Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч адзначыў патрабавальнасьць ЗША ў дачыненьні да краінаў, якія пазычылі амэрыканскія тэхналёгіі. Менавіта гэта, паводле Мясьніковча, спарадзіла гандлёвыя войны.
Прыярытэтнай для парлямэнту павінна заставацца праца па заканадаўчым забесьпячэньні эфэктыўнай інвэстыцыйнай дзейнасьці, заявіў на адкрыцьці пятай сэсіі старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч паведамляе БелаПАН.
«Наша задача — стварыць камфортнае прававое асяродзьдзе для больш актыўнага прыцягненьня інвэстыцый у эканоміку краіны. Неабходна ўмацоўваць давер інвэстараў: сваіх і замежных», — адзначыў сьпікер верхняй палаты.
На яго думку, парлямэнтары і экспэрты, працуючы з законапраектамі, абавязаны асаблівую ўвагу надаваць інавацыйнай і фінансавай бясьпецы краіны.
«Імпарт, асабліва па зьвязаных крэдытах, неабходна кантраляваць на адпаведнасьць усясьветнаму ўзроўню. Навукова-інавацыйныя, гандлёвыя, фінансавыя і іншыя рызыкі павінны быць сур’ёзна пралічаныя», — сказаў старшыня Савета Рэспублікі.
У якасьці прыкладу ён прывёў ЗША.
«Глядзіце, якія патрабавальныя ЗША ў дачыненьні да краінаў, якія пазычылі амэрыканскія тэхналёгіі. Менавіта гэта шмат у чым спарадзіла гандлёвыя войны», — заявіў Мясьніковіч.