У менскім кінатэатры «Масква» паказалі прэм’еру фільму «Крышталь» Дар’і Жук, высунуты сёлета ад Беларусі на «Оскар» у катэгорыі «Найлепшы замежны фільм». Свабода даведалася, як кіно пра 1990-я выглядае для тых, хто сьвядомым жыцьцём у той час яшчэ ня жыў.
Пра што фільм
Галоўная гераіня фільму Эвэліна (Вэля) жыве ў Менску, але марыць зьехаць у ЗША працаваць дыджэем. Каб атрымаць візу, яна мусіць паехаць у невялікае мястэчка і прасіць дапамогі ў сям’і Сьцяпана, які нядаўна вярнуўся з войска і ў якога празь некалькі дзён мае адбыцца вясельле. У ланцужку падзеяў сьмешнае зьвязана з сумным і часам брутальным.
Раней Свабода паведамляла, што з пракатнай вэрсіі фільму «Крышталь» у Беларусі выразалі кадры з вулічных дэманстрацый у Менску.
Беларусь вылучыла фільм «Крышталь» на «Оскара». Эксклюзіўнае інтэрвію
«Я ня ведаю, талерантнасьць гэта ці індыфэрэнтнасьць»
Ірына, 21 год, студэнтка МДЛУ, выкладчыца ангельскай мовы
«90-я мне здаваліся пэрыядам разрухі і нявызначанасьці. Пасьля прагляду фільму адчуваньне ад той эпохі крыху зьмянілася. Пасьля развалу СССР з прычыны гэтага хаосу ў людзей быццам становіцца больш свабоды. Людзі разгубленыя, не разумеюць, як жыць далей. Ім больш няма чаго губляць, таму яны робяць што хочуць. Такая палка з двума канцамі: з аднаго боку — свабода, з другога — абмежаваньне.
Гэтая гісторыя магла б адбыцца і цяпер. Вядома, нельга так проста падрабіць даведку, і наўрад ці амбасадзе будзе дастаткова толькі тэлефоннага званка. Але ідэя вырвацца «на свабоду» актуальная і сёньня.
Здаецца, за апошнія некалькі гадоў грамадзтва стала больш лібэральным. Напрыклад, у 2008-м вонкавы выгляд панкаў з іракезамі выклікаў у грамадзтве асуджэньне. Сёньня грамадзтва ў гэтым сэнсе больш талерантнае. Праўда, я ня ведаю, талерантнасьць гэта ці індыфэрэнтнасьць.
«Заўсёды ёсьць тыя, хто хоча свабоды»
Аляксандра, 20 гадоў, студэнтка БДУ
«90-я ў мяне асацыююцца зь нечым яркім і крымінальным. Уяўленьне пра тую эпоху сфармавалася па фільмах. Адгалоскі 90-х, якія паказала нам Дар’я Жук, дагэтуль прасочваюцца ў беларускіх вёсках.
Фільм годны, не расчараваў. Спадабаўся гумар, не пахабны, як у большасьці сучасных камэдый. Мне здаецца, што гэтая гісторыя будзе блізкая нашаму гледачу, а вось ці зразумее ўвесь цымус гэтага фільму замежная аўдыторыя — ня ведаю.
Думаю, гэтая гісторыя магла б адбыцца і сёньня, бо заўсёды ёсьць тыя, хто хоча свабоды, і тыя, хто ўпэўнены, што тут яе няма. Праўда, трапіць у Амэрыку цяпер усё ж прасьцей».
«Калі ўлады пачнуць кантраляваць усё, то не дазволяць нічога»
Вераніка, 20 гадоў, студэнтка БДУ, фатограф
«Я зь Ліды. Жыву ў Менску ўсяго тры гады, таму мне цяжка прасачыць, як мяняўся горад апошнія дзесяцігодзьдзі. Здорава, што ў фільме выкарыстоўвалі архіўныя здымкі. Менск цяпер разьвіваецца даволі хутка, бо людзі ўсё робяць самі, зьяўляецца шмат ініцыятыў і актывістаў. На шчасьце, кантралюецца ня ўсё. Калі ўлады пачнуць кантраляваць усё, то не дазволяць нічога.
Мне спадабаліся здымкі на крыштальным заводзе. Люстры на дрэвах выглядалі вельмі сюрэалістычна, падкрэсьлівалі абсурднасьць сытуацыі.
Быў выдатны момант, калі ў галоўнай гераіні селі батарэйкі ў плэеры і ўключылася кампазыцыя „Песьняроў“. Гэта стварала такі кантраст!
Пра музыку 90-х у мяне былі іншыя ўяўленьні. Я ўяўляла дыскатэкі зусім інакш. Мне здаецца, што тая музыка, якую слухала гераіня, папулярная і цяпер. Магчыма, цяпер гэта зьвязана з модай на 90-я».
«У сучасным Менску лёгка зьняць 90-я»
Вікторыя, 24 гады, сцэнарыстка; Канстанцін, 24 гады, прадусар
«Цікава было заўважаць знаёмыя рэчы накшталт крыштальнай люстры, якая вісіць у маёй бабулі. Рэчы зь дзяцінства на экране даюць той самы эфэкт пазнаваньня, таму карціна падаецца рэалістычнай.
Некаторыя знаходкі рэжысэркі накшталт продажу касмэтыкі ці пінжака, перашываньня лэйблаў успрымаліся: „Сур’ёзна? Няўжо так і было?“
Больш за ўсё зьдзівіла, наколькі лёгка ў сучасным Менску зьняць 90-я. Асабліва не прыйшлося мяняць лякацыі. Хутчэй сумна, што 70% карціны актуальныя і цяпер. У сярэдзіне фільму мы наагул забыліся, што гэта Менск 90-х. Глядзелі так, быццам гісторыя адбываецца ў сучаснай Беларусі, асабліва калі паказалі жыцьцё ў сельскай мясцовасьці».