Стужка «Сабака руды» складзе канкурэнцыю «Крышталю», які расказвае пра спробу эміграваць у ЗША зь Беларусі 1990-х.
Кінапрадусар Сяргей Ждановіч, вядомы працаю над фільмам «Мы, браты» (ён жа «Авэль», ён жа «Код Каіна»), расказаў Tut.by, што ягоны новы фільм «Сабака руды» 2016 году можа быць выстаўлены на прэмію Нацыянальнай кінаакадэміі ЗША («Оскар») замест «Крышталя», пра вылучэньне якога заяўлялі раней.
Рашэньне, які менавіта фільм выставяць на «Оскара» ад Беларусі, «Беларусьфільм» мае прыняць пасьля закрытага прагляду стужкі «Сабака руды», які зладзяць 27 верасьня, кажа Ждановіч.
Расейска-беларуска-амэрыканскі фільм «Сабака руды» здымалі ўкраінскія рэжысэры Ўільям Дэ Віталь, які таксама працаваў над фільмам «Мы, браты», і Аляксандар Басаеў, які раней здымаў некалькі тэлесэрыялаў і расейскі фільм «Патэнт». Галоўную ролю выконвае расейскі актор Міхаіл Жыгалаў (бандыт Судар з сэрыялу «Петровка, 38»).
Ждановіч сьцьвярджае, што «фільм зьняты беларускімі кінэматаграфістамі і прадусарамі, у карціне здымаліся беларускія акторы», а здымкі праходзілі «ў тым ліку на лініі Сталіна».
Паводле зьвестак расейскага «Кинопоиска», бюджэт склаў 1,2 млн даляраў, прэм’ера прайшла ў сьнежні 2016 году.
Стужка «Сабака руды» расказвае пра савецкае падразьдзяленьне службовых сабак, якіх у якасьці «жывых бомбаў» выкарыстоўвалі супраць бранятэхнікі ворагаў: сабакі, абвешаныя выбухоўкай, па камандзе кідаліся пад танкі.
«Крышталь» рэжысэркі Дар’і Жук стаў першым за два дзясяткі гадоў фільмам, які вырашылі намінаваць на «Оскара» ад Беларусі — толькі пасьля гэтага ў краіне стварылі «оскараўскі камітэт», які зарэгістравала амэрыканская кінаакадэмія.