На фатаздымку 2018 году відаць, як адрозьніваецца недагледжанасьцю ад суседніх кватэра зьніклага апанэнта беларускіх уладаў Юрыя Захаранкі.
Зь менскай кватэры на вуліцы Жукоўскага 9/1 7 траўня 1999 году выйшаў апошні раз з дому лідэр апазыцыі, экс-міністар унутраных спраў Юры Захаранка, лёс якога да гэтай пары невядомы.
Дагэтуль кватэра на Жукоўскага застаецца ва ўласнасьці Юрыя Захаранкі, цяпер ёю не карыстаюцца ягоныя сваякі, яе не прадалі і не здалі ў арэнду.
Па старых вокнах відаць, што кватэра недагледжаная.
Як расказала Свабодзе праваабаронца Раіса Міхайлоўская, якая шмат гадоў апякуецца справамі сям’і Захаранак, кватэра Юрыя Захаранкі стаіць замкнёная з траўня 2000 году, пасьля таго як у Нямеччыну зьехалі жонка экс-міністра Вольга з дочкамі Аленай і Юляй ды ўнукам Кірылам.
З таго часу да сваёй сьмерці ўлетку 2018 году выдаткі на ўтрыманьне кватэры аплочвала са сваёй пэнсіі маці Юрыя Захаранкі Ўльляна Рыгораўна, якая была ў ёй прапісаная, а жыла ў пасёлку Васілевічы ў Гомельскай вобласьці ў сваім доме.
«Ульляна Рыгораўна не магла ані прадаць кватэру, ані здаць яе ў арэнду, бо так і не ўступіла ў правы ўласьніцы кватэры. Гэтаму перашкаджала тое, што беларускія суды з 2003 году адмаўляліся прызнаць Юрыя Захаранку памерлым», — паведаміла Раіса Міхайлоўская.
Паводле яе зьвестак, апошнім разам, у 2016 годзе, суд адмовіў у прызнаньні Юрыя Захаранкі памерлым на той падставе, што яшчэ не завершаная крымінальная справа аб ягоным зьнікненьні. Усе спробы Ўльляны Захаранкі абскардзіць гэтае рашэньне аказаліся марнымі. У 2018 годзе Камітэт правоў чалавека ААН прыняў да разгляду скаргу Ульляны Захаранкі на беларускую дзяржаву за тое, што тая парушае яе правы на абарону ў судзе.
«Не прызнаюць памерлым, бо не завяршылі расьсьледаваньне, а расьсьледаваньне не завяршылі, бо нічога не расьсьледуюць. Вось такое замкнутае кола. І тое, што ўжо 18 гадоў адбываецца з кватэрай Юрыя Захаранкі — абсурд і ганьба, якія яшчэ раз дэманструюць прававое бязьмежжа ў Беларусі», — мяркуе праваабаронца Раіса Міхайлоўская.
Былы міністар першага ўраду часоў Лукашэнкі апазыцыянэр Юры Захаранка раптоўна зьнік у траўні 1999 году, і з таго часу пра ягоны лёс нічога невядома.
Сьледзтва ў справе аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі рэгулярна падаўжаюць, але, як мяркуюць праваабаронцы Алег Воўчак і Раіса Міхайлоўская, улады толькі імітуюць пошукі Юрыя Захаранкі. У апазыцыі лічаць, што ягонае зьнікненьне — справа рук беларускіх «эскадронаў сьмерці», адмысловых групаў спэцвойскаў, якія ў канцы 1990-х гадоў выконвалі загады на фізычнае зьнішчэньне найбольш уплывовых лідэраў апазыцыі.
Сям’я Юрыя Захаранкі на пачатку 2000-х гадоў зьехала ў Нямеччыну. У жніўні 2018 году ў пасёлку Васілевічы Гомельскай вобласьці памерла ягоная маці Ўльляна Рыгораўна Захаранка, якой было 94 гады.