Гэта дазваляе беларускі закон «Аб СМІ», сьцьвярджае дырэктарка БелТА. Пра закон «Аб аўтарскім праве» яна цяпер ня згадвае.
Ірына Акуловіч, генэральная дырэктарка дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА, адказала на зварот на сайце Petitions.by аб выкарыстаньні на сайце фота, якія належаць іншым выданьням, без дазволу і аплаты. Гэта ўжо другая спроба адказаць на пытаньне — першы адказ аўтар пэтыцыі палічыў недатычным справы.
У рубрыцы «Калейдаскоп» на сайце БелТА мноства фатаздымкаў, якія ніяк не падпісаныя. Калі зрабіць пошук праз Google, высьвятляецца, што большасьць зь іх належаць замежным агенцтвам, — пераважна брытанскай Getty Images, але таксама амэрыканскай Associated Press, брытанскай Press Association і шэрагу іншых. Праваўладальнікі фота расказвалі Свабодзе, што БелТА ня мае дамоваў на выкарыстаньне іхных матэрыялаў — а тыя матэрыялы не бясплатныя.
Акуловіч у цяперашнім адказе на пэтыцыю спасылаецца на закон «Аб сродках масавай інфармацыі», які ў пункце 2 артыкулу 17 абавязвае даваць спасылку на крыніцу інфармацыі, калі нейкае СМІ распаўсюджвае матэрыялы, раней распаўсюджаныя іншымі СМІ (гэта сапраўды так). Акуловіч сьцьвярджае, што ў тэкстах пад фота называліся выданьні, якія публікавалі здымкі.
Праўда, пункт закону не дазваляе выкарыстоўваць фота, калі ёсьць спасылка на крыніцу, а наадварот: патрабуе спасылкі, калі выкарыстоўваецца фота.
Выкарыстаньне ж фатаздымкаў рэгулюецца іншым законам — «Аб аўтарскім праве», бо фота, як і карціны, песьні, фільмы або літаратурныя творы, — гэта аб’ект аўтарскага права. І ў гэтым законе няма пунктаў, якія спынялі б дзеяньне аўтарскага права пры разьмяшчэньні спасылкі на аўтара.
У папярэднім адказе Акуловіч спасылалася якраз на гэты закон, але на іншы пункт: па абарону аўтарскага права можа зьвярнуцца толькі аўтар або праваўладальнік. А ўладальнікі фота, выкарыстаных БелТА, пакуль не заяўлялі прэтэнзіяў публічна.
Зусім ніякія фота нельга браць у іншых?
Тое, што фота зрабіў нехта іншы, яшчэ ня значыць, што яго зусім нельга выкарыстоўваць. Усё залежыць ад таго, якія ўмовы выстаўляе аўтар.
Напрыклад, Радыё Свабода вітае выкарыстаньне сваіх тэкставых матэрыялаў са спасылкай на крыніцу гэтых матэрыялаў, але патрабуе прасіць дазволу на выкарыстаньне аўдыё, фота і відэа іншымі СМІ.
БелТА таксама дазваляе выкарыстоўваць свае тэкставыя матэрыялы са спасылкай на крыніцу, але не ўдакладняе, што дазвол на выкарыстаньне фота і відэа трэба прасіць загадзя — патрабуе толькі гіпэрспасылкі на крыніцу пад скарыстаным матэрыялам.
Таксама ставіць спасылку на крыніцу матэрыялаў патрабуе блогер Антон Матолька. Але калі БТ скарыстала ягонае фота паўночнага зьзяньня, не пазначыўшы аўтара, суд пастанавіў, што на ягоных фота была «сацыяльная зьява», таму фота можна было браць у эфір, не пазначыўшы аўтара.
Некаторыя СМІ жорстка забараняюць выкарыстоўваць нават свае тэксты без дазволу, а некаторыя бяруць грошы за доступ да тэкстаў і правы на выкарыстаньне фота і відэа.
Але ёсьць і тыя, хто распаўсюджваюць свае матэрыялы бясплатна паводле ліцэнзіяў накшталт Creative Commons. Аўтар можа нават аддаць сваю работу ў грамадзкую спадчыну — такая ліцэнзія па-ангельску завецца Public Domain.
Работы пераходзяць у грамадзкую спадчыну праз пэўны час пасьля публікацыі або сьмерці аўтара, але ў розных краінах умовы гэтага розныя (напрыклад, у Беларусі ў агульным выпадку праз 50 гадоў са сьмерці аўтара або публікацыі твору, у ЗША — праз 95 гадоў з публікацыі або 70 гадоў са сьмерці аўтара).
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.