Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У лонг-ліст «Оскара» афіцыйна ўключылі беларускі фільм «Крышталь»


Прэм’ера фільму «Крышталь» у Менску, 29 жніўня 2018 году
Прэм’ера фільму «Крышталь» у Менску, 29 жніўня 2018 году

Стужка Дар’і Жук пра спробу зьехаць зь Беларусі 1990-х — адна з 87, якія прэтэндуюць на «Найлепшы фільм на замежнай мове» паводле Амэрыканскай кінаакадэміі.

Краіны-суседзі Беларусі таксама выставілі свае фільмы на «Оскара»: Літва — дакумэнтальны «Цудоўныя няўдачнікі: Іншая плянэта» (Nuostabieji Lūzeriai. Kita planeta), Латвія — дакумэнтальны «Працяг будзе» (Turpinājums), Польшча — рамантычную драму «Халодная вайна» (Zimna wojna), Расея — ваенную драму «Сабібор» (Собибор), Украіна — ваенную трагікамэдыю на падставе дакумэнтальных матэрыялаў «Данбас» (Донбас).

«Оскараў» — прызы Амэрыканскай кінаакадэміі — у 91-ы раздадуць 24 лютага наступнага году. Шорт-ліст — галоўных прэтэндэнтаў на прэмію — маюць назваць 22 студзеня.

Беларускі «оскарскі» камітэт быў створаны ў 2018 годзе. Сёлета «Крышталь» Дар'і Жук стаў першым за два дзясяткі гадоў беларускім фільмам, які вылучылі для намінацыі на амэрыканскую кінапрэмію.

На намінацыю ад Беларусі прэтэндаваў таксама фільм «Сабака руды» пра сабак-«камікадзэ» ў Другую сусьветную вайну ад стваральнікаў кіно «Мы, браты».

Здымкі фільму «Крышталь» беларускай рэжысэркі Дар’і Жук адбываліся ў Беларусі, у вытворчасьці фільму ўдзельнічалі кінакампаніі зь Беларусі, ЗША, Нямеччыны і Расеі. Летась стужка атрымала узнагароду ў сэкцыі Works in Progress на Талінскім міжнародным кінафэстывалі.

Галоўная гераіня фільму «Кршталь» Эвэліна (Вэля) жыве ў Менску, але марыць зьехаць у ЗША, каб працаваць дыджэем. Каб атрымаць візу, ёй даводзіцца паехаць у невялікае мястэчка і прасіць дапамогі ў сям’і Сьцяпана, які нядаўна вярнуўся з войска і ў якога празь некалькі дзён мае адбыцца вясельле. У ланцужку падзеяў сьмешнае зьвязана з сумным і часам брутальным.

Фільм «Крышталь» атрымаў гран-пры кінафэстывалю ў Алматы​, гран-пры Адэскага міжнароднага кінафестывалю, а таксама галоўны прыз конкурсу «Капрадукцыя. Акно ў сьвет» расейскага кінафэстывалю «Акно ў Эўропу», які праходзіў у Выбаргу.

Рэжысэрка Дар’я Жук нарадзілася ў Менску, вучылася і жыве ў ЗША. Скончыла Гарвардзкі і Калюмбійскі ўнівэрсытэты, працавала на канале HBO, зьняла некалькі кароткамэтражных фільмаў. Адзін зь іх, «Сапраўдная амэрыканка», быў адзначаны дыплёмам Менскага міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад» у 2015 годзе.

Сярод кароткамэтражных фільмаў Дар’і Жук — «Тое, што цябе не заб’е», «Зьесьці турыста», «Паветра ўнутры», тэлевізійны пілёт сыткому «Філфак».

***

Летась «Оскара» за найлепшы замежны фільм далі чылійскай «Фантастычнай жанчыне» (Una mujer fantástica), два гады таму — іранскаму «Прадаўцу» (فروشنده), тры гады таму — вугорскаму «Сыну Саула» (Saul fia). Чатыры гады таму статуэтку атрымаў фільм суседзяў Беларусі — польская драма «Іда» (Ida).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG