«Крышталь» рэжысэркі Дар'і Жук ужо вылучаны на ўдзел у конкурсе «Оскар» ад Беларусі.
9-ы Кінафэстываль у Адэсе праходзіў з 13 па 21 ліпеня. Гран-пры выдаецца шляхам глядацкага галасаваньня. Пераможца атрымлівае статуэтку «Залаты Дзюк» і 10 000 эўра.
Здымкі адбываліся ў Беларусі, у вытворчасьці фільму ўдзельнічалі кінакампаніі зь Беларусі, ЗША, Нямеччыны і Расеі. Летась стужка атрымала ўзнагароду ў сэкцыі Works in Progress на Талінскім міжнародным кінафэстывалі. Сёлета ўдзельнічала ў кінафэстывалі ў Карлавых Варах.
Галоўная гераіня фільму Эвэліна (Вэля) жыве ў Менску, але марыць зьехаць у ЗША, каб працаваць дыджэем. Каб атрымаць візу, ёй даводзіцца паехаць у невялікае мястэчка і прасіць дапамогі ў сям’і Сьцяпана, які нядаўна вярнуўся з войска і ў якога празь некалькі дзён мае адбыцца вясельле. У ланцужку падзеяў сьмешнае зьвязана з сумным і часам брутальным.
Дар’я Жук нарадзілася ў Менску, вучылася і жыве ў ЗША. Скончыла Гарвардзкі і Калюмбійскі ўнівэрсытэты, працавала на канале HBO, зьняла некалькі кароткамэтражных фільмаў. Адзін зь іх, «Сапраўдная амэрыканка», быў адзначаны дыплёмам Менскага міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад» у 2015 г.