Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Макрону будзе вельмі цяжка кіраваць краінай, але ня факт, што ён пераможа»


У нядзелю ў Францыі пройдзе другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. Сацыялягічныя дасьледаваньні кажуць пра перамогу лібэрала Эманюэля Макрона. Але яшчэ ніколі ў гісторыі «Нацыянальны фронт» на чале з Марын Лё Пэн ня быў так блізка да перамогі.

«У дэмакратычных выбарах ніколі няма ўпэўненасьці, хто пераможа», — кажа ў інтэрвію Радыё Свабода француская доктарка паліталёгіі Анаіс Марэн. Яна працуе экспэртам па постсавецкай прасторы ў Цэнтры ўсходніх дасьледаваньняў (Варшава), спэцыялізуецца ў беларускай тэматыцы ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў.

Гурневіч: Анаіс, удзельнікі першага туру ў большасьці падтрымалі Макрона. Выглядае, што перамогу ён мае ў кішэні. Другі тур і сапраўды не пакідае ніякай інтрыгі?

Анаіс Марэн
Анаіс Марэн

Марэн: Я лічу, што ў нядзелю могуць быць непрыемныя сюрпрызы. І Брэксіт, і абраньне Трампа паказалі, якой нечаканай можа быць дэмакратыя. Рэч у тым, што ёсьць прынамсі 20% электарату, якія яшчэ ня вызначыліся. Яны ня хочуць Лё Пэн, але не гатовыя галасаваць за Макрона. Гэта датычыць найперш левых, для якіх Макрон — ультралібэрал. У Францыі, калі чалавек не галасуе альбо прагаласуе супраць усіх, гэта ўсё не залічваецца. Праблема ў тым, што электарат Лё Пэн галасаваць пойдзе дакладна, бо ён вельмі дысцыплінаваны. Сярод яе прыхільнікаў яўка будзе 90%. А сярод рэшты гэта можа быць 60–70%. З такой яўкай яшчэ ня факт, што Макрон будзе абраны. Калі на ўчасткі пойдуць ня ўсе, хто абяцаў галасаваць за яго, то Лё Пэн можа быць абраная бальшынёй у 51,24% галасоў. Гэта вельмі магчыма. У панядзелак выхадны, будзе пагода і шмат хто пойдзе, скажам, на рыбу, мяркуючы, што Макрон і так пераможа.

Я не хачу, каб Лё Пэн стала прэзыдэнткаю. Гэта будзе пачатак канца дэмакратыі ў маёй краіне.

Гурневіч: Вы кажаце пра непрыемны сюрпрыз. Але ці ж гэта ня будзе воля народу, вынік дэмакратыі?

Марэн: Я дэмакратка і прыхільніца рэспубліканскіх інстытутаў у Францыі. Я не хачу, каб Лё Пэн стала прэзыдэнткаю. Гэта будзе пачатак канца дэмакратыі ў маёй краіне.

Гурневіч: Лё Пэн зь вялікай пяшчотай выказваецца пра Францыю. Падкрэсьлівае, што ставіць яе інтарэсы вышэй за ўсё.

Марэн: Досыць было паглядзець дэбаты, каб пераканацца, што яна абсалютна не разьбіраецца ў эканоміцы, глябалізацыі і думае, што калі зачыніць межы і выгнаць эмігрантаў ці ўцекачоў, то сытуацыя палепшыцца. Эканоміка так не працуе. Яна папулістка. Мне знаёмы гэты дыскурс. Я ўжо галасавала 20 гадоў таму, калі яе бацька балятаваўся. Гэта была ідэнтычная сытуацыя. Я тады галасавала за Шырака. 80% французаў прагаласавалі за яго, каб абараніць рэспубліку і дэмакратыю. Дакладней, яны галасавалі супраць чалавека, які вельмі ім нагадваў прыход да ўлады ў Нямеччыне Гітлера. Нацысцкая партыі прыйшла тады да ўлады дэмакратычным шляхам.

Гурневіч: Вы кажаце, што яна супраць рэспублікі, дэмакратыі, нават параўноўваеце з Гітлерам. Тым ня менш у яе немалая падтрымка. Вы хочаце сказаць, што і французы супраць рэспублікі і за нацызм?

«Нацыянальнаму фронту» ўдалося пасьпяхова сабраць галасы тых, хто раней галасаваў за камуністаў

Марэн: Французы па сваёй натуры вялікія аматары пратэсту. Яшчэ 20 гадоў таму ў нас камуністычная партыя набірала шмат галасоў малаадукаваных людзей, фэрмэраў, рабочых, якія сапраўды пацярпелі ад Эўразьвязу. І цяпер «Нацыянальнаму фронту» ўдалося пасьпяхова сабраць галасы тых, хто раней галасаваў за камуністаў, незадаволеных. Калі я слухаю прыхільнікаў Лё Пэн, то разумею, што ім вельмі карціць шукаць ворагаў, ахвярных казлоў. Маўляў, будуць межы і ўсё будзе цудоўна. Многім гэта падабаецца. Але Францыя — гэта ня выспа.

Гурневіч: Дональд Трамп таксама шмат што абяцаў. Але пасьля выбараў ён усё ж зьмяніў рыторыку. Магчыма, такая ж тактыка і ў Лё Пэн?

Марэн: Я не хачу пра гэта казаць. Навошта? Каб даць ёй шанец кіраваць маёй краінай? Я да гэтага не гатовая. Францыя мае каштоўнасьці, а яна на гэта плюе. Мы ведаем гэтую партыю 50 гадоў. Трамп быў невядомы як палітык. Людзі былі гатовыя паспрабаваць. А Лё Пэн мы ведаем вельмі добра. Часам «Нацыянальны фронт» робіць свае ідэі больш прычасанымі, але сутнасьці яны не мяняюць. Яе бацька дайшоў да цынізму. Ён сказаў, што нацысцкіх лягераў не было. Гэта проста недапушчальна ў Францыі. Яе выбраньне прывядзе да дэзынтэграцыі многіх інстытутаў і законаў, якія служаць бар’ерам супраць фашызацыі краіны, якія абараняюць каштоўнасьці, за які наш народ змагаўся два стагодзьдзі таму. Многія ў сьвеце глядзяць на Францыю як на прыклад. Лё Пэн будзе канцом такой Францыі.

Гурневіч: Францыя традыцыйна лічыцца русафільскай краінай. Як Макрон і Лё Пэн бачаць Усходнюю Эўропу? Чым іхныя погляды на Беларусь, Украіну і Расею розьняцца? Ці будзе Францыя пераступаць праз наш рэгіён дзеля інтарэсаў з Расеяй?

Пры Макроне Францыя будзе мацнейшая ў Эўразьвязе, а ЭЗ мацнейшым у сьвеце.

Марэн: Калі пераможа Лё Пэн, дык на 100% так будзе. Яна сябруе з Пуцінам і карыстаецца ягонай падтрымкай. Яна даспадобы многім расейцам. Дарэчы, і ў Беларусі я чула прыязныя словы ў адрас Лё Пэн. Цяжка сказаць, якая праграма на гэты конт у Макрона. Гэта чалавек без сур’ёзнага палітычнага мінулага. Ён быў міністрам эканомікі. Якая ў яго замежнапалітычная лінія, нікому не зразумела. Відавочна, што ён моцна праэўрапейскі. Пры ім Францыя будзе мацнейшая ў Эўразьвязе, а ЭЗ мацнейшым у сьвеце. Поглядамі і пазыцыяй ён вельмі блізкі да Ангелы Мэркель. Нягледзячы на тое, што за Макронам стаіць вялікае бізнэс-лобі, якое хацела б адмены санкцыяў супраць Расеі, ён выказваецца за іх захаваньне, пакуль Крым ня будзе вернуты ў склад Украіны. Пры ім палітыка стасоўна Расеі будзе нават больш жорсткай, чым пры Алянду.

Гурневіч: Французка беларускага паходжаньня Віржыні Шыманец назвала сытуацыю, калі даводзіцца галасаваць ня згодна са сваімі перакананьнямі, а толькі за кагосьці, каб не прайшоў іншы, канцом дэмакратыі. Вы ўжо разьвіталіся з дэмакратыяй?

Марэн: Гэта не канец дэмакратыі. Проста такія нашыя інстытуты. Калі рэфармавалі выбарчае заканадаўства, то парлямэнт вырашыў, што графа «супраць усіх» ня лічыцца. Гэта залічваецца ў няяўку. Але ж гэта вельмі розныя рэчы. Лічыць галасы супраць усіх нароўні з галасамі за Макрона і Лё Пэн было б больш дэмакратычна. Але нават калі Макрона выбяруць дзякуючы мабілізацыі супраць Лё Пэн, то яму будзе вельмі складана кіраваць краінай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG