Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захад абвінавачвае ГРУ. Новыя падрабязнасьці таемных апэрацый вайсковых шпіёнаў Расеі


Плякат "Іх шукае ФБР".
Плякат "Іх шукае ФБР".

ЗША, Нідэрлянды і Канада 4 кастрычніка абвінавацілі расейскую вайсковую выведку ў правядзеньні кібэратакі па ўсім сьвеце.

Міністэрства юстыцыі ЗША паведаміла імёны расейцаў, якім выстаўленае абвінавачаньне. Сьцьвярджаецца, што ўсе яны супрацоўнікі расейскай ваеннай выведкі, раней вядомай як ГРУ.

Гэта Аляксей Маранец, Яўген Серабракоў, Іван Ермакоў, Арцём Малышаў, Дзьмітрый Бадзін, Алег Сотнікаў і Аляксей Мінін.

Чацьвёра зь іх былі ў красавіку сёлета высланыя зь Нідэрляндаў пасьля спробы хакерскай атакі на штаб-кватэру Арганізацыі па забароне хімічнай зброі, пра што было абвешчана 4 кастрычніка.

Трое з тых, супраць каго выстаўленыя абвінавачаньні, раней былі абвінавачаныя спэцыяльным пракурорам Робэртам Мюлерам ў сувязі з умяшаньнем у выбары прэзыдэнта ЗША. Гэта Ермакоў, Малышаў і Бадзін.

Сярод хакерскіх апэрацый, якія ажыцьцяўлялі расейцы, быў згаданы ўзлом базы дадзеных Міжнароднага антыдопінгавага агенцтва, атака на атамную электрастанцыю ў Пэнсыльваніі, а таксама на штаб-кватэру Арганізацыі па забароне хімічнай зброі.

Обвинение против семерых агентов ГРУ
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:21 0:00

Вось як апісваліся абвінавачаныя ў дакладзе:

  • Падчас апісваных падзей Маранец служыў афіцэрам расейскай вайсковай выведкі ў падразьдзяленьні 26151. Ён зьдзяйсьняў паездкі з тэхнічным абсталяваньнем па ўсім сьвеце, каб праводзіць на месцы хакерскія апэрацыі і падтрымліваць бесьперапынны доступ да Wi-Fi-сетак арганізацый і іх супрацоўнікаў, якія атакаваў. У ліпені-верасьні 2016 году мэтай Маранца былі амэрыканскае і міжнароднае антыдопінгавыя агенцтвы і спартыўныя фэдэрацыі ў Рыё-дэ-Жанэйра (Бразылія) і Лязане (Швайцарыя). Маранец узломваў Wi-Fi сеткі, якія выкарыстоўваюцца супрацоўнікамі антыдопінгавых ведамстваў з доступам да сетак USADA (Амэрыканскае антыдопінгавае агенцтва), WADA (Міжнароднае антыдопінгавае агенцтва) і CCES (Канадзкі цэнтар за этыку ў спорце). У красавіку 2018 году Маренец сутыкнуўся з процідзеяньнем, калі ён праводзіў хакерскую апэрацыю супраць Арганізацыі па забароне хімічнай зброі ў Гаазе (Нідэрлянды) і зьбіраўся пасьля атакаваць швейцарскую хімічную лябараторыю Spiez.
  • Серабракоў ў гэты час служыў намесьнікам кіраўніка упраўленьня, далучаным да падразьдзяленьня 26165 і быў яшчэ адным супрацоўнікам, які выяжджаў праводзіць хакерскія апэрацыі ў Рыё-дэ-Жанэйра і Лязану супраць USADA, WADA і CCES. У красавіку 2018 году Серабракоў таксама ўдзельнічаў у апэрацыі супраць Арганізацыі па забароне хімічнай зброі і плянаваў удзельнічаць у апэрацыі супраць Spiez.
  • Ермакоў служыў афіцэрам вайсковай выведкі ў частцы 26165, займаўся тэхнічным і дыстанцыйным зборам інфармацыі аб арганізацыях, супраць якіх плянаваліся атакі, іх супрацоўніках і кампутэрных сетках, адпраўляў фішынгавыя лісты, выкарыстоўваючы падстаўныя дадзеныя і проксі-сэрвэры, каб схаваць сваю асобу і сувязь з ГРУ. Ермакоў аказваў падтрымку здалёк у апэрацыях Маранца і Серабракова. Зь лістапада 2014 па жнівень 2016 Ермакоў і яго саўдзельнікі атакавалі энэргетычную кампанію Westinghouse Electric Corporation ў Пэнсыльваніі, WADA і USADA.
  • Малышаў служыў старэйшым лейтэнантам у падразьдзяленьні 26165, манітараваў працу хакерскай праграмы X-Agent (вядомай таксама як «Chopstick»), укаранёнай у сеткі арганізацый, якія пацярпелі ад кібэратакі, выкарыстоўваў падстаўныя асобы, каб праводзіць збор анлайн-інфармацыі, адпраўляў фішынгавыя лісты. Зь ліпеня да жніўня 2016 году Малышаў удзельнічаў у хакерскай актыўнасьці супраць WADA.
  • Бадзін быў намесьнікам кіраўніка упраўленьня, далучаным да падразьдзяленьня 26165, ён ажыцьцяўляў нагляд над дзейнасьцю супрацоўнікаў часткі, калі яны зьдзяйсьнялі кампутарныя ўварваньні і выкрадалі пэрсанальныя, мэдычныя і іншыя зьвесткі, аказваў дапамогу, у прыватнасьці, пры ўзломе CCES ў верасьні-кастрычніку 2016 году.
  • Сотнікаў зьяўляўся афіцэрам расейскай вайсковай выведкі, аказваў падтрымку ўдзельнікам кібэратакі на Арганізацыю па забароне хімічнай зброі ў Гаазе і плянаванай атакі на Spiez.
  • Мінін таксама зьяўляўся афіцэрам расейскай вайсковай выведкі, аказваў падтрымку Маранцу і Серабракову падчас кібэратакі на Арганізацыю па забароне хімічнай зброі ў Гаазе і плянаванай атакі на Spiez.

Канада заявіла 4 кастрычніка, што пацярпела ад расейскіх кібэратакаў. Гаворка ідзе пра антыдопінгавае агенцтва, якое базуецца ў Манрэалі. Урад Канады лічыць, што за нападамі стаіць ГРУ.

Улады Нідэрляндаў абвясьцілі, што ўдалося сарваць буйную кібэратаку на Арганізацыю па забароне хімічнай зброі. Арганізацыя па забароне хімічнай зброі, у прыватнасьці, займаецца расьсьледаваньнем выпадкаў выкарыстаньня хімічнай зброі ў Сырыі, у тым ліку і сьцьвярджэньняў аб хімічнай атацы ў горадзе Дума 6 красавіка.

Таксама Арганізацыя па забароне хімічнай зброі правярала інфармацыю брытанскіх спэцыялістаў аб атручэньні Сяргея і Юліі Скрыпалёў ў Солсбэры і пацьвердзіла, што выкарыстоўвалася высокатаксычнае рэчыва «Навічок». Спроба атакі, паводле нідэрляндзкага Міністэрства абароны, была ажыцьцёўлена 13 кастрычніка — праз тыдзень пасьля меркаванай хімічнай атакі ў Думе і месяц пасьля замаху на Скрыпалёў. У той самы дзень расейцы былі выдвараныя з краіны.

Чатыры супрацоўнікі ГРУ, якія рыхтавалі атаку, былі высланыя з краіны яшчэ ў сярэдзіне красавіка, аднак гаворка не ідзе аб адзіночным інцыдэнце.

ГРУ вядзе актыўную дзейнасьць на тэрыторыі некалькіх краін, займаецца лічбавай дэзінфармацыяй і сабатажам, і тым самым стварае сур’ёзную пагрозу міжнароднай бясьпецы, заявілі 4 кастрычніка на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікі міністэрства абароны Нідэрляндаў і амбасадар Вялікабрытаніі ў Гаазе Пітэр Ўілсан.

На прэс-канфэрэнцыі былі прадстаўленыя пашпарты высланых у красавіку супрацоўнікаў ГРУ (выдадзеныя на імёны Аляксея Маранца, Яўгена Серабракова, Алега Сотнікава і Аляксея Мініна). Маранец і Серабракоў былі названыя як асноўныя «кібэрапэратары».

Сьцьвярджаецца, што ў аднаго з расейцаў была з сабой квітанцыя на паездку на таксі ад маскоўскай вайсковай часткі, зьвязанай з ГРУ, да аэрапорту Шарамецева.

Паводле інфармацыі брытанскай выведкі, Серабракоў таксама быў уцягнуты ў апэрацыю на тэрыторыі Малайзіі, дзе спрабаваў атрымаць доступ да дадзеных міжнароднага расьсьледаваньня атакі на «Боінг» рэйсу МН17 пад Данецкам.

Удзельнікі прэс-канфэрэнцыі падкрэсьлілі, што публікацыя падрабязных дадзеных аб контрвыведніцкіх апэрацыях не ўваходзіць у звычайную практыку эўрапейскіх спэцслужбаў. Рашэньне надаць агалосцы апэрацыю па выкрыцьці дзейнасьці ГРУ было прынятае ў сувязі з маштабнасьцю праблемы.

ГРУ можа працягваць свае атакі беспакарана толькі ў тым выпадку, калі яго супрацоўнікам ўдасца заставацца ў цені, заявіла міністар абароны Нідэрляндаў Ан Байлевэльд.

ГРУ — агрэсіўная расейская дзяржаўная арганізацыя зь вялікім фінансаваньнем, якая ня толькі працуе аддалена, але апэруе на вуліцах эўрапейскіх гарадоў, сказаў пасол Ўілсан. Ён заклікае праліць сьвятло на актыўнасьць ГРУ за мяжой, максымальна дзяліцца інфармацыяй з саюзьнікамі, супрацоўнічаць, каб абараніць патэнцыйныя ахвяры.

Мэтай апэрацый ГРУ ў нядаўні час сталі падрыў расьсьледаваньня нападу на МН17, расьсьледаваньня прымяненьня допінгу на Алімпійскіх гульнях (супрацоўнікі ГРУ былі заўважаныя таксама ў Лязане) і расьсьледаваньня прымяненьня хімічнай зброі ў Сырыі, было заяўлена на прэсавай канфэрэнцыі.

13 красавіка 2018 гады чатыры супрацоўнікі ГРУ рыхтавалі апаратуру каля будынка Арганізацыі ў справе забароны хімічнай зброі ў Гаазе з мэтай нападу на сеткі арганізацыі. Арандаваны гэтымі супрацоўнікамі аўтамабіль быў перапоўнены апаратурай для хакерскіх нападаў на WiFi-сеткі, апаратура была настроена для нападу на Арганізацыю ў справе забароны хімічнай зброі, аўтамабіль прыпаркаваны насупраць. У момант затрыманьня нідэрляндзкімі спэцслужбамі апаратура была ўключана.

«Падобная кібэратака непрымальная. Разгалошваючы дзейнасьць РФ, мы даем ясны сыгнал: Расея павінна спыніцца!» — заявіла міністар абароны Нідэрляндаў.

Нідэрляндзкі ўрад, а таксама афіцыйны Брусэль (у сумеснай заяве Туска і Магерыні) выказалі надзвычайную занепакоенасьць дзейнасьцю ГРУ на тэрыторыі Каралеўства.

Паводле словаў міністра Байлевэльд, у цяперашні час у краіне перапісваецца дзяржаўная стратэгія кібэрбясьпекі.

Пасьля заканчэньня прэсавай канфэрэнцыі нідэрляндзкія парлямэнтарыі выказаліся ў сацыяльных сетках, што ганарацца працай галяндзкіх службаў бясьпекі і што «надышоў канец наіўнай пары — Расія апэрыруе проста на нашых вуліцах».

У Эўразьвязе абмяркоўваецца магчымасьць прыняцьця новых санкцый з сувязі зь дзейнасьцю ГРУ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG