Абараніць інтэлектуальную ўласнасьць у Беларусі можна толькі ў Вярхоўным судзе і за вялікія грошы. Міліцыя лянуецца вывучаць аўтарскае права. Журналісты штодня бязбожна крадуць фота і тэксты адзін у аднаго.
Сёньня адзначаецца сусьветны дзень абароны аўтарскага права. Як яно абараняецца ў Беларусі, Свабодзе распавяла адвакатка і выкладчыца Марыя Колесава-Гудзіліна.
Пра элемэнтарную культуру
Мне вельмі шкада, што большасьць журналістаў і ў дзяржаўных, і ў незалежных мэдыях ня ўмеюць правільна пазычаць тэксты і фатаграфіі. Я думаю, прыйшоў той час пры прыёме на працу журналіста, фатографа і рэдактара, трэба праводзіць навучаньне па аўтарскім праве.
Гэта вельмі сумна і непрыгожа. Калі вы зойдзеце на любы сайт, New York Times ці яшчэ якісьці, вы ня знойдзеце непадпісаных фотаздымкаў.
Маё пажаданьне для той жа Беларускай асацыяцыі журналістаў, каб праводзілі майстар-клясы па аўтарскім праве. Трэба вучыць і нагадваць журналістам, што гэта важна. Гэта элемэнтарная культура.
Цяпер я бы хацела, каб асабліва тыя, хто заклікае да прававой дэмакратычнай дзяржавы, пачалі нарэшце выконваць аўтарскія правы. Трэба пачаць зь сябе найперш.
Пра журналістаў, якія ня хочуць нічога рабіць
Так, журналісты часьцей за ўсё парушаюць аўтарскія правы.
Ёсьць правілы свабоднага выкарыстаньня тэкстаў і фота ў інтэрнэце. Яны ўказаныя ў Законе «Аб аўтарскім праве». Калі ты бярэш хаця бы часткова чужы тэкст, ты павінен пазначыць аўтара, і крыніцу. І каб гэта было бачна. Нават калі ты бярэш хоць пару слоў, гэта ўжо цытаваньне.
Я скажу, што ўсе сайты без выключэньня, не магу ні адзін прывесьці ў прыклад, хто бы не парушаў закону. Крадуць пастаянна.
Беларускі гурт дамогся выдаленьня з Youtube фільму пра «Белы легіён»
Але справа ня толькі ў законе. Гэта элемэнтарная павага. Бяруць фатаграфіі і не падпісваюць усе вядомыя сайты. Бяруць фота зь мясцовага сайту. І трэба вельмі пастарацца, каб фота падпісалі.
Я ня ведаю, чаму ў нас крадуць. Напэўна, таму што ня хочуць нічога рабіць.
Вось Вярхоўны суд Расеі прыняў рашэньне наконт Варламава. Выкарыстоўваць можна, але ты павінен цытаваць — пазначаць аўтара. Асноўная мая прэтэнзія ў тым самым: выкарыстоўвайце вы ў сваіх навінах, паказвайце сацыяльныя зьявы, але пры гэтым падпісвайце.
Вось некаторыя кажуць, што трэба было хутчэй, бо гэта навіна. А што здарыцца, калі ты пра гэта праз пяць хвілін напішаш? Ужо ня будзе навіной?
Пра законы
Заканадаўства не залежыць ад таго, ці ёсьць крадзеж інтэлектуальнай уласнасьці, ці няма. У параўнаньні з нашымі суседзям, ці адстаём мы? Хутчэй, не. У нас распрацавана спэцыялізаванае заканадаўства.
Twix і Snickers пакрыўдзіліся на беларускі «Твікерс»
Але пытаньне, я лічу, у іншым. Ня столькі ў тым, што ў нас законы недасканалыя. Я бы казала пра элемэнтарную культуру. Насамрэч, большая праблема ў тым, што мы самі не выконваем законы.
Пра АБЭП у кавярнях
З пункту гледжаньня прававой культуры ў Беларусі, абаронай аўтарскіх правоў сталі часьцей займайцца. Праўда, гэта не судовыя спрэчкі. Звычайна пытаньні вырашаюць на дасудовым рэгуляваньні. Да 97% усіх спрэчак так вырашаецца.
Што крадуць? У асноўным фатаграфію. Яе прасьцей заўважыць, што скралі. Бо з тэкстам трошкі цяжэй. Тэксты перапрацоўваюцца, іх цытуюць неяк. З тэкстамі рэдка хто зьвяртаецца.
У Жодзіна сёлета прыйшлі супрацоўнікі АБЭП у кавярню, бо там незаконна грала нейкая музыка. Таму што калі кавярня хоча трансьляваць нейкую музыку, за гэта трэба аплаціць мінімальныя ўзнагароды. Але прасачыць за выкананьнем аўтарскіх правоў цяжка. Звычайна, ніхто не клапоціцца пра гэта да першай праверкі і першага штрафу.
Новага «падатку на балванкі» ў Беларусі ня будзе — будзе рэалізацыя закону 20-гадовай даўнасьці
Я бы не сказала, што такіх праверак мала. Але каб арганізаваць рэйд, трэба некалькі супрацоўнікаў, шмат дакумэнтаў скласьці. Фізычна адсачыць усё нерэальна, але праверкі ўсё адно ладзяць.
Пра лянівую міліцыю
У нас існуе працэдура адміністратыўнай крымінальнай адказнасьці. Але яна не працуе. Скажу, шчыра, толькі таму што прадстаўнікі праваахоўных органаў лянуюцца. Яны ня хочуць вучыцца. Яны не разумеюць нават асноў аўтарскага права.
Многія, перад тым як ісьці ў суд, зьвяртаюцца з заявай у міліцыю аб прыцягненьні парушальніка аўтарскіх правоў да адміністрацыйнай адказнасьці. Супрацоўнікі міліцыі мусіць у такім выпадку правесьці праверку.
Сяргей Будкін і Tuzin.fm выплацяць кампазытару Моўчану 14,5 мільёнаў кампэнсацыі за «Малітву»
Як праходзіць праверка? Па некаторых адміністрацыйных справах мне даводзілася па тры разы езьдзіць у міліцыю і тлумачыць ім, што трэба рабіць. Яны ў большасьці не разумеюць, у чым адрозьненьне маёмасных правоў ад немаёмасных.
Пра дарагі суд
У нас толькі Вярхоўны суд разглядае справы па інтэлектуальнай уласнасьці. Чаму? Добрае пытаньне. Насамрэч, там разглядаецца ня так шмат спраў. Таму зьвяртацца ў Вярхоўны Суд — дорага. Трэба заплаціць вялізную пошліну толькі за зварот. І ня ўсе туды ідуць. Каб гэта быў гарадзкі ці абласны суд, пошліна была бы меншай і доступ прасьцейшы.
Пра моду на аўтарскія правы
Сёньня была атэстацыя асьпірантаў у БДУ. І ведаеце, шмат асьпірантаў пішуць дысэртацыі на тэму інтэлектуальнай уласнасьці. Вядуць дасьледаваньні ў гэтай галіне. Гэта пачынае выклікаць інтарэс.
Хто аўтар герба «Пагоня»?
Пра Матольку, у якога яшчэ ўсё наперадзе
Спрэчкі наконт аўтарскага права — дарагія. Патрэбная падтрымка і энтузіязм аўтараў. І вялікае жаданьне дамагчыся выніку. Можна трапіць на выдаткі, як Антон Матолькі ў спрэчцы зь дзяржаўным тэлебачаньне. Але там яшчэ ня ўсё скончана. Усё наперадзе.
Так, Вярхоўны суд адмовіў. Касацыйнае абскарджаньне зрабіць ужо нельга, але ёсьць надзорнае. Цягам трох гадоў. Ці будзе ён зьвяртацца. А раптам?
«Красьці фота можна легальна»: Вярхоўны суд не задаволіў пазоў блогера Матолькі да БТ
Пра ліцэнзійны Windows
У некаторых унівэрсытэтах, я ведаю, купляюць ліцэнзійныя праграмы. Але гэта вельмі дорага. Некаторым прасьцей працаваць на сваіх кампутарах і карыстацца пірацкую ліцэнзію.
Калі вы мяне спытаеце, то так у мяне ліцэнзійны Windows.