Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Інтэрнэт — гэта зона безадказных паводзінаў». Шуневіч выказаўся пра камэнтары і аўтарызацыю


Ігар Шуневіч, архіўнае фота
Ігар Шуневіч, архіўнае фота

Міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч выступіў 16 верасьня ў перадачы «Галоўны эфір» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» і пракамэнтаваў палажэньне аб абавязковай папярэдняй ідэнтыфікацыі карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў з абноўленага закону «Аб СМІ».

Рэалізаваць такую ідэнтыфікацыю нядаўна прапанавалі праз нумары тэлефонаў, якія ў сваю чаргу прывязаныя да пашпартных зьвестак.

Уступ ад вядоўцаў

Вядоўца перадачы Юлія Пярцова заявіла, што ў інтэрнэце «свабода выказваньня часта блытаецца са свабодай абрáзы», але ўсё ж адзначыла, што некаторыя заяўляюць, што так «нівэлюецца статус інтэрнэту як вольнай зоны выказваньня думак».

Другі вядоўца Іван Эйсмант расказаў, што самі карыстальнікі форумаў, калі іх абражаюць, «тут жа згадваюць пра закон, пераводзячы бескантрольнае словаблудзтва ў прававую плоскасьць», а таксама заявіў, што «праціўнікі ідэнтыфікацыі баяцца і таго, што яна раптам пакажа: многія аўтарытэтныя і актыўныя эканамічныя, вайсковыя і палітычныя форумныя экспэрты яшчэ ходзяць у школу».

Шуневіч супраць «анархіі»

Паводле міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча, «калі няма правілаў, існуе анархія, існуе безуладзьдзе, існуе нейкае прыніжэньне правоў, свабодаў і годнасьці грамадзяніна», а «аўтарызацыя ў інтэрнэце будзе дысцыплінаваць мэдыясупольнасьць і карыстальнікаў інтэрнэту».

«Давайце прызнаемся, што ўсё ж сёньня гэтая сфэра — зона абсалютна безадказных паводзінаў у сэнсе выказваньняў, думак і іншага, абразаў, распаўсюджваньня паклёпу, учыненьня шэрагу злачынстваў, канкрэтных крымінальных злачынстваў, правапарушэньняў адміністрацыйных, — казаў Шуневіч. — Гэта зона безадказнасьці сёньня… практычна. Я з гэтым катэгарычна нязгодны».

Таму, сказаў Шуневіч, ён лічыць «мэтазгодным, правільным, сваечасовым рашэньне пытаньня ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў гэтага працэсу» — гэта, кажа ён, будзе «дысцыплінаваць усіх тых, хто на сёньняшні дзень ня ведае ні правоў, ні межаў, ні нейкіх умоваў, ні маралі, прынцыпаў».

Інтэрнэт супраць Шуневіча

У інтэрнэце ня раз зьбіралі подпісы за адстаўку Шуневіча і заклікалі яго самаго пайсьці ў адстаўку. Так было і пасьля ягонай заявы пра тое, што ахвяра забойства ў Бабруйску «сама вінаватая», бо няправільна сябе паводзіла; і пасьля «гамафобнай заявы» МУС і наданьня Шуневічам ягонаму міністэрству функцыі «аховы маральнасьці»; і пасьля нашэньня ім формы НКВД; і пасьля масавых затрыманьняў удзельнікаў «маршаў недармаедаў»; і пасьля шэрагу гучных выпадкаў зьбіваньня людзей міліцыянтамі.

Шуневіч на крытыку адказваў заявай аб тым, што супраць міліцыі ідзе «інфармацыйная вайна».

Што варта ведаць пра папраўкі ў закон аб СМІ

Палата прадстаўнiкоў 14 чэрвеня прыняла ў другім чытаньні папраўкі ў закон аб сродках масавай інфармацыі. Зьмены набудуць моц з 1 сьнежня.

Дакумэнт утрымлівае шэраг новаўвядзеньняў, у прыватнасьці:

  • пашырэньне пераліку інфармацыі, распаўсюджваньне якой забаронена;
  • абавязковая ідэнтыфікацыя інтэрнэт-карыстальнікаў;
  • абмежаваньне ўдзелу іншаземцаў у беларускай інфапрасторы.

Каго будуць блякаваць і штрафаваць. Мінінфарм патлумачыў абноўлены закон аб СМІ

Кіраўнікі незалежных інтэрнэт-рэсурсаў заяўлялі, што падрыхтаваныя папраўкі ў закон «Аб СМІ» сьведчаць пра жаданьне дзяржавы ўсталяваць больш жорсткі кантроль над мэдыясфэрай.

Прадстаўнікоў мэдыясупольнасьці запрасілі на дапрацоўку зьменаў у закон аб СМІ, але на канчатковы варыянт законапраекту гэта не паўплывала.

Большасьць прапаноў, якія ўносілі праваабаронцы, у законе не былі зафіксаваныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG