца ў іншым. Яна — у той самай першай ягонай праграме і піяр-стратэгіі 1994 году, вернасьці свайму паходжаньню, у адчуваньні сябе абраным Neo — выразьнікам народных дум ад сахі і касы.

Цень ад гэтай касы застаецца нязьменным ужо амаль чвэрць стагодзьдзя, трансьлюючыся на тэлеэкраны завершаным каляндарна-земляробчым цыклем, якому падапарадкоўвае жыцьцё першы прэзыдэнт ад народу, ад самых глыбінь ягоных і найніжэйшых слаёў.

Пальцам пханая каўбаска, бульбачка, чарачка, шкварачка, пасяўная, дажынкі, родная хата, «такая, як ёсьць» і прэзыдэнт з касой — неадменныя атрыбуты тутэйшага ляндшафту.

І менавіта да ўсталяваньня гэтага ладу й апэлявала, нібыта, рэвалюцыя 1917 году. Да ўлады прыйшлі народныя масы рабочых і сялян у асобе Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Масы са знакам якасьці, у адрозьненьне ад нейкіх вашывых інтэлігэнтаў. Дужыя мужыкі і «кроў з малаком» жанчыны, якія ў адзіным парыве выказваюцца «ЗА» свайго прадстаўніка і гатовыя да бясконцасьці прызнавацца ў шчырай чыноўняй, цьху, сыноўняй любові.

Вось толькі мікрафон ім лепш не даваць. Ці мала што наплявузгаюць. Пачнецца тут…

Дастаткова й аднаго маналёгу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG