Карціна мастака Бэнксі з выявай дзяўчынкі з чырвоным балёнікам «самазьнішчылася», калі яе прадалі за 860 000 фунтаў (больш за мільён даляраў ЗША) на аўкцыёне «Сотбіс», паведамляе SkyNews.
Па інфармацыі выданьня, гэта адбылося ў пятніцу ўвечары. Як толькі таргі завяршыліся, палатно прайшло праз убудаваны ў раму «шродэр» — апарат для зьнішчэньня папяровых дакумэнтаў. Прылада запусьцілі дыстанцыйна, сьцьвярджае выданьне.
Графіці «Дзяўчына з балёнікам», трафарэт якой прадавалі на аўкцыёне, лічыцца адной з самых вядомых прац Бэнксі.
Сам мастак дагэтуль не раскрывае сваю асобу. Акрамя абмежаванага кола людзей, ніхто ня ведае, як ён выглядае і якое ягонае сапраўднае імя.