Калектыў кампаніі незадаволены палітыкай кіраўніцтва ў пытаньнях аб сэксуальных дамаганьнях і паводзінах на працоўным месцы. Сотні супрацоўнікаў кампаніі па ўсім сьвеце ў чацьвер пакідаюць працоўныя месцы на знак пратэсту.
Сотні супрацоўнікаў кампаніі Google у Азіі ў чацьвер ненадоўга пакінулі працоўныя месцы ў рамках сусьветнай акцыі пратэсту супраць палітыкі кампаніі адносна сэксуальных дамаганьняў і культуры паводзінаў на працоўным месцы.
Як чакаецца, акцыі пратэсту ў чацьвер пройдуць і ў дзясятках іншых офісах кампаніі па ўсім сьвеце. У іх возьмуць удзел сотні супрацоўнікаў Google, пераважна жанчыны.
Пратэсты сталі чарговай прыкметай незадаволенасьці супрацоўнікаў, якая ўзмацнілася на мінулым тыдні пасьля таго, як газэта New York Times паведаміла, што інтэрнэт-гігант выплаціў мільёны даляраў у якасьці кампэнсацыі мужчынам, што займалі кіраўнічыя пасады ў кампаніі і абвінавачваліся у сэксуальных дамаганьнях, пры гэтым не выдаючы інфармацыю аб іх непрыстойных паводзінах.
Так, паводле дадзеных газэты, у 2014 годзе Google выплаціла 90 мільёнаў даляраў Эндзі Рубіну, які на той момант займаў пасаду старэйшага віцэ-прэзыдэнта, пасьля таго, як яго абвінавацілі ў сэксуальных дамаганьнях. У артыкуле, які кампанія ня стала аспрэчваць, Рубін абверг вылучаныя абвінавачаньні.
Матэрыял актывізаваў рух супрацоўнікаў кампаніі за паляпшэньне становішча жанчын і меншасьцяў і павышэньне расавай разнастайнасьці. Раней сёлета ўдзельнікі руху падавалі пэтыцыі, праводзілі сустрэчы з кіраўніцтвам і арганізоўвалі трэнінгі ў пытаньні абароны правоў працоўных.
У сераду ўвечары арганізатары запатрабавалі, каб карпарацыя Alphabet, у склад якой уваходзіць Google, уключыла ў Раду дырэктараў прадстаўніка ад супрацоўнікаў, а таксама распаўсюджвала інфармацыю аб кампэнсацыйных выплатах унутры кампаніі. Супрацоўнікі таксама просяць перагледзець палітыку аддзелу кадраў, каб зрабіць працэс разгляду скаргаў на дамаганьні больш аб’ектыўным.
Кіраўнік Google Сундар Пічай заявіў, што «супрацоўнікі вылучылі шэраг канструктыўных ідэяў», якія кампанія «ўвасобіць у жыцьцё».