Анаіс Марэн падтрымлівала працяг санкцыяў супраць беларускіх уладаў, была неўязной у Беларусь, яна разумее беларускую мову. Ейную кандыдатуру рэкамэндаваў старшыня Рады па правах чалавека ААН.
Рада па правах чалавека Арганізацыі аб’яднаных нацыяў абрала Анаіс Марэн на пасаду Адмысловага дакладчыка па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на замену Міклашу Харасьці, які быў на пасадзе ад 2012 году.
У размове са Свабодай Анаіс Марэн сказала, што пасьля абраньня дакладчыкам Рады правоў чалавека ААН па Беларусі яшчэ прынамсі месяц яна ўстрымаецца ад інтэрвію і камэнтароў прэсе. Яе мандат пачнецца з 1 лістапада, а цягам кастрычніка яна зьбіраецца праводзіць кансультацыі, у тым ліку зь яе папярэднікам Міклашам Харасьці.
Анаіс Марэн (Anaïs Marin) — францужанка, доктарка паліталёгіі, нарадзілася ў 1977 годзе. Яна вольна размаўляе па-расейску, разумее беларускую мову, чытае па-беларуску.
Аналізавала сярод іншага і сытуацыю ў Беларусі — заклікала Эўропу не да «супрацы з рэжымам» або «дэпалітызацыі» стасункаў зь Беларусьсю, а да пошуку «трэцяга шляху». Лічыла, што беларусы ўжо гатовыя да лібэральных рэформаў, хоць у большасьці «мазгі прамытыя прапагандай». Казала, што ва Ўсходняе партнэрства» Беларусь уключылі памылкова — не разумеючы беларускай палітыкі.
Тым часам Міністэрства замежных справаў лічыць працу, якую мае выконваць Марэн, «абсурдам». Беларусь не прызнае рашэньня аб працягу мандату спэцыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі, заяўляе, што рашэньне прымалі краіны, якія самі маюць «сур’ёзныя праблемы з правамі і свабодамі чалавека».