У Менск прыбудзе экспэртная маніторынгавая група Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, каб ацаніць магчымасьць перавесьці для Беларусі чарговыя траншы крэдыту агульным памерам у 400 мільёнаў даляраў.
Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч паведаміў журналістам, што мэта гэтай групы — паглядзець, як беларускія ўлады выкарыстоўваюць папярэднія траншы, і абмеркаваць магчымасьць вылучыць сёмы транш.
Увесь крэдыт Эўразійскага фонду, падкантрольнага Маскве, разьлічаны на агульную суму 2 мільярды даляраў. Беларусь ужо атрымала 5 траншаў. Наконт шостага міністар фінансаў сказаў, што гэтыя грошы могуць прыйсьці неўзабаве:
«Вялікай затрымкі тут не павінна быць, бо ёсьць дамоўленасьць, што рашэньне выдаць 6-ы транш будзе прымацца ў завочным рэжыме. Для гэтага не спатрэбіцца ўсім сябрам рады зьбірацца разам. Я як сябра рады ўжо аддаў свой голас».
Беларусь далучылася да Азіяцкага банку, спадзяецца на крэдыты
Тымчасам Палата прадстаўнікоў ратыфікавала пагадненьне з Азіяцкім банкам інфраструктурных інвэстыцыяў (АБІІ).
З гэтай нагоды Максім Ермаловіч заявіў: да канца году Беларусь пройдзе ўсе працэдуры, каб стаць паўнапраўным чальцом банку.
«Мы падпісаліся на 641 акцыю банку. Агулам яны каштуюць 64,1 мільёна даляраў. Але мы ўносім толькі 20% гэтай сумы, што складае крыху больш за 12 мільёнаў. Прычым мы маем растэрміноўку на 5 гадоў, то бок пералічэньне будзе адбывацца пяцьцю штогадовымі траншамі. Першы транш перавядзём у 2019 годзе», — сказаў міністар.
Міністар Ермаловіч падкрэсьліў: абʼём крэдытных рэсурсаў, на якія Беларусь можа прэтэндаваць у гэтым банку, будзе значна перавышаць абʼём унёску ў банк. Азіяцкі банк інфраструктурных інвэстыцыяў, паводле Ермаловіча, найбольш ахвотна фінансуе праекты ў галінах транспарту, энэргетыкі і дарожнага будаўніцтва.
Азіяцкі банк інфраструктурных інвэстыцыяў створаны ў кастрычніку 2014 году. Цяпер у яго ўваходзяць каля 60 дзяржаваў, падзеленых на тры групы: азіяцкія рэгіянальныя чальцы, нерэгіянальныя чальцы, краіны-кандыдаты. Беларусь у апошняй групе. Найбольш галасоў у банку маюць Кітай, Індыя і Расея. Некаторыя экспэрты разглядаюць АБІІ як канкурэнта МВФ і Ўсясьветнага банку.
Крэдытаў трэба ўсё болей
Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук сказаў Свабодзе, што ў складанай фінансавай сытуацыі для Беларусі 400 мільёнаў даляраў ад Эўразійскага банку (два траншы па 200 мільёнаў) неблагія грошы. Але яны ня выратуюць.
«Да гэтага нашы ўлады хацелі б атрымаць 1 мільярд даляраў ад Расеі праз аблігацыі альбо празь дзяржаўны крэдыт. І ёсьць спадзяваньні атрымаць прыкладана паўмільярда ад кітайцаў. Але налета нам спатрэбіцца ажно 3,7 мільярда абслугоўваць замежны доўг. І мы зноў жа паглыбляем залежнасьць краіны ад замежных крэдытаў. А паколькі цяпер крэдытныя грошы яшчэ і даражэйшыя, то агульная фінансавая сытуацыя ў Беларусі пагаршаецца», — канстатуе экспэрт.
МВФ пачакае
Міністар фінансаў Беларусі сёньня адмовіўся камэнтаваць сытуацыю вакол магчымых крэдытаў Міжнароднага валютнага фонду. Перамовы з МВФ былі прыпыненыя бяз выніку, Беларусь прасіла 3 мільярды даляраў.
Яраслаў Раманчук лічыць, што калі б улады дамовіліся з МВФ аб крэдыце ў памеры 3-3,5 мільярда даляраў пад 2,25% гадавых, то гэта памагло б выправіць сытуацыю.
«МВФ прапанаваў беларускаму боку навесьці парадак у дзяржаўным сэктары эканомікі, зрабіць празрыстым бюджэт яе разьвіцьця, разабрацца з прадпрыемствамі-манапалістамі. А беларускі ўрад пакуль гэтага рабіць ня хоча. І кожны з бакоў пасьля апошніх перамоваў застаўся, як кажуць, пры сваіх. Таму, я думаю, МВФ будзе чакаць, пакуль беларускія ўлады не пагодзяцца на ўмовы фонду», — прагназуе эканаміст Яраслаў Раманчук.