Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца СК у Камітэце ААН па правах чалавека аб «справе БелТА» — «гэта банальнае хакерства»


Калегі арыштаваных журналістаў Tut.by і БелаПАН прынесьлі ім перадачы ў турму на Акрэсьціна. Менск, 8 жніўня 2018
Калегі арыштаваных журналістаў Tut.by і БелаПАН прынесьлі ім перадачы ў турму на Акрэсьціна. Менск, 8 жніўня 2018

На пасяджэньні Камітэту ААН па правах чалавека 9 кастрычніка чальцы камітэту зьвярнуліся з пытаньнямі да беларускай дэлегацыі, у тым ліку і ў «справе БЕЛТА».

Прадстаўніца Сьледчага камітэту Беларусі, галоўны рэдактар часопісу «Папярэдняе расьсьледаваньне» Галіна Суздалева заявіла, што «справа БЕЛТА» «сапраўды існуе».

«Сьледчы камітэт праводзіць расьсьледаваньне па факце несанкцыянаванага доступу да матэрыялаў платнай падпіскі Беларускага тэлеграфнага агенцтва. У рамках расьсьледаваньня былі выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да падпіскі БЕЛТА бязь ведама і згоды агенцтва — без ажыцьцяўленьня платы за падпіску, без заключэньня дамоваў», — паведаміла прадстаўніца Сьледчага камітэту.

Яна патлумачыла, што матэрыялы, апублікаваныя на платнай падпісцы БЕЛТА, «не знаходзіліся ў адкрытым доступе», і там публікаваліся навіны, якія зьяўляліся «раней, чым на афіцыйным сайце».

«Фізычныя асобы прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці не за палітычныя погляды. За банальнае хакерства», — заявіла Галіна Суздалева. Пра гэта паведамляе TUT. BY.

Яна таксама адзначыла, што партал TUT. BY меў дамоўныя адносіны з Reuters і ВВС, але службовыя асобы «у той самы час не лічылі патрэбным ініцыяваць заключэньне дамовы зь БЕЛТА».

Прадстаўніца СК яшчэ раз падкрэсьліла, што «справа БЕЛТА» — «гэта банальнае хакерства». Яна таксама адзначыла, што падазраваныя ў «справе БЕЛТА» затрымліваліся згодна з нормамі Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі і мэтодыкамі, якія датычаць расьсьледаваньня злачынстваў у сфэры кампутарнай інфармацыі.

7 жніўня ў офісах кампаній TUT. BY і БелаПАН прайшлі ператрусы і затрыманьні. Былі затрыманыя галоўны рэдактар TUT. BY Марына Золатава, рэдактары парталу Ганна Калтыгіна, Галіна Ўласік і Ганна Ермачонак, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік інфармагенцтва Тацяна Каравянкова, уласны карэспандэнт «Нямецкай хвалі» Павал Быкоўскі і рэдактар інтэрнэт-сайту газэты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў. Усе яны правялі па некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна. 27 жніўня большасьці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Эўразьвяз, Рада Эўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч у інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1» 6 верасьня заявіў: «Злачынства гэтае не ўяўляе вялікай грамадзкай небясьпекі, і, ну напэўна, аб суровых мерах пакараньня ў пэрспэктыве гаворкі быць ня можа. Але тым ня менш факт ёсьць факт, і гэта — прэцэдэнт». Ён таксама адзначыў, што ў «справе БЕЛТА» сьледчыя дзейнічалі ў адпаведнасьці з мэтодыкай.

На сёньняшні дзень у рэдакцыі TUT. BY па «справе БЕЛТА» падазраванымі праходзяць восем чалавек. Абвінавачаньне нікому ня выстаўленае.

25 верасьня рэдактар парталу Дзьмітры Бобрык выступіў з заявай у сваім Facebook. Журналіст паведаміў, што з самага пачатку расьсьледаваньня ў «справе БЕЛТА» на яго рабіўся ціск, яму пагражалі раскрыцьцём дэталяў асабістага жыцьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG