9–10 кастрычніка ўпершыню адбудзецца міжнародная канфэрэнцыя высокага ўзроўню «Прадухіленьне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху». Першым яе прымае Менск. Менавіта таму разам з Арганізацыяй па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) арганізатарам мерапрыемства выступае і Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Хто ўдзельнічае
АБСЭ будзе прадстаўляць генэральны сакратар гэтай арганізацыі, швайцарскі дыплямат Томас Грэмінгер. Яго прызначылі на гэтую пасаду ў ліпені мінулага году. Дарэчы, тады сярод прэтэндэнтаў была і прадстаўніца Беларусі пры АБСЭ Алена Купчына.
Ад Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у імпрэзе ўдзельнічае намесьнік генэральнага сакратара ААН, расейскі дыплямат Уладзімер Варанкоў. Ён стаіць на чале контратэрарыстычнага ўпраўленьня ААН, утворанага ў 2017 годзе.
ААН будзе прадстаўляць таксама дырэктар упраўленьня кантролю над наркотыкамі і папярэджаньня злачынстваў, дыплямат з Расеі Юры Фядотаў.
Ад Беларусі на канфэрэнцыю заяўленыя дзяржсакратар Рады бясьпекі Станіслаў Зась і міністар замежных спраў Уладзімер Макей.
У форуме возьмуць удзел таксама прадстаўнікі краін-удзельніц АБСЭ і краін-партнэраў, бізнэс-супольнасьці і аналітычных структур.
Што будуць абмяркоўваць?
Парадак дня канфэрэнцыі прадугледжвае тры сэсіі. Першая — «Імплемэнтацыя канцэптуальнай базы АБСЭ для барацьбы з тэрарызмам у лічбавую эпоху» — будзе сфакусаваная на прагрэсе і выкліках, зьвязаных з выкананьнем абавязаньняў АБСЭ па барацьбе з тэрарызмам.
Другая сэсія будзе прысьвечаная тэме «Значэньне дзяржаўна-прыватных партнэрстваў у прадухіленьні і барацьбе з тэрарызмам онлайн». Асноўную ўвагу тут аддадуць агляду вынесеных з практыкі ўрокаў і перадавога нацыянальнага досьведу, а таксама вызначэньню магчымых прыярытэтных абласьцей для ўмацаваньня супрацоўніцтва паміж дзяржаўным і прыватным сэктарамі.
Тэма трэцяй сэсіі — «Абарона найважнейшых аб’ектаў інфраструктуры ад тэрарыстычных актаў, якія паходзяць з кібэрпрасторы». Іншыя міжнародныя арганізацыі і структуры змогуць праінфармаваць на ёй АБСЭ пра свае намаганьні ў гэтай справе.
У рамках канфэрэнцыі заплянаванае дадатковае мерапрыемства — «Зьбіраньне, выкарыстаньне і распаўсюджваньне доказаў дзеля крымінальнага перасьледу ў справах аб тэрарызьме». На ім прэзэнтуюць практычнае кіраўніцтва па запытваньні і зьбіраньні электронных доказаў, якое распрацавалі супольна ААН і Міжнародная асацыяцыя пракурораў.
Экспэрт: гэта і справа, і піяр
Палітоляг Андрэй Фёдараў сказаў Свабодзе, што беларускія ўлады, праводзячы гэты форум у Менску, хочуць адным стрэлам забіць двух зайцоў:
«У Беларусі добрыя спэцыялісты ў гэтых галінах. І таму тут ёсьць што паказаць замежнікам. Па-другое, кіраўніцтва Беларусі зацікаўленае ў правядзеньні форуму менавіта на беларускай тэрыторыі. Паколькі менская пляцоўка ў перамоўным працэсе па Ўкраіне ўсё болей губляе сваю значнасьць, то патрэбныя новыя ініцыятывы, якія зноў будуць нагадваць сьвету пра Беларусь».
Палітоляг дадае, што менавіта ў такім ключы трэба разглядаць вялікую міжнародную экспэртную канфэрэнцыю «Менскага дыялёгу», якая адбылася ў траўні, і сустрэчу Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, заплянаваную ў Менску на лістапад.