Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Інтэрнэт — складаны і далікатны». Як адрозьніць барацьбу з тэрарызмам ад блякаваньня сайтаў


Заклікам да стварэньня стратэгічнай кааліцыі з удзелам урадаў, грамадзянскай супольнасьці і прыватных арганізацый скончылася 10 кастрычніка ў Менску міжнародная канфэрэнцыя «Прадухіленьне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху».

У выніку двухдзённай дыскусіі 250 экспэртаў з больш як 40 краінаў сьвету сфармулявалі свае прапановы менавіта ў форме закліку. Адмыслоўцы, згодна з рэглямэнтам форуму, ня мелі права прымаць выніковыя дакумэнты кшталту праграмаў дзеяньняў альбо рэзалюцыяў. Але іхнія парады гатовыя разглядаць усе без выключэньня міжнародныя структуры, якія былі прадстаўленыя ў сталіцы Беларусі. Пра гэта заявілі прадстаўнікі ААН, АБСЭ, СНД, АДКБ, ШАС, Эўразьвязу.

Такую гатоўнасьць працаваць разам патлумачыў намесьнік генэральнага сакратара ААН Уладзімір Варанкоў, які падкрэсьліў: «Сёньня самыя небясьпечныя ідэі здольныя перасякаць межы дзякуючы аднаму толькі націску кнопкі».

Менавіта барацьба з тэрарызмам у сэгмэнце онлайн і стала ключавой тэмай дыскусіяў.

Каардынатар дзейнасьці АБСЭ ў пытаньнях супрацьдзеяньня транснацыянальным пагрозам Раса Астраўскайце ў заключным выступе зьвярнула ўвагу на тое, што барацьба з тэрарызмам павінна, безумоўна, весьціся, але з улікам выкананьня заканадаўства. У прыватнасьці, яна сказала, што блякаваньне сайтаў і здыманьне зь іх матэрыялаў не павінны ажыцьцяўляцца без уліку магчымага парушэньня правоў чалавека.

У намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Алега Краўчанкі журналісты запыталіся: наколькі тая праблема, якую ўзьняла спадарыня Астраўскайце, характэрная для Беларусі?

Гэтае пытаньне намесьнік міністра назваў далікатным і сказаў, што «мы зараз зьбяром досьвед найбольш перадавых краін сьвету». Беларускія прадстаўнікі ўдзельнічаюць у шэрагу канфэрэнцый і стараюцца браць усё тое, што ёсьць на дадзены момант лепшае для сябе, — дадаў ён.

Алег Краўчанка
Алег Краўчанка

Падводзячы вынікі форуму, Алег Краўчанка сказаў: галоўнае, што ўсе, хто ў ім удзельнічаў, сышліся на неабходнасьці супольнай працы, нягледзячы на некаторыя тактычныя рознагалосьсі. Ён асабліва падкрэсьліў, што, бадай, упершыню ішла гаворка пра неабходнасьць прыватна-дзяржаўнага саюзу, бо шмат якія прыватныя кампаніі ажыцьцяўляюць доступ да інтэрнэту.

Адказваючы на пытаньне Свабоды, наколькі пэрспэктыўна праводзіць такія форумы і зь якой пэрыядычнасьцю яны могуць адбывацца, Алег Краўчанка адказаў:

«Я не лічу, што ўсё, што праводзіць Беларусь на міжнароднай арэне, патрэбна абавязкова паўтараць. Але не выключаю, што форум па гэтай альбо падобнай тэматыцы можа зноў адбыцца ў Менску».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG