Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмяротныя выракі, арышты апанэнтаў, перасьлед СМІ. Для ААН падрыхтавалі справаздачу пра Беларусь


Ілюстрацыйнае фота. Ператрус у офісе інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. 7 жніўня 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Ператрус у офісе інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. 7 жніўня 2018 году

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заявіла аб праблемах з правамі чалавека ў Беларусі і дала рэкамэндацыі ўладам для паляпшэньня сытуацыі.

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на арганізацыю, справаздача падрыхтаваная для Камітэту ААН у праблемах правоў чалавека напярэдадні разгляду пэрыядычнага дакладу пра выкананьне палажэньняў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Факты парушэньняў

У дакумэнце выкладзеныя асноўныя праблемы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі за 2013-2018 гады, якія выклікаюць заклапочанасьць «Міжнароднай амністыі».

«Цягам гэтага пэрыяду ўлады па-ранейшаму парушалі цэлы шэраг асноўных правоў чалавека, — адзначаюць праваабаронцы. — Нягледзячы на пазытыўныя крокі, якія сьведчаць пра пэўны прагрэс што да адмены сьмяротнага пакараньня, у Беларусі па-ранейшаму выносілі сьмяротныя прысуды. Такім чынам, патрабаваньне Камітэту ў правах чалавека ААН спыніць пакараньні на пэрыяд, цягам якога крымінальныя справы асуджаных на сьмерць знаходзяцца на разглядзе ў судзе, праігнараванае».

Улады Беларусі працягваюць парушаць правы грамадзянаў на свабоду мірных сходаў, аб’яднаньняў і выказваньня думак, а таксама на асабістую недатыкальнасьць. За сакавік-красавік 2017 году затрымалі сотні ўдзельнікаў мірных пратэстаў, у шэрагу выпадкаў з ужываньнем празьмернай сілы з боку міліцыі, падкрэсьліваюць праваабаронцы.

Зьвяртаецца ўвага на стан незалежных СМІ ў Беларусі: большая частка друкаваных выданьняў, радыё- і тэлеканалаў працуюць ва ўмовах непасрэднага кантролю з боку ўраду.

«Шэраг крокаў накіраваны на ўзмацненьне кантролю за СМІ ў інтэрнэце, — гаворыцца ў дакладзе. — Дзейнае заканадаўства дазваляе шырокамаштабнае сачэньне безь якіх-небудзь пацьверджаньняў яго правамернасьці. Адсутнічаюць належнае санкцыянаваньне і нагляд за сачэньнем з боку незалежнага судовага органа. Апошнія папраўкі да закону аб СМІ, якія ўступаюць у сілу 1 сьнежня, пашыраюць паўнамоцтвы ўраду ў кантролі ў інтэрнэце: зьяўляюцца новыя бюракратычныя перашкоды для сайтаў, якія хацелі б зарэгістравацца ў якасьці афіцыйных онлайн-выданьняў», — гаворыцца ў дакумэнце.

Рэкамэндацыі ўладам

«Міжнародная амністыя» рэкамэндуе беларускім уладам зьвярнуць увагу на наступныя праблемы.

  • неадкладна замяніць усе сьмяротныя прысуды турэмным зьняволеньнем і ўвесьці афіцыйны мараторый на прымяненьне сьмяротнага пакараньня;
  • адмовіцца ад практыкі адвольных затрыманьняў асобаў у сувязі зь іх спробамі ажыцьцявіць сваё права на свабоду выказваньняў і мірных сходаў.
  • адмяніць усе палажэньні закону аб СМІ, якія парушаюць міжнародныя абавязаньні Беларусі ў галіне правоў чалавека;
  • спыніць рэпрэсіі ў дачыненьні крытыкаў ураду ды іншых іншадумцаў, закрыць адміністрацыйныя і крымінальныя справы, пачатыя супраць іх;
  • спыніць перасьлед і іншыя рэпрэсіі да мэдыя і асобных журналістаў, адмяніць патрабаваньне аб акрэдытацыі для замежных СМІ.
  • прывесьці заканадаўства, якое рэгулюе правілы правядзеньня тайнага назіраньня, у адпаведнасьць зь міжнароднымі абавязаньнямі Беларусі;
  • выконваць у поўнай меры права на свабоду мірных сходаў, адмяніць строгія абмежавальныя правілы, якія рэгулююць іх правядзеньне;
  • зарэгістраваць палітычныя партыі і арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, якім беспадстаўна адмоўлена ў такой магчымасьці.

Справаздача «Міжнароднай амністыі» пра Беларусь будзе агучаная на чарговай сэсіі Камітэту ААН у праблемах правоў чалавека, якая пачне працу 8 кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG